СТАРОНКІ З ГІСТОРЫІ ДЗЯРЖАВЫ І ПРАВА БЕЛАРУСІ (А. М. САРОКІН)


БЕЛАРУСКІ ІНСТЫТУТ ПРАВАЗНАЎСТВА

А. М. САРОКІН

СТАРОНКІ З ГІСТОРЫІ
ДЗЯРЖАВЫ І ПРАВА БЕЛАРУСІ

Мінск 2004

БЕЛАРУСКІ ІНСТЫТУТ ПРАВАЗНАЎСТВА

А. М. САРОКІН

СТАРОНКІ З ГІСТОРЫІ
ДЗЯРЖАВЫ І ПРАВА БЕЛАРУСІ

Вучэбна-метадычны дапаможнік
да кантралюемай самастойнай работы

Мінск
НА ТАА “БІП-С”
2004

УДК [321+340](476)(091)
ББК 63.3 (4 Беи)я73+67.3(4Беи)я73
С 20

Рэкамендавана да выдання рэдакцыйна-выдавецкім саветам БІП

Навуковы рэдактар: С. Ф. Сокал, доктар юрыдычных навук, прафесар

Рэцэнзенты:
Пастухоў М. І., доктар юрыдычных навук, прафесар;
Кадаўбовіч В. А., кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, загадчык кафедры дэяржаўна-прававых дысцыплін Мінскага інстытута кіравання;
Стадуб І. Д., кандыдат гістарычных навук, прафесар;

Сарокін А. М.
Старонкі з гісторыі дзяржавы і права Беларусі: Вучэб.-метад. дапамож. для кантралюемай самастойнай работы / А.М. Сарокін. – Мн.: НА ТАА “БІП-С”, 2004. – 94 с.

ISBN 955-6537-87-8.

Дапаможнік падрыхтаваны ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай па гісторыі дзяржавы і права Беларусі для студэнтаў вышэйшых юрыдычных навучальных устаноў. Мае сваёй мэтай актывізацыю самастойнага засваення студэнтамі курса адпаведнай вучэбнай дысцыпліны. Можа быць карысным для выкладчыкаў тэхнікумаў і вучылішчаў, настаўнікаў школ, ліцэяў, а таксама для ўсіх, хто цікавіцца пытаннямі айчыннай гісторыі.

УДК [321+340](476)(091)
ББК 63.3 (4 Беи)я73+67.3(4Беи)я73

ISBN 955-6537-87-8 © А.М. Сарокін, 2004

УВОДЗІНЫ

Напылили кругом. Накопытили.
И пропали под дьявольский свист…
С.А. Есенин

Вучэбны дапаможнік па курсу “” падрыхтаваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі, прадугледжанымі вучэбнай праграмай дысцыпліны для студэнтаў вышэйшых юрыдычных навучальных устаноў. Як тэарэтыка-гістарычная дысцыпліна ўяўляе сабой важную частку ўсёй сістэмы юрыдычных навук, фарміруе аснову прававой культуры і прававога мыслення студэнтаў. Належнае засваенне гэтай прававой дысцыпліны з’яўляецца неабходным элементам паспяховага авалодання студэнтамі спецыяльнымі юрыдычнымі дысцыплінамі (канстытуцыйным, грамадзянскім, крымінальным, працэсуальным правам і інш.).
Мэта вывучэння гісторыі дзяржавы і права Беларусі – выяўленне заканамернасцей і адметных рыс узнікнення, станаўлення і развіцця на тэрыторыі нашай краіны дзяржавы і права, прычын змены дзяржаўнай формы і элементаў прававой сістэмы, а таксама садзейнічаць фарміраванню ў студэнтаў навуковага светапогляду, павышэнню іх агульнай і прававой культуры.
Прапануемае выданне ўтрымлівае матэрыял па праблемах развіцця дзяржавы і права на тэрыторыі Беларусі ў IX – першай палове ХІІІст., падзелах Рэчы Паспалітай і ўваходжанні Беларусі ў склад Расійскай імперыі, месцы Заходняй Беларусі ў складзе ІІ Рэчы Паспалітай, уз’яднанні Заходняй Беларусі з Беларускай ССР, змены вектару праваадносін, кампетэнцыі і арганізацыі праваахоўных органаў у Беларускай ССР 1950-ых гадоў, якія ў адпаведнасці з вучэбным планам вывучаюцца студэнтамі. Зразумела, з’явы акрэсленага перыяду не могуць не быць вельмі цяжкімі. Фактычна мноства элементаў, якія іх складаюць, і праблем, народжаных імі, самі па сабе вельмі цікавыя і складаныя. Гэта датачыцца, напрыклад, да ўзаемасувязі падзелаў Рэчы Паспалітай з нацыянальна-дзяржаўным пытаннем або ўплыву тэндэнцыі дэмакратызацыі грамадскага жыцця 1950-ых гг. на трансфармацыю прававой сістэмы і статуса нацыянальнай рэспублікі ў саюзнай дзяржаве. Аднак гэта не адбілася на бачанні з’яў у цэлым і, спадзяемся, выяўленні іх ключавых праблем.
Мэта вучэбнага дапаможніка – аказаць дапамогу вывучаючым прадмет паспяхова авалодаць не толькі праграмным матэрыялам, але і развіць навыкі самастойнай працы. З улікам гэтага кожная з прапанаваных тэм пададзена як кантралюемая самастойная работа (КСР). Кожная з іх утрымлівае кароткую анатацыю, тэматычны план, тэкст, спіс асноўнай і дадатковай літаратуры, гласарый, тэставыя заданні і трэнінг з вызначэннем кантрольных пытанняў. Абраная форма выкладання матэрыялу дазваляе выкарыстоўваць яго ў дыстанцыйным навучанні.
Вучэбны дапаможнік можа быць выкарыстаны і пры падрыхтоўцы і правядзенні семінарскіх заняткаў, распрацоўцы адпаведных тэм у курсавых і дыпломных работах, таму што структура зместу кожнай КСР дазваляе зарыентавацца студэнтам у асвятляемых пытаннях і навуковых праблемах гісторыі дзяржавы і права Беларусі. З другога боку, КСР з’яўляюцца толькі падмуркам для далейшай паглыбленай працы студэнтаў над крыніцамі (дакументальнымі і літаратурнымі) і манаграфічнай літаратурай.

ДЗЯРЖАЎНАСЦЬ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ Ў РАННІМ СЯРЭДНЯВЕЧЧЫ (IX – першая палова XIII ст.)

АНАТАЦЫЯ
У тэме выяўлены асноўныя канцэптуальныя падыходы да вызначэння часу ўзнікнення дзяржаўнасці ва ўсходніх славян, характар пераходу апошніх да класавага грамадства на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым разгледжаны характэрныя рысы грамадска-палітычнай сістэмы княжацка-вечавай дзяржаўнасці, у тым ліку сістэмы органаў улады і кіравання.

ТЭМАТЫЧНЫ ПЛАН
1. Канцэптуальныя падыходы да паходжання беларускай дзяржаўнасці
2. Першыя раннефеадальныя дзяржаўныя ўтварэнні на беларускіх землях
3. Грамадска-палітычнае развіццё земляў-княстваў:
• асноўныя рысы грамадскага ладу;
• палітычны лад, сістэма органаў ўлады, іх кампетэнцыя

1. КАНЦЭПТУАЛЬНЫЯ ПАДЫХОДЫ ДА ПАХОДЖАННЯ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАЎНАСЦІ

Бадай, найбольш цяжкім і спрэчным пытаннем у гістарыяграфіі курсу гісторыі Беларусі наогул і гісторыі дзяржавы і права ў прыватнасці з’яўляецца пытанне вызначэння часу ўзнікнення дзяржаўнасці ва ўсходніх славян. Існуе некалькі канцэпцый яе паходжання. Калі вядомы савецкі гісторык права С. В. Юшкоў першыя прыкметы дзяржаўнасці ў славян адзначае пасля VII ст. н. э., а акадэмік Расійскай акадэміі навук (РАН) Б. Д. Грэкаў “значна раней IX ст.”, то акадэмік РАН Б. А. Рыбакоў – намнога раней, недзе на памежжы старой і новай эры (гл.: Юшков С. В. Общественно-политический строй и Киевского государства. М., 1949. С. 39, 44; Греков Б. Д. Киевская Русь. М., 1953. С. 451; Рыбаков Б. А. Киевская Русь и русские княжества XII – XIII вв. М., 1982. С. 30; Толочко П. П. Древняя Русь. Киев, 1987; Фроянов И. Я. Киевская Русь. Очерки социально-политической истории. Л., 1980; Фроянов И. Я. Киевская Русь. Очерки отечественной историографии. Л., 1990). Больш таго, яшчэ ў дасавецкай рускай гісторыка-прававой навуцы існавала думка аб наяўнасці славянскіх дзяржаў у перыяд да нашай эры (Татищев В. Н. История Российская. М., Л., 1962. Т. 1. С. 108; Забелин И. История русской жизни с древнейших времен. Изд. 2-е. М., 1968. Ч. 1. Доисторическое время Руси. С. 459, 363; Дьяконов М. Очерки общественного и государственного строя Древней Руси. Изд. 3-е. СПб., 1910. С. 68–70).
На думку нашага сучасніка і суайчынніка гісторыка-правазнаўца Я. А. Юхо, на тэрыторыі Беларусі дзяржава ўзнікла задоўга да нашай эры. На яе рубяжы ішло станаўленне рабаўладальніцкага і адміранне абшчынна-патрыархальнага ладу. Абодва гэтыя лады працяглы час суіснавалі, дапаўняючы адзін аднаго. Пры гэтым рабаўладальніцкі лад, як і ва ўсёй Усходняй Еўропе, не быў даведзены да яго вышэйшага развіцця (як гэта было ў іншых народаў) і ў Х ст. пад нарастаючым уплывам фарміравання феадальных адносін пачаў занепадаць (Юхо Я. А. Узнікненне дзяржавы і яе сутнасць // Беларускі гістарычны часопіс. 1997. № 3. С. 45; Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Ч. 1. Мн., 2000. С. 73). Аб існаванні рабаўладальніцкай фармацыі (праўда, у параўнанні са старажытнымі цывілізацыямі – нядоўга) на тэрыторыі сучасных усходніх славян, якая закончылася сцвярджэннем феадальнай у ХII – XIII стст., сведчаць таксама даследаванні А. І. П’янкова і В. І. Гарамыкінай (гл.: Горемыкина В. И. Возникновение и развитие первой антагонистической формации в средневековой Европе. Мн., 1982. С. 147, 162 – 163, 167 – 168).
Аб наяўнасці дзяржаў ва ўсходнееўрапейскіх народаў, у тым ліку і тых, што пражывалі на сучаснай тэрыторыі Беларусі яшчэ да нашай эры, сведчаць паведамленні старажытных аўтараў, у прыватнасці грэчаскага гісторыка Герадота. Апошні сведчыў, што ў VI ст. да н. э. у будзінаў (гудзінаў) і неўраў (нарцаў) былі свае цары, якія разам са скіфамі абмяркоўвалі планы вайны з персамі. Акрамя таго, Герадот адзначаў: у “неўраў звычаі скіфскія”, а гэта значыць, што ў неўраў былі такі самы дзяржаўны лад, ваенная арганізацыя, як і ў скіфаў.
Беларускі даследчык Г. В. Штыхаў лічыць, што ў VI – VIII стст. у славян (у тым ліку іх этнічных супольнасцей або княжанняў) на тэрыторыі Беларусі: крывічоў (у вярхоўях Дзвіны і Дняпра), дрыгавічоў (паміж Прыпяццю і Дзвіной); радзімічаў (на Сажы) існавала патрыярхальнае рабства. Да гэтага на сучаснай беларускай тэрыторыі родаплемянное грамадства знаходзілася на стадыі ваеннай дэмакратыі (агульны сход воінаў, савет старэйшын, племянныя правадыры), для якой усё больш тыповым станавіўся пераход да манархічнай формы праўлення.
Апошнім часам беларускія вучоныя, здаецца, пагадзіліся з тым, што пачатак пераходу ўсходніх славян да класавага грамадства на тэрыторыі Беларусі адносіцца да другой паловы 1-га тысячагоддзя нашай эры. На працягу гэтага часу тут устанаўліваюцца шматукладныя сацыяльна-эканамічныя адносіны, развіваецца маёмасная няроўнасць, зараджаецца раннефеадальны ўклад жыцця, які прыкладна ў IX – X стст. становіцца вызначальным. Прычым у пераходны перыяд адначасова існавалі тры грамадскія ўклады: першабытнаабшчынны, рабаўладальніцкі і феадальны. Першы быў аджываючым, другі не атрымаў шырокага распаўсюджання, а трэці ўтварыў базіс для развіцця новай фармацыі (у Расіі і Беларусі – з IX ст. і да аграрнай 1861 г.) Станаўленне феадальных адносін на тэрыторыі Беларусі адбывалася ў IX – XIII стст. Дарэчы, у Заходняй Еўропе феадальны лад праіснаваў з часоў падзення Заходняй Рымскай імперыі (V ст.) да буржуазных рэвалюцый у Англіі (XVII ст.) і Францыі (XVIII ст.).
Як лічыць большасць даследчыкаў апошняга часу, пераходнаму перыяду адпавядае палітычная арганізацыя не ў выглядзе дафеадальнай дзяржавы (“пераддзяржавы” – С. В. Юшкоў), а ў форме палітычных аб’яднанняў – племянных саюзаў, што існавалі і на беларускай зямлі да ІХ ст. Яны ўяўлялі сабой не проста плямёны, як у раннім жалезным веку, а развітыя протанароднасці і адначасова дзяржаўныя ўтварэнні – княствы – або прота-дзяржавы (гл.: Рыбакоў Б. А. Радзімічы // Працы секцыі археалогіі Беларускай акадэміі навук. Т. 3. Мн., 1932; Ранние этапы формирования смоленско-полоцких кривичей. М., 1990; Лысенко П. Ф. Дреговичи. Мн., 1991; Штыхаў Г. В. Крывічы: па матэрыялах раскопак курганоў у паўночнай Беларусі. Мн., 1992). Паводзіны насельніцтва ў гэты перыяд рэгуляваліся звычаёвым правам і правіламі, прадвызначанымі язычніцкай рэлігіяй.
Спосабы і час утварэння ва ўсходніх славян першых княстваў – папярэднікаў усходнеславянскай дзяржавы – Кіеўскай Русі (вядомай і як Старажытнаруская дзяржава), якая існавала з канца IX да пачатку XII ст. уключна, дакладна не вядомы. Разам з тым Кіеўская Русь не магла ўзнікнуць на пустым месцы. Ёсць падставы лічыць: на землях Усходняй Еўропы ўтварэнне раннефеадальных дзяржаў адбывалася ў VIII – X стст. Утварэнне Кіеўскай Русі – завяршальны этап аб’яднання ўжо існуючых княстваў ці дзяржаўна-племянных саюзаў пэўнай тэрытарыяльнай велічыні ў адну дзяржаву. Пісьмовыя крыніцы адлюстроўваюць адносіны гэтых утварэнняў з Ноўгарадам і Кіевам Х ст. Крывіцкі Полацк, палянскі Кіеў і славенскі Ноўгарад – першыя аб’яднальныя цэнтры ўсходнеславянскіх племянных саюзаў. У недатаванай частцы “Аповесці мінулых гадоў” (датаваная пачынаецца з 852 г.) паведамляецца: паляне, драўляне, славене, дрыгавічы і палачане мелі свае племянныя “княжанні” – правобраз першапачатковага дзяржаўнага ўтварэння. Артыкулы другой паловы IX – X ст. згаданага помніка называюць іх племяннымі цэнтрамі – гарадамі. Сярод іх – Полацк, Тураў, якія ўваходзілі (нярэдка не па волі і інтарэсах іх жыхароў) у склад Кіеўскай Русі – федэратыўнай дзяржавы ўсходняга славянства ранняга сярэднявечча. Полацк успамінаецца ў летапісе пад 862 г. Гэта быў цэнтр самастойнай дзяржавы-княства. Пад 980 г. у летапісах называюцца два княствы, што існавалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі: Полацкае і Тураўскае. З другой паловы Х ст. маюцца звесткі аб розных баках жыцця беларускіх зямель – княстваў. У палітыка-прававых адносінах у іх дзейнасці адзначаюцца моманты як залежнасці, так і незалежнасці ад улады Кіева ці Ноўгарада, якія сапернічалі паміж сабой за аб’яднанне ўсходнеславянскіх зямель, як самастойнасці, так і агульнасці з імі. На працягу другой паловы XI – пачатку XII ст. усё Пабужжа і Панямонне таксама стала састаўной часткай Кіеўскай Русі. Для беларускіх зямель гэта быў час далейшага развіцця прадукцыйных сіл, умацавання раннефеадальных княстваў, пашырэння гандлю, развіцця культуры і гарадоў.
Такім чынам, раннефеадальная дзяржаўнасць на Беларусі стваралася ў кантэксце працэсаў, характэрных для ўсёй Еўропы. Хаця ў 30 – 80-ых гг. XX ст. айчынныя грамадазнаўцы адлічвалі гісторыю дзяржавы і права Беларусі з 1919 г. Разнастайныя крыніцы сведчаць: асновы беларускай дзяржаўнасці былі закладзены нашымі продкамі (пераважна ўсходнімі славянамі – крывічамі, дрыгавічамі, радзімічамі і балтамі – літвой, ятвягамі, дайноўцамі) яшчэ да ўтварэння Кіеўскай Русі.
Узнікненне інстытута дзяржавы – вынік распаду першабытнага ладу, пераходу ад радавой да суседскай (сельскай) абшчыны, паступовага выдзялення з агульнай масы творцаў прадстаўнікоў адміністрацыйна-класавай сістэмы, спецыялізацыі і канцэнтрацыі вытворчасці, узнікнення гарадоў, неабходнасці абароны зямель ад знешняга ворага. Пры ўзрастанні ролі ўзброенай часткі насельніцтва з найбольш знатных воінаў фарміравалася прывілеяваная частка грамадства. Сельская абшчына – “мір”, “вервь” засноўвалася на тэрытарыяльных сувязях, складвалася з асобных “сялянскіх” гаспадарак. Для яе было характэрным спалучэнне калектыўнага уладання зямлёй, раллёй, лясамі і вадаёмамі з індывідуальным (прыватным, сямейным) землекарыстаннем, прыватнай уласнасцю на прадметы працы і на вынікі працы сям’і. Тым самым ствараліся ўмовы для ўзбагачэння асобных сем’яў, старэйшын, военачальнікаў, жрацоў і, нарэшце, для ўзнікнення і развіцця класавага грамадства. Славяне спавядалі язычніцкую рэлігію. Яны верылі ў пантэон яе багоў: бога сонца – Ярылу, “скотьего бога” – Велеса (Волоса), які ахоўваў і спрыяў жывёлагадоўлі, Перуна і інш. Верылі ў жыццё пасля смерці. Вёскі размяшчаліся на ўзвышшы, агароджваліся драўлянымі сценамі.
На тэрыторыі Беларусі IX – першай паловы XIII ст. самымі значнымі сталі Полацкае і Тураўскае (Турава-Пінскае) княствы – папярэднікі арэалу будучага беларускага народа (этнасу). Летапісы згадваюць княствы з меншай тэрыторыяй: Віцебскае, Аршанскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Мсціслаўскае, Мазырскае, Мінскае, Гарадзенскае, Навагародскае і інш. (больш за 20). Утварэнне іх – часта вынік аслаблення і падзелу больш буйных тэрытарыяльна-палітычных адзінак, імкнення мясцовай феадальнай знаці да палітычнай адасобленнасці сваіх княстваў.

2. ПЕРШЫЯ РАННЕФЕАДАЛЬНЫЯ ДЗЯРЖАЎНЫЯ ЎТВАРЭННІ НА БЕЛАРУСКІХ ЗЕМЛЯХ

Да сярэдзіны IX ст. на тэрыторыі Беларусі пачалі складвацца раннефеадальныя княствы. Сярод іх вызначаліся Полацкае і Тураўскае.
Паводле летапісных і іншых крыніц Полацкае княства ўтварылася ў сярэднім цячэнні Заходняй Дзвіны ў IX – X стст. Яно займала ў X – XI стст. усю паўночную Беларусь і межавала на поўначы з Наўгародскай зямлёй, на ўсходзе – са Смаленскім, на поўдні – з Турава-Пінскім княствамі, на захадзе – з землямі літоўска-латышскіх плямён. Акрамя крывічоў на Полацкай зямлі жылі дрыгавічы, рэшткі даславянскіх і, магчыма, фіна-угорскіх этнічных супольнасцей. Тэрыторыя княства дасягала 60 тыс. кв. км, яго валоданні дасягалі Рыжскага заліву.
Полацкае княства X – XI стст. – адно з буйнейшых і магутных ва Усходняй Еўропе, сапернік Кіева і Ноўгарада ў аб’яднанні зямель. Яго сацыяльна-эканамічны і культурны ўзровень не ўступаў развітым дзяржавам свайго часу. З княствам лічыліся ў еўрапейскім свеце. Сярод першых полацкіх князёў ў летапісах называецца імя Рагвалода. У княстве на працягу стагоддзяў захоўвала правы ўласная дынастыя – сведчанне самастойнай дзяржаўнасці зямлі.
Гісторыя Полацкай зямлі XI – XII стст. – гэта перыяд пашырэння яе тэрыторыі, раўнапраўных саюзніцкіх адносін з кіеўскімі князямі і часовай страты іх у жорсткіх ваенных канфліктах з імі (1067, 1120 і 1129). У гэтым знаходзіла свой адбітак і міжусобная барацьба мясцовых князёў за пераразмеркаванне зямель і ўлады. Полацкая зямля распалася на ўдзельныя княствы: Полацкае, Мінскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Лагойскае і інш.
З распадам у пачатку XII ст. Кіеўскай Русі на асобныя княствы і феадальныя рэспублікі ў межах старажытнабеларускіх дзяржаў-княстваў абуджаецца тэндэнцыя збліжэння беларускіх зямель паміж сабой. У 80 – 90-ыя гг. XII ст. аднаўляецца адноснае адзінства Полацкай зямлі, што, трэба думаць, стала важным фактарам яе ўдзелу ў пачатку XIII ст. у барацьбе з мечаносцамі дзеля абароны не толькі сваіх, але і ўсходне-еўрапейскіх інтарэсаў. Лепшыя здабыткі сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця Полацкага княства ў другой палове XIII – пачатку XIV ст. былі пераняты Вялікім княствам Літоўскім, Рускім і Жамойцкім.
У дзяржаў-княстваў дрыгавічоў быў свой лёс. Сярод іх знаходзілася другое па значнасці раннефеадальнае дзяржаўнае ўтварэнне на тэрыторыі Беларусі – Тураўскае (Турава-Пінскае) княства. Яно сфарміравалася ў канцы IX – X стст. на аднароднай этнічнай аснове, аб’ядноўваючы дрыгавічоў басейна ракі Прыпяць і яе вытокаў. Пры гэтым частка яго тэрыторый знаходзілася ва ўладаннях больш моцных суседзяў: Полацкага, Кіеўскага, Чарнігаўскага, Уладзіміра-Валынскага княстваў. На працягу канца Х – першай паловы ХII ст. адзіным яго цэнтрам быў Тураў. У XII – XIII стст. з ім сапернічаў Пінск, які ўзяў на сябе цяжар барацьбы супраць галіцка-валынскіх і літоўскіх князёў. Адсюль ужываецца і назва княства – Турава-Пінскае.
З самага пачатку свайго існавання – гэта самастойная дзяржаўная адзінка з усімі адпавядаючымі ёй атрыбутамі: тэрыторыяй, вярхоўнай уладай, асобым грамадска-палітычным ладам, вайсковай сілай. Да канца Х ст. у Тураве кіравала ўласная дынастыя, чыя дзейнасць (як і радавод наогул) была спынена падчас інтэграцыйна-кансалідацыйных дзеянняў Уладзіміра Кіеўскага. Страціўшы палітычную самастойнасць, Тураўскае княства заставалася эканамічна самастойным і тэрытарыяльна цэласным. Залежнасць абмяжоўвалася толькі штогадовымі выплатамі даніны. Пры гэтым былі шматлікія спробы разрыву з Кіевам і стварэння поўнасцю незалежнага княства. У 1158 г. княства канчаткова выйшла з пад уплыву Кіева, у ім зацвердзілася самастойная княжацкая дынастыя.
Аднак у канцы XII – пачатку XIII ст. Тураўскае княства пачало драбіцца на ўдзелы і княствы і згубіла сваё былое значэнне. У адрозненне ад Полацка Тураў не вярнуў сваё пануючае становішча сярод сваіх удзелаў. Раздробленая і аслабленая зямля паступова трапляе ў сферу інтарэсаў то галіцка-валынскіх, то літоўскіх князёў, з чым не жадала мірыцца.
У пачатку XIII ст. Турава-Пінская зямля ўсё больш звязвае свой лёс з Навагародскай зямлёй. Да сярэдзіны XIII ст. апошняя дасягнула высокага эканамічнага і культурнага развіцця, мела развітыя знешнія сувязі. Навагародак, які ў 40-ыя гады XIII ст. на пэўны час вырваўся з-пад палітычнага прыцягнення Валыні, стаў цэнтрам аб’яднання балта-славянскіх зямель у адзінай дзяржаве. З 40-ых гадоў Літва (паводле У. Ц. Пашуты, Г. Лаўмянскага, Р. Валкайтэ-Кулікаўсканэ і інш., усходнебалцкі саюз плямёнаў у міжрэччы Нёмана і Віліі, межы якога на паўднёвым усходзе праходзілі ў сучасных Шчучынскім, Лідскім, Вораноўскім, Іўеўскім, Ашмянскім і Астравецкім раёнах) выступае сапернікам Галіча за Тураўскія землі. У канцы XIII – пачатку XIV ст. пры Віцені і Гедыміне палескія княствы былі далучаны да Вялікага княства Літоўскага.
Берасцейская зямля (як і так званая Чорная Русь – Гарадзенскае, Навагародскае, Ваўкавыскае княствы) пасля распаду Турава-Пінскага княства трапіла ў склад Галіцка-Валынскай зямлі. Для Берасцейскай зямлі характэрна поліэтнічнасць насельніцтва, узаемадзеянае на яго тэрыторыі: дрыгавічоў, валынян, мазаўшан, ятвягаў. Будучы ў сферы геапалітычных інтарэсаў некалькіх моцных племянных саюзаў і княстваў (кіеўскіх, тураўскіх, пінскіх, мінскіх, галіцка-валынскіх і інш. Берасцейшына ніколі не выступала як незалежнае палітычнае самастойнае аб’яднанне. Тым не менш гэта была зямля, якая знаходзілася на ваенных стратэгічных рубяжах і ажыўленых водных шляхах, у якіх былі зацікаўлены суседнія народы і не дазвалялі ёй атрымаць самастойнасць.
Фарміраванне феадальных адносін прывяло да ўзнікнення і функцыяніравання на беларускіх землях своеасаблівых дзяржаў. Яны, будучы незалежнымі, мелі ўсе атрыбуты ўлады – заканадаўчай (веча), выканаўчай (князь) і судовай. Нярэдка іх развіццё не толькі стрымлівалася, але і згортвалася з-за сепаратызму мясцовых феадалаў і знешняй агрэсіі.
Закладзеныя ў старажытных дзяржавах-княствах інстытуты дзяржаўнасці ў спалучэнні з высокім узроўнем развіцця культуры і назапашаным палітычным вопытам станоўча ўздзейнічалі на фарміраванне Вялікага княства Літоўскага.

3. ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНАЕ РАЗВІЦЦЁ ЗЯМЕЛЬ-КНЯСТВАЎ

а) Асноўныя рысы грамадскага ладу
Ва ўмовах развіцця феадальных адносін зямля стала ўласнасцю феадалаў. Галоўным уласнікам зямлі быў князь. Асноўнымі класамі, якія фарміраваліся, з’яўляліся феадалы і феадальназалежныя людзі (сяляне – смерды, радовічы, ізгоі і інш.). Побач з імі існавалі рабы (халопы, чэлядзь нявольная), свабодныя гарадскія жыхары (рамеснікі, купцы, госці) і сяляне-даннікі. Апошнія дзве групы не залежалі ад асабных феадалаў, а выконвалі павіннасці і плацілі феадальную рэнту натурай або грашыма на карысць дзяржавы. Сяляне-даннікі захоўвалі сваю свабоду да XVII ст., выконваючы дзяржпавіннасці.
З ростам буйнога феадальнага землеўладання развіваецца клас феадалаў. У Х ст. з’яўляюцца княжацкае землеўладанне і княжацкія сёлы (вёскі), якія ў XII ст. атрымалі шырокае распаўсюджанне. Класс феадалаў уключаў вялікага князя, князёў-кіраўнікоў асобных зямель – княстваў, князёў дробных удзельных княстваў – вотчын і феадалаў – уладальнікаў маёнткаў. Апошнімі часцей за ўсё станавілася баярства, якое складвалася з мясцовай знаці або вышэйшых чыноў княжацкага двара. З прыняццем у канцы Х ст. хрысціянства паступова становіцца значным і манастырскае землеўладанне. Феадал надзяляў зямлёй сялян, якія траплялі да яго ў залежнасць. Існавалі дзве формы залежнасці: эканамічная (выкананне сялянамі феадальных павіннасцей: дані, аброку прадуктамі, грашыма, баршчына) і асабістая (пазбаўленне асабістай свабоды, пераход на іншае месца жыхарства).
Феадалы абапіраліся на войска. У войску князёў служылі феадалы з бліжняга акружэння “баяр” і “сільных людзей” сваіх уладароў. Яны ўтваралі старшую дружыну. Частка феадалаў мела ўласнае войска з васальных баяр і служылых людзей, рамеснікаў, што выйшлі з абшчыны сялян. Дружыннікі або баяры атрымлівалі ад князёў права збіраць даніну і кармленні (збор даходаў з воласці). Так узнікалі ва ўсходніх славян прыкметы васальнай залежнасці. Яна выглядала як права атрымання дружыннікам даніны з пэўнай тэрыторыі ў якасці васалаў вялікага князя.
Купцы і багатыя рамеснікі гарадоў пашыралі свой уплыў на палітыку дзяржавы.

б) Палітычны лад. Сістэма органаў улады, іх кампетэнцыя
У пачатку раннефеадальнага перыяду тэрміна дзяржава не існавала. Яму адпавядаў шэраг іншых тэрмінаў: зямля, горад, княства. Кожная “зямля” мела свой палітычны цэнтр – стольны град. Пераважалі дробныя дзяржавы-княствы, якія з развіццём феадальных адносін аб’ядноўваліся пад пратэктаратам больш моцных княстваў або зліваліся з імі як на аснове добраахвотных пагадненняў, так і прымусу.
Сістэма органаў улады і кіравання ў дзяржавах-княствах IX – XII стст. на тэрыторыі Беларусі не адрознівалася ад іншых славянскіх дзяржаў, якія складалі Кіеўскую Русь. Функцыі вышэйшых органаў улады ажыццяўлялі князь, савет (рада) князя, веча (сойм) – народны сход. Функцыямі органаў цэнтральнага кіравання надзяляліся службовыя асобы: пасаднікі, тысяцкія, падвойскія, ключнікі, а таксама вышэйшыя прадстаўнікі праваслаўнай царквы – епіскапы і ігумены, а мясцовых – намеснікі, воласцелі, старцы.
Па форме праўлення княствы з’яўляліся манархіямі. Князь – галоўная асоба ў сістэме ўлады. Яму належалі выканаўчая ўлада і куратарства ўсіх яе выканаўчых органаў. Ён валодаў правам вырашэння бягучых спраў дзяржаўнага кіравання, мог заключыць мір. Князь узначальваў ваенныя сілы, меў пры сабе дружыну, здзяйсняў суд, вёў войны, раздаваў воласці разам з гарадамі сваім васалам. Асноўным абавязкам князя была арганізацыя абароны дзяржавы ад знешняга нападу і падтрыманне ўнутранага парадку адпаведна з мясцовымі дзяржаўна-прававымі звычаямі.
Дзейнасць князя была абмежаванай і пры вырашэнні пытанняў па збору даніны, апалчэння, арганізацыі ваеннага паходу, пазбаўленні маёмасці феадальна незалежных людзей, выданні новых законаў, судовай дзейнасці. Ён вырашаў іх толькі пасля абмеркавання ў савеце са сваімі бліжэйшымі саветнікамі – “думчымі”, “лепшымі”, “добрымі”, “мужамі” або на вечы. Пры гэтым улічвалася і думка прадстаўнікоў праваслаўнай царквы. Аднак у цэлым уладныя паўнамоцтвы князя залежалі як ад яго асабістых якасцей, аўтарытэту сярод насельніцтва, так і ад падтрымкі вярхушкі пануючага класа.
У асабістым распараджэнні князя была невялікая дружына, якая часта наймалася з іншаземцаў. Яна не толькі ахоўвала княжацкі дом, але па даручэнні князя падтрымлівала парадак у дзяржаве, а ў ваенны час была ядром найбольш баездольнай часткі войска.
Узвядзенне князя на прастол адбывалася па-рознаму: праз уступку прастола свайму нашчадку, запрашэнне іншага князя, захоп улады на княжанне сілаю. Так ці інакш, але гэта не абарочвалася для дзяржавы стратай суверэнітэту ва ўнутраных і знешніх адносінах. Розныя спосабы ўступлення на княжацкі прастол можна паказаць на гісторыі жыцця славутага полацкага князя Усяслава Брачыслававіча, праўнука Рагнеды, што змешчана манахам Кіева-Пячорскага манастыра Нестарам у “Аповесці мінулых гадоў” (гл.: Беларускія летапісы і хронікі. Мн., 1997. С. 26 – 28). Умовы ўступлення князя на пасаду прадугледжвалі прынясенне прысягі ахоўваць тэрыторыю дзяржавы і інтарэсы грамадзян, дзейнічаць адпаведна з мясцовымі дзяржаўна-прававымі звычаямі; афармленнем дагавора-рады, які заключаўся ім з вярхушкай пануючага класса. Так, полацкі князь у Грамаце 1511 г. абавязваўся перад палачанамі не ўмешвацца ў царкоўныя справы, не адбіраць маёмасці ў палачан, старых рашэнняў судоў не пераглядаць, не перашкаджаць выезду свабодных людзей за межы княства. Усё гэта сведчанне таго, што ўлада манарха была абмежаванай.
Рада князя не мела пастаяннага складу. У яе уваходзілі найбольш вядомыя ўдзельныя васальныя князі і баяры. Апошнія прадстаўлялі княжацкую дружыну, у якую ўваходзілі і дружыны васальных князёў. Князь мог запрашаць на нарады тых, каго ён жадаў. Але князь не мог ігнараваць думкі найбольш уплывовых у дзяржаве людзей, асабліва асоб цэнтральнага і палацавага кіравання (пасадскіх і тысяцкіх).
Кампетэнцыя рады фактычна адпавядала кампетэнцыі князя, бо ўсе пытанні, якія вырашаліся князем, звычайна ён абмяркоўваў са сваімі дарадчыкамі. Аб залежнасці полацкага князя ад свайго акружэння расказвае ісландская “Сага аб Эймундзе”. У ёй гаворыцца, што калі скандынавец Эймунд прыйшоў з дружынай наймацца на службу да князя Брачыслава, то князь сказаў яму: “Дайце мне час параіцца з маімі мужамі, таму што яны даюць мне грошы, а я толькі іх трачу”.
Пры вырашэнні асабліва важных пытанняў княжацкая рада збіралася ў поўным складзе. Яна акрамя пытанняў бягучай выканаўча-распарадчай дзейнасці вырашала і найбольш важныя судовыя справы ў адносінах да феадалаў і вышэйшых службовых асоб дзяржаўнага апарату. На радзе рыхтаваліся пытанні для абмеркавання на вечы. Пры неабходнасці склікалася народнае апалчэнне.
На вечы – сходзе гараджан – вырашаліся розныя праблемы. Яно ўяўляла пачатковую форму гарадскога самакіравання пад кантролем найбольш уплывовых мужоў, вярхоў органаў кіравання. Паўнамоцнымі ўдзельнікамі веча прызнаваліся толькі свабодныя людзі і непадначаленыя сямейнай уладзе. Роля веча ў палітычным жыцці Полацкай зямлі з канца 20 – 30-ых гадоў XII ст. узмацняецца. Баярска-купецкая вярхушка выкарыстоўвала вечавыя сходы ў сваіх інтарэсах. Веча актыўна вырашала пытанні вайны і міру, запрашала на прастол князёў і нярэдка праганяла іх з горада (1128, 1132, 1151, 1159), устанаўлівала раскладку павіннасцей і падаткаў, прымала захады па арганізацыі апалчэння і абароны, разглядала найбольш важныя судовыя справы, пытанні заканадаўства, гандлю і інш. Факт выгнання князёў і кантроль за іх дзейнасцю з боку веча – сведчанне слабасці княжацкай улады. З другога боку, такое ўзаемадзеянне веча і князя даследчыкамі разглядаецца ў выглядзе першых крокаў на шляху размежавання і падзелу ўладаў – заканадаўчай (веча) і выканаўчай (князь).
Пра грамадска-палітычны лад у Тураўскім княстве звестак мала. Магчыма, што ў Тураве, як і Полацку, актыўна дзейнічала веча. Паводле паведамлення “Жыцця Кірылы Тураўскага”, ён стаў епіскапам па просьбе князя “і людзей таго горада”. Выходзіць, гараджане Турава мелі права голасу пры абранні епіскапа. Паказальна і тое, што звычайна епіскап прызначаўся кіеўскім мітрапалітам.
Як ужо адзначалася, функцыі кіруючых органаў выконвалі пасаднік, тысяцкі, падвойскі, ключнік, цівун і інш. Пасаднік абіраўся вечам або прызначаўся князем у іншыя гарады дзяржавы ў якасці яго намесніка (прадстаўніка). Тысяцкія выбіраліся са знатных баяраў.
Знаходжанне ў Тураве адначасова князя і пасадніка, акрамя Ноўгарада Вялікага – з’ява незвычайная для іншых гарадоў. Аб існаванні пасадніка ў Полацку звестак не маецца.
Тысяцкі ажыццяўляў ваеннае кіраўніцтва. У час вайны ён узначальваў дружыну або апалчэнне, а ў мірны – сачыў за парадкам у горадзе. Падвойскі кантраляваў выкананне рашэнняў веча і распараджэнняў князя. Гаспадарчымі справамі, фінансамі і некаторымі судова-адміністрацыйнымі пытаннямі ў дзяржаве займаліся ключнік і цівун, якіх назначаў князь.
Істотным элементам палітычнай сістэмы была цесна звязаная з дзяржавай царква. Царква і духавенства актыўна ўдзельнічалі ў дзяржаўных і грамадскіх справах, трымаючы ў сваіх руках пытанні адукацыі, шлюбу, сям’і, апекі і маральнасці. Ідэалагічным падмуркам улады раннефеадальных дзяржаў на тэрыторыі Беларусі з’яўлялася праваслаўе.

ЛІТАРАТУРА
Асноўная
1. Вішнеўскі А. Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (IX – пачатак ХХ ст.). – Мн., 1996.
2. Вішнеўскі А. Ф., Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах / Са старажытных часоў да нашых дзён. Вучэб. дапаможнік. – Мн., 2003.
3. Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 1. Са старажытных часоў да канца ХVIII ст.: Курс лекцый. – Мн., 2000
4. Пичета В. И. История белорусского народа. – Мн., 2003.
5. Сокал С. Ф. Гісторыя дзяржавы і права БССР (дакастрычніцкі перыяд). – Мн., 1989.
6. Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Ч. 1. – Мн., 2000.

Дадатковая
1. Алексеев Л. В. Полоцкая земля в IX-XIII вв. – М., 1966.
2. Геродот. История в девяти книгах. кн. 4. – Л., 1972.
3. Ермаловіч М. Старажытная Беларусь. – Мн., 1991.
4. Татищев В. Н. История Российская. т. 1. – М.; Л., 1962.
5. Беларускія летапісы. – Мн., 1997.
6. Белоруссия в эпоху феодализма. Сб. документов и материалов. т. 1. – Мн., 1959,
7. Хрестоматия по истории Белоруссии с древнейших времен до 1917 г. – Мн., 1977.

ГЛАСАРЫЙ

Паняцце Сэнс паняцця
Палюддзе Збор даніны са свабоднага насельніцтва на тэрыторыі, якой валодаў князь
Кармленне Права дружынніка, атрыманае ад князя, збіраць даніну і “карміцца” з той ці іншай тэрыторыі
Веча Сход гараджан для абмеркавання дзяржаўных і грамадскіх спраў
Рэцэпцыя права Засваенне і прыстасаванне норм права адных народаў іншымі на мясцовай (нацыянальнай) аснове (напрыклад, для права ўсходніх славян норм рымскага права, паўночных народаў і германцаў)

ТЭСТ
1. Укажыце, якія з прыведзеных ніжэй этнагруп жылі на тэрыторыі Беларусі?

1. Балты 4. Раманцы
2. Германцы 5. Славяне
3. Грэкі 6. Фіна-угры

2. Якія мела назвы насельніцтва Беларусі да IX ст. н. э.

1. Будзіны 7. Крывічы 13. Раманцы
2. Бужане 8. Нарцы 14. Персы
3. Вянеды 9. Неўры 15. Русь
4. Германцы 10. Норыкі 16. Сарматы
5. Грэкі 11. Паляне 17. Скіфы
6. Дрыгавічы 12. Радзімічы 18. Славяне

3. Укажыце найбольш верагодны пачатак пераходу ўсходніх славян да класавага грамадства.

1. VII – V стст. да н. э.
2. Першая палова 1-га тысячагоддзя н. э.
3. Другая палова 1-га тысячагоддзя н. э.
4. ІХ – ХІІІ стст. н. э.

4. Найбольш значныя першыя княствы-дзяржавы на беларускіх землях ранняга сярэднявечча?

1. Аршанскае 6. Навагародскае
2. Берасцейскае 7. Полацкае
3. Ізяслаўскае 8. Смаленскае
4. Мазырскае 9. Тураўскае
5. Мінскае 10. Чарнігаўскае

5. Выявіце сістэму вышэйшых органаў дзяржаўнай улады і кіравання ў княствах-дзяржавах.

1. Веча (сойм) 5. Ключнік
2. Пасаднік 6. Старцы
3. Цівун 7. Савет (рада)
4. Князь 8. Воласцелі

6. Вызначце сістэму мясцовых органаў дзяржаўнай улады і кіравання ў княствах-дзяржавах.

1. Веча 5. Пасаднік
2. Воласцелі 6. Старцы
3. Князь 7. Цівун
4. Намеснікі

ТРЭНІНГ

1. Што вы ведаеце пра прычыны ўзнікнення інстытута дзяржавы?
2. Назавіце атрыбуты ўлады раннефеадальных княстваў-дзяржаў.
3. Вызначце час утварэння і функцыянавання раннефеадальных княстваў-дзяржаў на тэрыторыі Беларусі.
4. Раскажыце пра спосабы ўзвядзення князя першых дзяржаўных утварэнняў на Беларусі на прастол.
5. Якім чынам утварыўся клас феадальназалежных людей?
6. Узгадайце характар паўнамоцтваў князя.
7. Назавіце найбольш характэрныя рысы раннефеадальнага права.
8. Што такое звычаёвае і пісанае права?
9. Дайце прыклады першых нарматыўных актаў пісанага права.
10. Выявіце месца царквы і рэлігіі ў палітычнай сістэме княстваў-дзяржаў ІХ – першай паловы ХІІІ ст.

РАННЕФЕАДАЛЬНАЕ ПРАВА НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ

АНАТАЦЫЯ
У тэме разгледжаны вытокі прававой сістэмы раннефеадальнага грамадства, характар замацавання часткі норм звычаёвага права ў дзяржаўным пісаным заканадаўстве. Адначасова паказаны сфера рэгулявання звычаёвым і феадальным правам грамадскага жыцця, працэс пераходу ад звычаёвага да пісанага права, ахарактарызаваны асноўны змест першых помнікаў пісанага права Кіеўскай Русі, Полацкай і Віцебскай зямель, інтэрпрэтацыя ў іх паняццяў праваздольнасці асобы, суб’екта і аб’екта права, значэння сацыяльнага статусу асобы.

ТЭМАТЫЧНЫ ПЛАН
1. Крыніцы права ранняга сярэднявечча.
2. Асноўныя рысы раннефеадальнага права.
3. Характарыстыка помнікаў пісанага права.
4. Міжнародныя дагаворы як крыніца права.
5. Судаводства.

1. КРЫНІЦЫ ПРАВА РАННЯГА СЯРЭДНЯВЕЧЧА

У старажытнасці прававая сістэма на землях Беларусі развівалася ў цеснай сувязі з язычніцкай (паганскай) рэлігіяй і народнай нарматворчасцю (Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991). Яна ўяўляла сабой устойлівую сістэму агульнапрынятых няпісаных прававых звычаяў, якая рэгламентавала правілы паводзін людзей. Іх, калі можна так сказаць, праваднікамі з’яўляліся асобныя людзі – “знаўцы звычаяў, абрадаў, права”, якія меліся ў кожным племені. Гэта былі вельмі аўтарытэтныя і паважаныя людзі. Паступова частка звычаяў набывала рысы абавязковасці, нярэдка пад прымусам, які санкцыянаваўся родаплемяннымі органамі і абшчынамі, і ўрэшце рэшт набыла якасці звычаёвага права. Да агульнапрынятых нормаў адносіліся кроўная помста за забойства родзічаў, спосабы заключэння шлюбу і парадак атрымання спадчыны, выгнанне з абшчыны за парушэнне міру і г. д.
Станаўленне і развіццё старажытнай дзяржаўнасці суправаджалася фарміраваннем феадальнага права, заснаванага на старажытных звычаях і прызнаных дзяржаўнымі. У якасці звычаю маглі служыць агульнапрынятыя правілы паводзін людзей, рэлігійныя і бытавыя абрады і г. д. Санкцыянаванне дзяржавай звычаю ператварала яго ў норму звычаёвага права ў форме закона. Адсюль нормы звычаёвага права маглі існаваць у вуснай або пісьмовай форме. Частка норм звычаёвага права не толькі замацоўвалася ў дзяржаўным пісаным заканадаўстве, у тым ліку ў змененым выглядзе, але і забаранялася ім. Так, права на кроўную помсту “Рускай Праўдай” было забаронена ў ХІ ст. (заменена грашовай вірай – штрафам). Нормы звычаёвага права цесна перапляталіся з рэлігійнымі вераваннямі і дагматамі царквы, а прадстаўнікі духавенства з’яўляліся актыўнымі ўдзельнікамі разгляду судовых спраў. Царква таксама імкнулася забараніць пэўныя язычніцкія звычаі: выкраданне нявесты, мнагажонства, а частку старажытных звычаяў прыстасоўвала да сваіх патрэб.
Звычаёвае права складвалася па меры фарміравання дзяржаўных органаў, якія пераважна падтрымлівалі выгадныя пануючаму класу прававыя нормы, што прывяло да нераўзначнасці права і справядлівасці.
Па меры ўзмацнення сацыяльнай напружанасці ў грамадстве і яго феадалізацыі ўзнікла неабходнасць у больш дэталёвай рэгламентацыі ўсіх бакоў грамадскага жыцця, што магчыма было ажыццяўляць толькі з дапамогай пісанага права, нормы якога ў пэўнай ступені абмяжоўвалі адвольныя дзеянні феадальнай адміністрацыі, служылі ўмацаванню стабільнасці прававых норм і праваадносін.
Усталяванне пісанага права на аснове норм звычаёвага права (праз выданне спецыяльных законаў, дапаўненняў і тлумачэнняў да дзеючых) дазваляла кіруючым вярхам і іх прыхільнікам распаўсюдзіць выгадныя ім прававыя нормы ў якасці агульнадзяржаўных як нібыта даўно агульнапрынятыя і ўжываемыя. Хаця трэба ўлічваць: у такой тэндэнцыі развіцця права былі зацікаўлены і простыя людзі. Яна клала канец адвольнаму вырашэнню іх спраў суддзямі і тлумачальнікамі неканкрэтных і няпоўных норм звычаёвага права.
Узаемадзеянне падобнага роду фактараў садзейнічала таму, што многія няпісаныя прававыя нормы набылі форму закона ў выглядзе грамат (прывілеяў), лістоў, соймавых пастаноў, статутаў і іншых прававых актаў.
Старажытным звычаёвым правам рэгуляваліся ўсе праваадносіны грамадскага жыцця: структура і кампетэнцыя дзяржаўных устаноў, правы і абавязкі розных класаў, станаў (саслоўяў) і сацыяльных груп насельніцтва, грамадзянскія, сямейна-шлюбныя, зямельныя, судова-працэсуальныя, крымінальныя і інш. Яно вызначала форму ўлады, парадак уступлення на княжацкі трон і пазбаўленне яго. Уступленне князя на трон ажыцяўлялася паводле спадчыны ці выбрання. Пры гэтым захоўваўся парадак, вызначаны звычаёвым правам, паводле якога князь прысягаў ахоўваць тэрыторыю дзяржавы і інтарэсы грамадзян, абяцаў дзейнічаць адпаведна з мясцовым звычаёвым правам. Умовы ўступлення князя на прастол афармляліся граматай, калі ен займаў пасаду па спадчыне, або дагаворам – пры запрашэнні з “чужой” зямлі. У абодвух выпадках гэта суправаждалася язычніцкім абрадам пасаджэння на трон.
Лічыцца, што да таго часу, пакуль маленькія княствы-дзяржавы грунтаваліся на аснове замкнутай эканомікі, усе іх грамадскія праваадносіны забяспечваліся звычаёвым правам, галоўнай часткай якога было копнае (вечавое) права. Устаноўлена, што на Беларусі звычаёвае права панавала да сярэдзіны ХV ст. У прывілеях 1413, 1434, 1447 гг. гаворыцца, што сяляне, якія жылі на землях феадалаў “па старадаўнім звычаі”, плацілі подаці і выконвалі некаторыя работы на карысць дзяржавы (Белоруссия в эпоху феодализма./ Сб. документов и материалов. Мн., 1959. Т. 1. С. 116, 120, 126). Паступовы пераход ад звычаёвага да пісанага права стымуляваўся павелічэннем тэрыторыі дзяржаў і больш інтэсіўнымі міжнароднымі сувязямі, калі трэба было ўзгадняць і дапасоўваць нормы права розных прававых сістэм, што было замацавана ў дагаворных граматах.
Пасля выдання Статута ВКЛ 1529 г. звычаёваму праву адводзілася дапаможная роля ў рэгуляванні тых праваадносін, якія не былі прадугледжаны законам. Частка “ўзаконеных” пісаным правам норм старажытнага звычаёвага права не ўжывалася, але фармальна не была адменена.
Найбольш доўга звычаёвае права панавала ў шлюбна-сямейных адносінах. Паводле яго, маёмасныя правы (па ўладанні і распараджэнні) жанчыны забяспечвалі ёй поўную свабоду ў ажыццяўленні абавязкаў гаспадыні дома, рабілі яе незалежнай ад мужа ў матэрыяльных адносінах, што дазваляла ёй ў выпадку неабходнасці скасаваць шлюб. Шырокія правы жанчын замацоўваліся і ў агульнадзяржаўным законе. Так, за злачынствы супраць жанчын устанаўлівалася павышаная крымінальная адказнасць і памер грашовых спагнанняў павялічваўся ўдвая (Беларуская гістарычная энцыклапедыя. Мн., 1996. Т. 3. С. 435).
У сістэме звычаёвага права важнае месца адводзілася копнаму праву, якое дзейнічала на Беларусі са старажытных часоў і да канца XVII ст. (копны суд). Праўда, яно ўсё больш вырашала справы жыхароў некалькіх вёсак. Праз сялянскія суды (а не веча-замак, горад), з выбарным старцам, размеркаванне даніны, разбор спрэчак паміж сялянамі. Уплыў звычаёвага права адчуваўся і пазней, пераважна ў зямельным і сямейным праве. Створаныя на аснове сялянскай рэформы 1861г. валасныя сялянскія суды кіраваліся звычайна мясцовым звычаёвым правам.
Характэрнымі рысамі старажытнага (раннефеадальнага) права былі фармальнае раўнапраўе свабодных грамадзян пры поўным бяспраўі рабоў –халопаў і чэлядзі нявольнай – дуалізм – і мяккасць пакаранняў. Пры гэтым права прадугледжвала пэўныя прывілеі (льготы) для пануючага класа. Такая дваістая адметнасць звычаёвага права зафіксіравана і ў помніках пісанага права Кіеўскай Русі (“Руская Праўда”), дагаворы 1229 г., у граматах Полацкай і Віцебскай земляў.
Паказальна і тое, што для звычаёвага права была характэрна яго раз’яднанасць. Гэта значыць, што ў кожнай дзяржаве-княстве на пэўных яго тэрыторыях дзейнічала сваё мясцовае звычаёвае права (на Беларусі да XVI ст.). На гэта звяртае ўвагу і аўтар “Аповесці мінулых гадоў”. Не выпадкова ў XV-XVI стст. урад абяцаў даўніны не парушаць. Такі традыцыяналізм і кансерватызм прававых норм, іх нязменнасць – адзін з вынікаў і ўплыву царквы, заснавання прававой тэорыі на яе вучэнні, што ў грамадстве і ва ўсім свеце наогул пануе ўстаноўлены назаўжды Богам парадак. Любая спроба парушыць такую ўстаноўку лічылася ерассю, выступленнем супраць царквы і Бога.
Пісанае права напачатку не адмяняла норм звычаёвага права, а дапаўняла ці змяняла яго асобныя нормы, а таксама надавала яму агульнадзяржаўны характар. Таму не выпадкова спалучэнне старых норм звычаёвага права і новай праватворчасці характэрна для ўсіх старажытных помнікаў пісанага права, асабліва ў “Рускай Праўдзе”, Судзебніку 1468 г. і ў Статуце 1529 г.
Гаворачы аб старажытным праве, нельга не ўлічваць, што нормы славянскага права часам супадаюць з нормамі іншых народаў, германскага ў прыватнасці. Існавала таксама думка: права ВКЛ – вынік пераймання яго ў польскага народа. На думку польскага даследчыка пачатку ХІХ ст. І. Б. Ракавецкага, такое падабенства вынікае не з запазычання права, а з падобных умоў жыцця, якія параджаюць падобныя нормы. Пры гэтым ён не выключаў магчымасць рэцэпцыі асобных норм права аднымі народамі ў другіх. Аднак галоўны яго вывад аб тым, што права славянскіх народаў мае сваёй крыніцай старажытныя народныя звычаі і правілы, стаў асновай для новага напрамку вывучэння гісторыі права ўсіх славянскіх народаў. Тым самым быў зроблены адыход ад тых памылковых поглядаў юрыстаў, што ў аснове славянскага права, у тым ліку Статута ВКЛ, – звычаі і традыцыі паўночных народаў і германцаў (Т. Чацкі).

2. АСНОЎНЫЯ РЫСЫ РАННЕФЕАДАЛЬНАГА ПРАВА

Першымі нарматыўнымі актамі пісанага права былі граматы князёў, дагаворы. У іх ліку граматы, якія датычылі адносін Полацка і Віцебска з Рыгай і нямецкімі купцамі, а таксама дагаворы 1229, 1264, 1338 гг. Яны сведчаць, што у ХІІІ – ХІV стст. паміж беларускімі і нямецкімі купцамі існавалі ўстойлівыя гандлёвыя і дыпламатычныя адносіны, заснаваныя на раўнапраўі бакоў. Акты з’яўляюцца каштоўнымі крыніцамі старажытнага права, дапамагаюць лепш зразумець атмасферу часу, узаемаадносіны паміж бакамі, якія знаходзіліся прыкладна на адным узроўні эканамічнага і культурнага развіцця. Дагавор 1229 г. быў заключаны Смаленскім, Віцебскім і Полацкім княствамі з Рыгай і Гоцкім берагам. Галоўнае прызначэнне дагавора – замацаванне прававых норм адносін паміж заходне- і ўсходнееўрапейскімі народамі на аснове ўзаемнасці і раўнапраўя. Дагавор прадугледжваў зацвярджэнне мірных адносін, вызначаў аб’ём адказнасці за крымінальныя злачынствы, парадак і чарговасць спагнанняў доўгу, парадак судаводства.
Развіццё і ўмацаванне феадальных адносін атрымала адлюстраванне ў нормах грамадзянскага і крымінальнага права. У першую чаргу гэта адбілася на ўстанаўленні рознай праваздольнасці простых людзей і феадалаў. Найбольш поўнай праваздольнасцю валодалі князі, баяры (“лепшыя”, “пярэднія” мужы) і вышэйшыя слаі духавенства. Яны маглі распараджацца маёнткамі, якія належалі ім, учыняць розныя грамадзянска-прававыя здзелкі, мець залежных ад сябе людзей і халопаў. Меншай праваздольнасцю валодалі свабодныя людзі, якія знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад буйных землеўладальнікаў. Яшчэ больш абмежавана была праваздольнасць феадальна залежных сялян. Халопы і чэлядзь нявольная валодалі нязначнай праваздольнасцю: яны не мелі права валодаць нерухомай уласнасцю, не маглі выступаць на судзе.
Крымінальная адказнасць, як і праваздольнасць, устанаўлівалася ў залежнасці ад класавай прыналежнасці пацярпелага і злачынцы. Устанаўлівалася больш высокая адказнасць за злачынствы, накіраваныя супраць асоб, якія належалі да кіруючага класа. Так, у Дагаворы 1229 г. прадугледжвалася, што за забойства свабоднага чалавека з вінаватага спаганялася 10 грыўняў серабром, за папа або пасла – 20, за халопа – 1 грыўня серабром. У наступным заканадаўстве такі падыход атрымаў далейшае развіццё і замацаванне.
Найбольш распаўсюджанымі відамі пакарання з’яўляліся маёмасныя спагнанні, выдача злачынцы пацярпеўшаму. За найбольш цяжкія злачынствы злачынца і яго сям’я падвяргаліся расправе і рабаванню.
У якасці суб’ектаў і аб’ектаў нормаў старажытнага права выступалі толькі фізічныя асобы, бо паняцця юрыдычная асоба ў праве яшчэ не існавала. У выніку законы не прадугледжвалі барацьбы са злачынствамі супраць дзяржавы, а князь – як аб’ект злачыннага замаху разглядаўся ў якасці фізічнай асобы і адрозніваўся ад іншых толькі сваім больш высокім становішчам і прывілеямі. Злачынства па нормах “Рускай Праўды” вызначалася не як парушэнне закона ці княжацкай волі, а як крыўда, маральны ці матэрыяльны ўрон суб’екту або суб’ектам. Крымінальнае правапарушэнне не адрознівалася ад грамадзянска- прававога. Іначай кажучы, дакладнага размежавання паміж крымінальным і грамадзянскім працэсамі не рабілася. Да крымінальных дзеянняў супраць асобы адносіліся забойствы, цялесныя пашкоджанні, знявага дзеяннем. Да аб’ектаў злачынства адносіў асобу і маёмасць. Суб’ектам злачынства магла быць любая фізічная асоба, за выключэннем халопа, за дзеянні якога караўся гаспадар. Узроставы цэнз для суб’ектаў злачынства законам яшчэ не агаварваўся. Суб’ектыўны бок злачынства ўключаў намер (замах на злачынства) і неасцярожнасць.
Па нормах “Рускай Праўды” да вышэйшай меры пакарання адносіліся: пакаранне смерцю, маёмасныя спагнанні ці продаж у халопы, а таксама расправы і рабаванне як самога вінаватага, так і яго сям’і. Суровай мерай пакарання лічылася віра (), якая прызначалася толькі забойцам. У выпадку, калі за злачынцу разлічвалася яго вервь (абшчына), гэтая мера называлася дзікай вірай. Частка злачынцаў каралася “продажей” (штрафам), памер якой залежаў ад цяжкасці злачынства. “Продажа” ішла ў казну, а пацярпелы атрымліваў урок – грашовую кампенсацыю за нанесеную страту.
У сямейным праве ў старажытнасці сур’ёзнае значэнне надавалася шлюбу. Для яго сапраўднасці ў дахрысціянскі перыяд дастаткова было згоды бацькоў на шлюб і ўчынення вяселля. Абрад вяселля ўключаў: расплятанне касы нявесты, разуванне жаніха, саджанне на кажухі і да т. п. Зразумела, не выключалася частаванне прысутных, выкананне песень і танцаў. Гэта адвяргалася духавенствам, што зафіксавана манахамі ў летапісах. Асабістыя адносіны мужа і жонкі будаваліся на падпарадкаванні жонкі мужу. Ён прызнаваўся галавой сям’і, але калі муж ішоў у сям’ю жонкі – у прымы, то ўласнікам гаспадаркі лічылася жонка або яе бацькі. Заўважым і тое, што ў старажытным праве жанчыны карысталіся значнымі правамі і павагай. За злачынствы, учыненыя супраць жанчыны, вінаваты нёс пакаранне ў двайным памеры. Сурова караліся злачынствы супраць маральнасці. Напрыклад, па Дагавору 1229 г. пралюбадзейства каралася, як і забойства, у памеры 10 грыўняў (арт. 1, 17). Асноўнай формай сям’і ў язычніцкі перыяд сярод простага народа была парная сям’я, сярод пануючага класа было распаўсюджана і мнагажонства.
З развіццём феадальных адносін, і асабліва з насаджэннем хрысціянства, адбыліся некаторыя змяненні ў сямейным праве. Духавенства дабівалася ўстанаўлення царкоўнай формы шлюбу з абавязковым вянчаннем у царкве, устанаўлення права атрымання ў спадчыну – толькі для дзяцей ад бацькоў, якія знаходзіліся ў царкоўным шлюбе.
3. ХАРАКТАРЫСТЫКА ПОМНІКАЎ ПІСАНАГА ПРАВА

У эпоху Кіеўскай Русі і феадальнай раздробленасці на беларускіх землях дзейнічалі нормы старажытнага права, выкладзеныя ў “Рускай Праўдзе” – зборніку законаў, сфарміраваным пераважна ў ХІ – ХІІ стст. Вядома больш за 100 спісаў гэтага помніка. Яго тэксты падзяляюцца на 3 рэдакцыі – Кароткую, Падрабязную і Скарочаную. Частка матэрыялаў зборніка адносіцца да язычніцкай даўніны (“Старажытная праўда”, складзена ў пачатку ХІ ст.). “Кароткая праўда” (ХІ ст.) складаецца з “Праўды Яраслава” і “Праўды Яраславічаў”. У “Праўду Яраслава” ўключаны нормы звычаёвага права ІХ – Х стст., якія сведчаць аб роўнай адказнасці за злачынствы супраць усіх вольных людзей. “Праўда Яраславічаў” выкладае нормы ХІ ст., якія адлюстроўваюць класавае расслаенне грамадства, правы і прывілеі феадалаў, прымяненне меры пакарання ў залежнасці ад сацыяльнага статусу пацярпелага. У “Падрабязную праўду” ўвайшлі нормы Кароткай і некаторыя законы і судовыя пастановы ХІІ – ХІІІ стст. Яна рэгулявала праваадносіны феадальнага грамадства з улікам княжацкай судовай практыкі, якая вызначала прывілеі пануючага класа, абмяжоўвала правы залежных груп насельніцтва, замацоўвала бяспраўнае становішча халопаў. Змяшчала шмат норм крымінальнага, грамадзянскага і працэсуальнага права. “Руская Праўда” значна паўплывала на развіццё рускага, беларускага, украінскага і літоўскага права.
У аснове зборніка ляжыць заканадаўства, якое рэгулявала развіццё прыватнай уласнасці, сацыяльны лад славян наогул да стварэння Кіеўскай Русі. Так, у ёй гаворыцца пра пакаранне сельскага абшчынніка за самавольнае карыстанне чужым канём. Выходзіць, не ўсе абшчыннікі мелі ўласнага каня (Правда Русская. М., Л., 1947. С. 96, ст. 12; Гісторыя Беларускай ССР: У5. т. Мн., 1972. Т. 1. С. 69).
Гэты помнік апрача інфармацыі па маёмаснай няроўнасці сярод земляробаў, паведамляе аб існаванні побач з імі багатай праслойкі пад назвай “мужы” – людзей вайсковых, якія часта карыстаюцца мячом і ў мірны час. Падрабязнай Праўдай ХІІ ст. багатая праслойка названа “гасподай”. Гэты помнік апавядае пра смердаў – распаўсюджаная назва сельскага насельніцтва Кіеўскай Русі, падсудных князю, гэта значыць тых, якія жылі і працавалі на дзяржаўных (абшчынных) землях. Упамінаюцца там і смерды, якія ўжо не былі падсуднымі князю. Яны былі ў залежнасці ад феадалаў, што дазваляла апошнім збіраць судовыя даходы, у тым ліку і штрафы.
З заканадаўчага помніка другой паловы ХІ ст. “Праўды Яраславічаў” відаць, што самае прыніжанае становішча займала залежнае насельніцтва, княжацкіх вёсак (радовічы, смерды і халопы). Іх жыццё цанілася ў 16 разоў танней за жыццё кіраўнікоў княжацкіх маёнткаў – агнішчан, цівуноў. Юрыдычнае становішча названых груп залежнага насельніцтва заканадаўства яшчэ не вызначае, але адрознівае іх. Тым самым даецца падстава меркаваць, што формы феадальнай залежнасці ў канцы раннефеадальнага перыяду былі неаднолькавыя. Паказальна і тое, што ў асобных выпадках феадальнае заканадаўства абмяжоўвала самаўладства пануючага класа: яго адміністрацыі (гл. арт. 33 “Праўды Яраславічаў”). Такое станвішча захоўвалася і ў ХІІ – ХІІІ стст.
“Падрабязная Праўда” паведамляе аб прававым і маёмасным становішчы закупаў, вдачей. Гледзячы па ўсім, каб спыніць масавыя ўцёкі ад сваіх паноў за няўплату пазыкі (купы), яна карала закупа за ўцёк вяртаннем у халопства.
Асаблівасць зборніка “Руская Праўда” ў тым, што яго нормы былі разлічаны на ўсе магчымыя жыццёвыя сітуацыі. Крыніцамі яго з’явілася звычаёвае права і княжацкая судовая практыка. Апошняя ўносіла суб’ектыўны элемент у вызначэнне кола асоб з прававымі прывілеямі (з ліку набліжаных да княжацкага двара) і ў ацэнку юрыдычных дзеянняў. Адсюль устанаўленне рознай праваздольнасці простых людзей і феадалаў.
Сярод каштоўных крыніц па гісторыі ранняга сярэднявечча на тэрыторыі беларускіх і рускіх зямель нельга не ўспомніць “Статут Яраслава”(у Вялікім княстве Літоўскім вядомы і як “Скрутак Яраслава”). Існуе думка, што гэты помнік – адна з частак “Рускай Праўды”. У ім, як ні ў якім іншым зборніку законаў старажытнасці, пададзены звесткі аб памеры юрысдыкцыі царкоўных устаноў, аб крыніцах іх матэрыяльнага зябеспячэння. Іначай кажучы, нормы Статута характарызуюць размежаванне прававых, адміністрацыйных і фінансавых інтарэсаў княжацкай (свецкай дзяржаўнай наогул) і вышэйшай царкоўнай улад.
Гэты помнік – каштоўная крыніца для вывучэння працэсаў складвання класавага грамадства і дзяржавы на Русі, у тым ліку Беларусі, феадальнай зямельнай уласнасці, гісторыі ўзаемаадносін дзяржавы і царквы, ролі царкоўнай арганізацыі ў грамадстве, гісторыі старажытнага права на Беларусі і яго эвалюцыі ў ХІІІ – ХV стст., гісторыі грашовага лічэння і многіх іншых пытанняў гаспадарчай, палітычнай, прававой і культурнай гісторыі ўсходніх славян у ХІ – ХV стст.
Нормы “Статута Яраслава” прысвечаны і царкоўным судам. Разам з тым гэта найбольш ранні кодэкс сямейнага і шлюбнага права старажытнага часу ўсходніх славян, які складаўся ў ХІ – ХІІ стст. і працягваў перапрацоўвацца, змяняцца ў ХІІІ – ХVI стст. У сувязі з тым, што ўзаемаадносіны ў сям’і, як і заключэнне і скасаванне шлюбу, належала юрысдыкцыі царквы, то даследчыкі разглядаюць яго і ў якасці судзебніка па ўнутрыцаркоўных справах.
Тэкст Статута захаваўся больш як у 90 спісах. Сярод іх выдзяляецца 6 рэдакцый, а ўнутры двух старэйшых – Падрабязнай і Кароткай – шэраг ізводаў. Адны аўтары адносяць яго ўзнікненне да дамангольскага часу (Няволін, Паўлаў, Ключэўскі, Чарноў, Ціхаміраў, Юшкоў, Шчапаў), некаторыя бачаць у ім помнік ХІІІ – ХIV стст., які не меў больш ранняй асновы (Карамзін, Галубінскі, Сувораў, Зімін).

4. МІЖНАРОДНЫЯ ДАГАВОРЫ ЯК КРЫНІЦА ПРАВА

Сярод старажытных помнікаў пісанага права на Беларусі своеасаблівае месца належыць граматам аб адносінах Смаленска, Полацка і Віцебска з Рыгай, Гоцкім берагам, нямецкімі гарадамі і Інфлянцкім ордэнам, а таксама дагаворам 1229, 1263, 1265, 1338 г г. Яны тычыліся нормаў міжнароднага, цывільнага і крымінальнага права. Разам з тым гэтыя юрыдычныя дакументы – сведчанне існавання ўстойлівых гандлёвых і дыпламатычных адносінаў беларускіх і нямецкіх купцоў з прыкладна аднолькавым ўзроўнем грамадскага развіцця. Цікава і тое, што гэтыя сумесныя пагадненні нярэдка ўключалі нормы свайго мясцовага звычаёвага права. Так, Дагавор 1229 г. вядомы навукоўцам як “Смаленская гандлёвая праўда”, уяўляў сабой міжнароднае гандлёвае і палітычнае пагадненне Смаленскага, Віцебскага і Полацкага княстваў з Рыгай і Гоцкім берагам, які меў сілу на працягу ХІІІ – ХIV стст. Ён замацаваў прававыя нормы па зябеспячэнні нармальных адносін паміж заходне- і ўсходнееўрапейскімі народамі на аснове ўзаемнасці і раўнапраўя. Яго артыкулы прадугледжвалі замацаванне мірных адносін, вызначалі аб’ём адказнасці за крымінальнае злачынства, парадак і чарговасць спагнання доўгу, парадак судаводства. Пры гэтым ён замацоўваў розную крымінальную адказнасць злачынцы ў залежнасці ад сацыяльна-класавай прыналежнасці пацярпелага і вінаватага. Паводле Дагавору 1229 г., за забойства свабоднага чалавека з вінаватага спаганялася 10 грыўняў серабром, за папа або пасла – 20, за халопа – 1 грыўня серабром (арт. 1, 2, 6 – Готландская рэдакцыя).
Міжнародныя дагаворы раннефеадальных дзяржаў станоўча ўплывалі на развіццё беларускага нацыянальнага права, тэарэтычную распрацоўку паняційнага апарату і юрыдычнай тэрміналогіі на аснове засваення дасягненняў замежнай тэорыі і практыкі праватворчасці. Раўнапраўны міжнародны дагавор не толькі найбольш важная крыніца міжнароднага права, але і дзейсны сродак распрацоўкі іншых галін нацыянальнага права.
5. СУДАВОДСТВА
Судовы працэс пры разглядзе грамадзянскіх і крымінальных спраў насіў спаборніцкі (спрэчны) характар: ён пачынаўся толькі па ініцыятыве істца. Ісцец і адказчык мелі роўныя правы ў даказванні сваей праваты. Судаводства было адкрытым і вусным.
У аснове сістэмы доказаў знаходзіліся сведчанні відавочцаў злачынства (відоки); рэчавыя доказы (поличное); выпрабаванні агнём ці вадой, выпрабаванне жалезам (ордалии); прысягі (цалаванне крыжа). Князі, іх пасаднікі, іншыя службовыя асобы выконвалі функцыі пасрэднікаў у судовым працэсе, атрымліваючы за гэта пэўную суму – віру (штраф).
З канца Х ст. (пасля прыняцця хрысціянства) шэраг судовых спраў быў перададзены княжацкай уладай у ведамствы царквы. Царкоўнікі прыцягвалі да судовай адказнасці людзей, якія абвінавачваліся ў парушэнні хрысціянскай дагматыкі, абраднасці і царкоўных нормаў сямейнага права. Разам з княжаскім судом і судом феадалаў царкоўны суд з’яўляўся зброяй прыгнечання народных мас.
Вывучэнне княжацкіх статутаў, у прыватнасці старажытных тэкстаў Статута Яраслава, паказала, што напачатку роля царквы ў эвалюцыі старажытнарускага права і суда (працэсу) заключалася не столькі ва ўвядзенні новых караючых форм, колькі ва ўзурпацыі права суда па традыцыйных справах, якое належала ніжэйшым грамадскім арганізацыям. Так, у лік спраў, якія падлягалі вядзенню царквы, па Статуту Яраслава ўключаліся такія не ўласцівыя візантыйскаму царкоўнаму праву, але маючыя карані ў мясцовым жыцці старажытнарускага насельніцтва казусы, як незабеспячэнне бацькамі дачкі на выпадак іх смерці, скасаванне шлюбу з-за слепаты жонкі, замах на самагубства ў выніку прымусовага шлюбу, абраза чужой жонкі словам, абраза мужчыны пашкоджаннем валасоў, забойства ў час вяселля, абраза дзяўчыны адмовай ажаніцца на ёй пасля зговару і інш. Цяжка дапусціць, што ўсе гэтыя справы “вынайдзены” царквой з канца Х да сярэдзіны ХІ ст.
У судовай сістэме раннефеадальных княстваў-дзяржаў і пазней па традыцыі існаваў абшчынны (копны) суд, які падначальваўся феадальнай адміністрацыі і дзейнічаў да канца ХVIII ст. Ён разглядаў пераважна справы простых людзей. Суддзямі ў іх выступалі сяляне-гаспадары (“домохозяева”), іншыя садзейнічалі ў расследаванні спраў, трэція – удзельнічалі ў разборы. На судзе прысутнічалі старцы і прадстаўнікі дзяржаўнай або панскай адміністрацыі (возны або віж) у якасці ці то назіральнікаў за правільнасцю выканання копнага права, ці сведкаў.
Копныя суды разглядаліся як органы народнага правасуддзя, уяўлялі сабой пошук найбольш рацыянальнай дзейснай сістэмы прававога рэгулявання. Копнае судаводства мела дзе формы: звычайную капу (збіралася зацікаўленымі асобамі ў загадзя вызначаныя тэрміны – найчасцей прымяркоўвалася да рэлігійных свят) для разгляду пераважна грамадзянскіх спраў, межавых спрэчак, дробных крадзяжоў і гвалтоўную “капу” (“гарачую”, збіралася ў выпадках забойства, падпалу, нападу).
Копны суд збіраўся звычайна ў пэўных месцах – капавішчах, на майдане ў складзе 10 – 20 суддзяў – копных мужоў і копных старцаў. Копныя суддзі (звычайна, домаўласнікі) мелі роўныя галасы ў прыняцці пастановы. Копнае права не прызнавала саслоўнага падзелу грамадства, характэрнага для феадалізму. Таму ў копным судзе просты селянін і шляхціц часам выступалі як раўнапраўныя суб’екты працэсу. Пастановы копных судоў звычайна абскарджанню не падлягалі і выконваліся адразу, хаця прысутныя ад дзяржаўнай або панскай адміністрацыі (возны або віж) маглі затрымаць выкананне. Рашэнне копнага суда магло быць скасавана і ў выпадку, калі капа адбывалася не на сваім месцы.
Аператыўнасць разгляду спраў у копных судах спрыяла вырашэнню спраў паноў, шляхты, асабліва калі яны з’яўляліся істцамі ці зацікаўленымі асобамі. Згодна з копным правам злачынца мог быць адразу пакараны як штрафам ці лёгкім цялесным пакараннем, так і смерцю. Копнае судаводства характарызавала спалучэнне дзейнасці следчага і судовых органаў. Аб гэтым сведчыць неадкладнае збіранне гарачай капы па здзейсненаму злачынству для правядзення вышуку і праследавання (гону следа), а па затрыманні яго – неадкладнага асуджэння.
Копнае судаводства даволі цесна спалучала ў сабе нормы крымінальнага і грамадзянскага права, хаця гэта акалічнасць не была дастаткова акрэслена. Узбуджэнне ў ім справы не патрабавала выплаты папярэднай пошліны або выканання складаных папярэдніх дзеянняў. Змест рашэнняў копных судоў засноўваўся не на феадальным заканадаўстве, а на аснове правасвядомасці копных судоў. Абвінавачваны ў копным судзе выступае пераважна не як злачынец, а як шкоднік, абавязаны задаволіць патрабаванні істца (пацярпелага). Менавіта ад яго ініцыятывы залежаў выбар меры пакарання: “прощения” да пакарання смерцю. Ухіленне ад дачы паказанняў, нявыхад на капу разглядаліся як прыкмета саўдзелу ў правапарушэнні. Паказальна і тое, што ад копных мужоў, якія праводзілі следства, патрабавалася прысяга на прадмет таго, што ім нічога не вядома пра злачынцу.
Разам з тым нельга не пагадзіцца з думкай: недастаткова выяўлены сацыяльна-класавы антаганізм у старажытных дзяржавах-княствах не дазволіў суду заняць важнае месца ў сістэме ўлады старажытнай Беларусі.
ЛІТАРАТУРА

Асноўная
1. Вішнеўскі А. Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (IX – пачатак ХХ ст.). – Мн., 1996.
2. Вішнеўскі А. Ф., Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах / Са старажытных часоў да нашых дзён. Вучэб. дапаможнік – Мн., 2003.
3. История Беларуси в документах и материалах (с древнейших времен по ХХ- ст.) Сост. И. Кузнецов, Е. Мазец. – Мн., 2000.
4. Сокал С. Ф. Гісторыя дзяржавы і права БССР (дакастрычніцкі перыяд). – Мн., 1989.
5. Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Ч. 1. – Мн., 2000.
6. Юхо І. А. Крыніцы беларуска-літоўскага права. – Мн., 1991.

Дадатковая
1. Алексеев Л. В. Полоцкая земля в IX – XIII вв. – М., 1966.
2. Геродот. История в девяти книгах. Кн. 4. – Л., 1972.
3. Ермаловіч М. Старажытная Беларусь. – Мн., 1991.
4. Татищев В. Н. История Российская. Т. 1. – М. ; Л., 1962.
5. Полоцкие грамоты XIII – нач. XVI в.: В 5 ч. Под ред. Хорошке-вич А. Л. – М., 1977 – 1985.
6. Хрестоматия по истории Белоруссии с древнейших времен до 1917 г. – Мн., 1977.

ГЛАСАРЫЙ
Паняцце Сэнс паняцця
Партыкулярызм (раз’яднанасць) звычаёвага права старажытнасці Наяўнасць у кожнай мясцовасці сваіх звычаяў, норм і правіл пры адсутнасці агульнадзяржаўнай прававой сістэмы
Традыцыяналізм і кансерватызм прававых норм старажытнага звычаёвага права Нязменнасць норм права
Дуалізм (дваістасць) звычаёвага права Фармальнае раўнапраўе свабодных грамадзян пры фактычным існаванні пераваг пануючага класа і наяўнасці поўнага бяспраўя рабоў – халопаў і чэлядзі нявольнай
Віра Штраф, які паводле норм “Рускай Праўды” прызначаўся толькі забойцам
Прывілеі Граматы на велікакняжацкае пажалаванне як цэламу саслоўю, так і асобам
Капа Месца выканання язычніцкіх культаў, правядзення грамадскіх сходаў і судоў вяскоўцаў па разгляду спраў аб забойстве, крадзяжы, тэрытарыяльных спрэчках

ТЭСТ
1. Назавіце галоўныя крыніцы старажытнага права ўсходніх славян.
1. Звычаі і традыцыі паўночных народаў і германцаў
2. Права германскага народа
3. Права польскага народа
4. Свае старажытныя народныя звычаі і правілы

2. Якія за старажытныя помнікі пісанага права былі распаў-сюджаны на Беларусі ў ІХ – першай палове ХІІІ ст.
1. “Аповесць мінулых гадоў” 4. Княжацкія статуты
2. Граматы і дагаворы 5. “Слова пра паход Ігаравы”
3. ”Баркулабаўскі летапіс”

3. Узгадайце назвы асоб, упаўнаважаных дзяржаўнай або панскай адміністрацыяй на копным судзе
1. Возны 4. Віж
2. Лаўнік 5. Скарбнік
3. Староста 6. Цясляр

ТРЭНІНГ

1. Дайце вызначэнне звычаёвага і пісанага права.
2. Назавіце характэрныя рысы права старажытнай Беларусі.
3. Растлумачце сферу прававога зябеспячэння старажытным звычаёвым правам.
4. Як доўга ў часе звычаёвае права было пануючым у сістэме праваадносін?
5. Злачынствы і іх класіфікацыя старажытным правам.
6. Пакаранне і яго віды паводле старажытнага звычаёвага права.
7. Як вы разумееце праваздольнасць і адказнасць людзей старажытных дзяржаў на Беларусі?
8. Раскажыце пра абрад шлюбу паганскіх і хрысціянскіх часоў.
9. Ахарактарызуйце формы копнага судаводства.

ПАДЗЕЛЫ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ

АНАТАЦЫЯ
Выяўлены абумоўленасць падзелаў Рэчы Паспалітай і спробы рэфармавання яе дзяржаўнага ладу з мэтай выхаду з крызіснага стану. Адначасова ахарактарызаваны дакументы, паводле якіх праводзіліся падзелы, далучэнне беларускіх зямель да Расійскай імперыі.

ТЭМАТЫЧНЫ ПЛАН
1. Крызісы Рэчы Паспалітай напярэдадні перамен
2. “Дысідэнцкае пытанне” і першы падзел Рэчы Паспалітай
3. Другі і трэці падзелы
4. Прававая ацэнка падзелаў Рэчы Паспалітай

1. КРЫЗІСЫ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ НАПЯРЭДАДНІ ПЕРАМЕН

Напярэдадні апісваемых ніжэй падзей Рэч Паспалітая, у склад якой уваходзілі беларускія землі, знаходзілася ў вельмі неспрыяльных унутраных і знешніх палітычных абставінах. Яны прадвызначылі, у рэшце рэшт, спыненне існавання краіны. Галоўнымі прычынамі такога фіналу былі наступныя.
1. Вытокі яго паходзяць з часоў Люблінскай уніі 1569 г. Больш як двухсотгадовыя дзяржаўна-прававыя сувязі Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) і Кароны (Польшчы) пасля гэтай уніі былі складанымі і супярэчлівымі. Яны не толькі спарадзілі новую шматнацыянальную канфедэрацыю дзвюх дзяржаў – Рэч Паспалітую, але і нестабільнасць эканамічнага і сацыяльна-палітычнага жыцця, абумоўленую няўхільным пераўтварэннем яе ва унітарную дзяржаву на аснове распаўсюджвання польскіх узораў грамадскага ладу, запавольваннем самастойнага вырашэння пытанняў дзяржаўнага будаўніцтва беларускім этнасам, заняпадам беларускай культуры. Апошняе знайшло свой адбітак у так званай паланізацыі – апалячванні беларуска-літоўскай шляхты праз далучэнне яе да “польскіх шляхецкіх вольнасцей”.
Ва ўмовах працяглага тлеючага супрацьстаяння незалежніцкія настроі “літоўскай” шляхты былі скіраваны на адстойванне канфедэратыўнага характару грамадска-палітычнага ладу адпаведна з нормамі Статута ВКЛ 1588 г. Яны, вядома, юрыдычна замацавалі адасобленасць Вялікага княства Літоўскага (арт. 1, 4, раздз. 3), грамадзянства (арт. 12, раздз. 3), заканадаўства (арт. 1 раздз. 1; арт. 1 раздз. 3), судовага і адміністрацыйнага ладу (раздз. 4), арміі (раздз. 2), фінансаў (арт. 17, 29 раздз. 1). Не варта забываць аб праве пасла (дэпутата) агульных соймаў накладаць забарону (ліберум вета) на любое рашэнне і ўсю работу сойма. Складаны і супярэчлівы характар адносінаў паміж Вялікім княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім не мог не адбіцца на лёсе ўсёй Рэчы Паспалітай. Працяглая барацьба народаў ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай супраць гвалту польскай шляхты, за сваю дзяржаўнасць знясільвала абедзве дзяржавы, рабіла канфедэрацыю лёгкай здабычай замежных краін.
2. Палітычны крызіс, вядома, пастаянна падпітваўся далёкай ад дасканаласці формай дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай. У прыватнасці, адсутнасцю адзінай цэнтралізаванай улады ў краіне. Фармальна Рэч Паспалітая па форме праўлення з’яўлялася саслоўнай рэспублікай на чале з выбраным пасламі вальнага сойма манархам – каралём, уладу з якім падзяляла шляхта. Аднак на справе ў дзяржаве “кіравала балем” анархія. Значэнне цэнтральнай улады (каралеўскай і сойма) было падарвана ўзаемадзеяннем залатых шляхецкіх вольнасцей з прычыны існавання практыкі выбрання манарха на аснове абмежаваўчых умоў “Пакта канвента” і пастаноў сойма, якія абраны кароль павінен быў строга выконваць, а таксама прынцыпу “ліберум вета”, практыкай утварэння канфедэрацый і рокашаў (першапачаткова рокаш – з’езд усёй шляхты, потым – узброеныя выступленні супраць каралеўскай улады). У 1696 г. шляхта ВКЛ, падобна польскай шляхце, набыла правы кантролю за дзейнасцю караля, што пашырала магчымасці ўсёй шляхце ў супрацьстаянні каралю. Следаванне ўстаноўленым прынцыпам, правілам ці ўмовам абмежавання паўнамоцтваў караля зрабілі іх настолькі нязначнымі, што яны, як трапна заўважыў У. М. Ігнатоўскі, былі больш падобны не на правы, а на абавязкі (Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. Выд 5-е. Мн., 1992. С. 128).
Дэцэнтралізацыю ўлады ўзмацняла і права павятовых соймікаў дзейнічаць самастойна, у інтарэсах мясцовай шляхты. Абавязак дэпутатаў ад павятовых соймікаў прытрымлівацца іх інструкцый ускладняў работу вальнага (агульнага) сойму, бо не дазваляў дзейнічаць яму супраць пастановы павятовых соймікаў. Узвышэнне ролі апошніх, якія сталі на шлях прысвойвання функцыі заканадаўчай і судовай улады, аслабляла цэнтральную ўладу. Зрывы соймаў становяцца звыклай справай. Не выпадкова на працягу дзесяцігоддзяў сойм працаваў “у халастую”. Так, з 55 соймаў, што склікаліся з 1652 да 1764 гг., 48 было сарвана накладаннем вета (Вішнеўскі А. Ф., Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах. Мн., 2003. С. 139).
Такая абмежаванасць цэнтральнай ўлады Рэчы Паспалітай, пры адсутнасці адзінага для ўсёй дзяржавы ўраду рабіла, з аднаго боку, сувязі паміж Польшчай і ВКЛ вельмі слабымі, з другога – дазваляла магнатам і вярхам каталіцкай царквы даволі беспакарана самавольнічаць і стрымліваць распаўсюджванне новых сацыяльна-эканамічных і палітычных адносін на працягу не аднаго дзесяцігоддзя.
3. Палітычную сітуацыю ўскладнялі шматлікія войны (антыфеадальная вайна, 1648 – 1654гг. ; войны Рэчы Паспалітай з Расіяй (1654 – 1667) і Швецыяй (1655 – 1660); Паўночная (1700 – 1721). Яны з велізарнай разбуральнай сілай пракаціліся па тэрыторыі Беларусі і істотна падарвалі яе дэмаграфічны патэнцыял. Ваенныя спусташэнні ўскладняліся эпідэміямі і хваробамі, адсутнасцю ў дзяржаве пастаяннага войска. Феадальная знаць выступала супраць стварэння моцнага пастаяннага войска і адхіляла ваенныя рэформы: не хацела аддаваць частку сваіх прыгонных сялян у рэкруты і плаціць новыя падаткі для ўтрымання вайсковых фарміраванняў. Таму калі ў канцы ХVIII ст. над Рэччу Паспалітай навісла смяротная пагроза пазбаўлення дзяржаўнай незалежнасці, то яна не мела сучаснага войска і была не ў стане абараніць свае межы.
4. Палітычны крызіс узмацняла міжусобная барацьба магнацкіх груповак (у ВКЛ – Радзівілаў, Пацаў, Сапегаў, Чартарыйскіх, Агінскіх і інш.) за ўладу. У гэтай барацьбе магнаты карысталіся як подкупам асобных шляхціцаў, з дапамогай якіх зрывалі соймікі, так і тэрорам. Іх бясконцая канфрантацыя раздзірала краіну і інспіравала ўмяшанне замежных дзяржаў у яе ўнутраныя справы. Пры гэтым замежныя краіны, добра разумеючы, што вага ў ( -ip.com )міжнародных справах і само існаванне Рэчы Паспалітай істотна залежаць ад палітычнай стабільнасці ў ёй, дзеля сваіх інтарэсаў праяўлялі агульную зацікаўленасць ў захаванні там агрэсіі. Так, у 1720 г. Расія і Прусія ў Патсдаме абавязаліся падтрымліваць існуючыя ў Рэчы Паспалітай парадкі. У 1724 г. падобныя гарантыі ўсклала на сябе Швецыя, а ў 1726 г. – Аўстрыя (Краткая история Польши. М., 1993. С. 80). Такія захады суседніх урадаў знаходзілі падтрымку ў лагеры тых колаў магнатаў і шляхты, якім анархія ў краіне бачылася вышэйшым дабром. Між тым пашырэнне ўплыву суседніх дзяржаў на ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай – не толькі сведчанне дэмаралізацыі яе правячай арыстакратыі, але і паказчык глыбокага палітычнага заняпаду гэтай краіны. Асабліва актыўна ўмешваліся замежныя краіны ў перадвыбарчую барацьбу перыяду бескаралеўя, імкнучыся правесці на каралеўскі трон Рэчы Паспалітай свайго кандыдата і такім чынам забяспечыць свой уплыў на палітыку знясіленай дзяржавы. Пры гэтым яны не грэбавалі ні подкупамі сваіх прыхільнікаў, ні дыпламатычнымі сродкамі, ні непрыхаваным узброеным націскам. Феадальная анархія і бясконцыя магнацкія інтрыгі ў барацьбе за ўладу не спыняліся ні ў час дзяржаўных войнаў, ні пасля іх заканчэння.
5. Палітычны крызіс паглыбляўся ўзмацненнем феадальна-прыгоннага і нацыянальна-рэлігійнага прыгнечання (не без уплыву Брэсцкай уніі 1596г.), манапалізацыяй каталіцкім духавенствам сістэмы адукацыі. Вярхоўная ўлада Рэчы Паспалітай, не забараняючы рэлігійную шматканфесійнасць, няўхільна падтрымлівала толькі каталіцызм. Так, у 1732 і 1733 гг. сойм пазбавіў іншаверцаў права выбірацца ў дэпутаты соймаў, засядаць у трыбунале, займаць грамадзянскія пасады. Пратэстуючы супраць засілля каталіцкага духавенства, праваслаўная канфесійная меншасць шукала падтрымкі ў расійскага ўрада. Апошні свае захады ў абарону аднаверцаў грунтаваў адпаведна з ІХ артыкулам “вечнага” міру 1626 г. (Гісторыя Беларусі: У 2ч. Ч. 1. Са старажытных часоў да канца ХVІІІ ст. / Курс лекцый. Мн., 2000. С. 552). Гэта абвастрала антыфеадальную і нацыянальна-рэлігійную барацьбу сялян і гараджан. У 40-ых гг. ХVІІІ ст. выступленні сялян і гараджан ахапілі Гомельскае, Крычаўскае, Мазырскае і Чэрыкаўскае староствы, Мазырскі павет, Глускае графства, маёнтак Драчкава Мінскага ваяводства, Глуск і інш. Выступленні сялян і гараджан падрывалі асновы феадальна-прыгоннага ладу і паскаралі пагібель Рэчы Паспалітай, правячыя колы якой аказаліся няздольнымі ісці ў нагу з часам, прыстасавацца да капіталістычных адносін, якія развіваліся.
Такім чынам, ва ўмовах неабмежаванай дэмакратыі пануючага класа не толькі была прыкметна аслаблена манархічная ўлада, але і адміністрацыйнае кіраванне было даведзена да заняпаду. Адначасова былі страчаны шмат якія станоўчыя рысы духоўнасці і грамадзянскага сумлення. У першай палове XVІІІ ст. Рэч Паспалітая ўяўляла сабой дзяржаву, з інтарэсамі якой лічыцца было не абавязкова. Цэнтральная ўлада Рэчы Паспалітай, аслабленая шматлікімі атрыбутамі “залатой шляхецкай вольнасці”, рэзка кантраставала з рэжымамі абсалютысцкіх дзяржаў-суседзяў, якія ішлі да зеніту сваёй магутнасці. Дэманструючы яе, яны імкнуліся пашырыць свае тэрыторыі за кошт кволай Рэчы Паспалітай, выкарыстоўваючы і звароты да іх за дапамогай варагуючых паміж сабой розных магнацка-шляхецкіх груповак.
Тут нельга не ўзгадаць трапную характарыстыку палітычнага становішча тагачаснай Рэчы Паспалітай, якую даў Ф. Энгельс: “З пачатку васемнаццатага стагоддзя Польшча, згодна з выказваннямі саміх палякаў, трымалася бязладдзем (Polska nierzadem stoi), замежныя войскі бесперапынна акупіравалі ўсю краіну або прахадзілі цераз яе; яна служыла для іх заезным дваром і карчмой…, пры гэтым, аднак, як правіла, забываліся пра плату” (Маркс К., Энгельс Ф. Внешняя политика русского царизма // Сочинения. М., 1962. Т. 22. С. 18).

2. “ДЫСІДЭНЦКАЕ ПЫТАННЕ”
І ПЕРШЫ ПАДЗЕЛ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ

Нельга сказаць, што бязладдзе і анархія заставаліся па-за ўвагай палітычных сіл грамадства. Разам з тым толькі ў другой палове ХVIII ст., калі краіна апынулася ў стане поўнай анархіі і пагроза самому існаванню дзяржаўнасці стала рэальнасцю, у Рэчы Паспалітай разгарэлася барацьба за рэфармаванне грамадска-палітычнага ладу. Гэта была барацьба прыхільнікаў умацавання аўтарытэту цэнтральнай улады супраць прыхільнікаў анархіі, “залатой шляхецкай вольнасці”. Пры гэтым першыя і другія, не спадзеючыся на ўласныя сілы, звярталіся да суседніх дзяржаў за дапамогай. У выніку апошнія атрымалі шырокія магчымасці ўмешвацца ў вырашэнне “хатніх спраў” (паводле вызначэння У. Ігнатоўскага) Рэчы Паспалітай.
Пачатак рэальных рэформ адносіцца да дзейнасці сойма ў 1764 – 1765гг., калі групоўкамі Чартарыйскіх – прыхільнікамі рэформ дзяржаўнага ладу, было праведзена праз канвакацыйны сойм шэраг пастаноў адносна парадку дзейнасці сойма. Было абмежавана ўжыванне права “ліберум вета”. З мэтай паляпшэння спраў у фінансавай гаспадарцы ў якасці часовых органаў кіравання былі створаны дзве камісіі па фінансавых пытаннях: адна – для Польшчы, другая – для ВКЛ. Праз сойм былі праведзены і пастановы на ўладкаванне судовых і вайсковых органаў, якія падвергліся значнай рэарганізацыі. Пры гэтым сойм аднавіў самакіраванне ў каралеўскіх гаспадарках і замяніў гандлёвыя зборы, якія збіралі магнаты, генеральнай пошлінай. Гэтыя захады, хаця і не закраналі асноў палітычнага ладу дзяржавы, знайшлі як прыхільнікаў (у прыватнасці, з ліку магнатаў і шляхты, якія прыстасоўвалі сваю гаспадарку да ўмоў таварна-грашовых адносін), так і незадаволеных з боку найбольш рэакцыйнай часткі феадалаў, а таксама ўладаў Расіі і Прусіі. Дарэчы, Пецярбург запатрабаваў рашэння так званага дысідэнцкага пытання.
Тым не менш на элекцыйным сойме 1764 г. польскім каралём быў аб-раны, не без дапамогі Расіі, прадстаўнік групоўкі Чартарыйскіх Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Гэта дазволіла Чартарыйскім і іх прыхільнікам па-доўжыць рэформы. Было ліквідавана права “ліберум вета”, створана “канферэнцыя караля з міністрамі” – прататып кабінета міністраў, які ажыццяўляў выканаўчую ўладу, зроблены захады па ўпарадкаванні фінансавай сістэмы дзяржавы, скасаваны ўнутраныя мытні, уведзены генеральны мытны тарыф. Чарговыя рэформы меркавалася вызначыць на сойме ў 1766 г. Аднак іх змест не задавальняў Расію і Прусію. Не жадаючы ўзмацнення Рэчы Паспалітай, яны выступілі з пратэстам супраць асобных пунктаў праграмы рэформ. Тым больш што яшчэ вясной 1764 г. гэтыя саюзнікі па сакрэтнай дамоўленасці пацвердзілі ранейшае абавязацельства ўсімі сродкамі перашкаджаць (нават сілай зброі) рэфарміраванню існуючага парадку ў Рэчы Паспалітай, захоўваць там шляхецкую канстытуцыю, вольныя выбары караля і “ліберум вета”.
Падставай ці зачэпкай для ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай стала праблема пытання дысідэнтаў (праваслаўных, пратэстантаў і кальвіністаў), у тозе абаронцаў якіх Расія, Прусія і Аўстрыя выступалі згодна з ранейшымі пагадненнямі (у прыватнасці, дагавор 1686 г. паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай). Справа ў тым, што з абраннем на каралеўскі трон Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага палітыка ўлад да іншаверцаў не змянілася. Згодна з пастановай сойма 1764 г., пакаранню смерцю падлягаў кожны, хто пяройдзе з каталіцтва ў іншае веравызнанне. Пастановай сойма 1766 г., праведзенай прыхільнікамі Прусіі і Аўстрыі, ворагам абвяшчаўся той, хто асмельваўся сказаць слова на карысць іншаверцаў. Спробы рускага ўрада па заканчэнні сойма дамовіцца з Чартарыйскімі вырашыць “дысідэнцкае пытанне” і заключыць абаронча-наступальны саюз з Расіяй не знайшлі ўзаемапаразумення. І не без падстаў. Як паказаў ход падзей, суседзяў хвалявала не столькі вырашэнне пытанняў іншаверцаў у Рэчы Паспалітай, колькі магчымасць павялічыць свае тэрыторыі за кошт аслабелай унутранымі сваркамі польска-літоўскай дзяржавы (Гісторыя Беларусі. Ч. 1. С. 565).
Адмова правячых колаў Рэчы Паспалітай хутка ўраўняць дысідэнтаў (некатолікаў) у правах дазволіла апазіцыі пры падтрымцы Расіі і Прусіі наладзіць супрацьстаянне ў грамадстве з мэтай дасягнення роўнасці канфесій. У 1767 г. пры дапамозе Расіі і Прусіі ў Слуцку была абвешчана праваслаўная, а ў Торуні – пратэстанцкая канфедэрацыі. Адначасова была створана канфедэрацыя каталіцкай шляхты ў Радаме, схільнай да саюзу з Расіяй. Яна звярнулася да Кацярыны ІІ з просьбай паспрыяць адмене курсу рэформ і вяртанню да старых парадкаў. Кацярына ІІ не прымусіла сябе доўга чакаць: канфедэрацыі былі ўзяты пад яе апеку.
Пад ціскам Расіі ў 1768 г. сойм задаволіў памкненні дысідэнтаў ва ўраўнаванні іх грамадзянскіх правоў з католікамі (першым нават дазвалялася браць шлюб з католікамі), а таксама адмяніў амаль усе праведзеныя на сойме ў 1764 – 1765 гг. рэформы. Хаця пры гэтым у прынятым законе “Кардынальныя правы” ўтрымліваліся нормы, якія пазбаўлялі ўласнікаў маёнткаў права прыгаворваць залежных сялян да пакарання смерцю, устанаўлівалі крымінальную адказнасць шляхціца за забойства простага чалавека і на тэрыторыі Польшчы (ў межах ВКЛ гэта норма права была ўстаноўлена Статутам 1588 г.). Гарантам захавання правоў дысідэнтаў і нязменнасці дзяржаўнага ладу “Кардынальныя правы” прызнавалі расійскі ўрад. Так упершыню, як адзначыла С. Сяльверстава (Гісторыя Беларусі. Ч. 1. С. 566), дэ-юрэ ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай былі пастаўлены ў залежнаць ад пазіцыі Расіі. На думку У. Ігнатоўскага, такім чынам Расія атрымала як-бы пратэктарат над Польшчай (Ігнатоўскі У. М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. С. 160).
Гэта прывяло да ўтварэння ў г. Бары (паўднёва-заходняя Украіна) у 1768 г. канфедэрацыі, якая пачала ўзброеную барацьбу як за правы каталіцтва, так і супраць імкнення Кацярыны ІІ абмежаваць незалежнасць сойма. Пры гэтым канфедэратаў падтрымала Турцыя, якая як іх саюзнік восенню 1768 г. пачала вайну з Расіяй. У той жа час моцна паўплываў на ход падзей значны размах і адносна высокі ўзровень арганізацыі сялянскіх выступленняў супраць магнатаў і шляхты. У 1768 – 1769 гг. на тэрыторыі Украіны, Беларусі і Літвы антыфеадальны рух спалучаўся з барацьбой працоўных мас супраць нацыянальнага і рэлігійнага прыгнёту. Тым не менш уведзеныя на тэрыторыю Рэчы Паспалітай рускія ваенныя сілы сумесна з войскамі Станіслава Аўгуста разграмілі канфедэратаў і антыфеадальны рух сялянства. Аўстрыя, са свайго боку, выкарыстоўваючы напружаную сітуацыю ў Рэчы Паспалітай і занятасць Расіі вайной з Турцыяй, у 1770 г. прыступіла да захопу мяжуючых з ёю абласцей. Гэта выклікала незадаволенасць расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ і прускага караля Фрыдрыха ІІ.
Па сутнасці, кансерватыўная дзейнасць барскіх канфедэратаў з’явілася фактычнай прычынай пераходу дзяржаў-суседзяў да рэалізацыі даўняга намеру – пашырэння сваіх тэрыторый за кошт аслабленай унутранымі сваркамі Рэчы Паспалітай. Дарэчы, праект частковага падзелу гэтай дзяржавы Расія разглядала яшчэ ў 1763 г., Аўстрыя – у 1768-ым, а Прусія – у 1769-ым. З 1770г. Прусія і Расія рыхтавалі праект падзелу Рэчы Паспалітай у сакрэце ад Аўстрыі, якая ў пачатку 1772 г. далучылася да яго. Прычым Аўстрыя – “апякун” барскай канфедэрацыі, – першая краіна, якая явачным парадкам прыступіла да ліквідацыі дзяржаўнасці Рэчы Паспалітай. Згода Расіі на падтрымку прапановы Прусіі па змене тэрыторыі Рэчы Паспалітай стала неад’емнай умовай падзелаў, таму царызм таксама нясе адказнасць за тое, што адбылося.
5 жніўня (25 ліпеня) 1772 г. у Санкт-Пецярбургу была падпісана канвенцыя, у якой акрэсліваліся ўмовы і межы частковага падзелу Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй. Канвенцыя ўключала тры часткі або двухбаковыя акты: паміж Аўстрыяй і Расіяй, Расіяй і Прусіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Падзел тлумачыўся неабходнасцю аднаўлення “спакою і парадку ва ўнутраных справах рэспублікі” дзеля таго, каб суседзі Рэчы Паспалітай змаглі задаволіць свае патрабаванні “столь же древние, как и законные” (гл.: История Беларуси в документах и материалах. Мн., 2000. С. 110 –111; История Польши: В 3-х т. М., 1951. Т. 1. С. 322). Гэтыя тлумачэнні былі падмацаваны пералікам “старажытных правоў і законных прэтэнзій” суседніх дзяржаў на анексіраваныя землі. На самай справе галоўнай прычынай падзелу, як сведчаць уніклівыя даследчыкі, было жаданне больш моцных суседзяў Рэчы Паспалітай перапыніць палітыку рэформ і, выкарыстоўваючы момант, пашырыць тэрыторыі сваіх дзяржаў за кошт чужой зямлі.
Адпаведна з актам канвенцыі Прусія захапіла паўночна-заходнюю частку Польшчы, Аўстрыя – паўднёвую частку Польшчы і Галіцыю. Да Расіі адышлі землі на ўсход ад Дзвіны і Дняпра – Інфлянцкае ваяводства, найбольшая частка Полацкага і Віцебскага ваяводстваў, Мсціслаўскае ваяводства і Рагачоўскі павет Мінскага ваяводства. Акупіраваная Расіяй тэрыторыя склала 93 тыс. кв. км з насельніцтвам 1300 тыс. чалавек. Войскі трох дзяржаў акупіравалі далучаныя тэрыторыі. Выбраная на Варшаўскім сойме дэлегацыя 21 жніўня 1773 г. падпісала дагавор з Аўстрыяй, 1 верасня – з Расіяй, а 18 верасня – з Прусіяй, паводле якіх Рэч Паспалітая “добраахвотна” ўступіла анексіраваныя землі і “навечна” адраклася ад усіх прэтэнзій на іх. 28 верасня 1773 г. сойм аднагалосна ўхваліў падзел краіны, зацвердзіў умовы ўдзельнікаў падзелу. 18 (29) верасня паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай быў падпісаны трактат “пра аднаўленне міру паміж абедзвюма дзяржавамі і пра далучэнне ад Польшчы да Расіі некаторых зямель”. У акце ад 15 (26) сакавіка 1775 г. Расія гарантавала Рэчы Паспалітай захаванне кардынальных правоў. 11 красавіка 1775 г. гэты акт, як і дагавор пра падзел, атрымаў фармальную санкцыю сойма ў Варшаве (Філатава А. Першы падзел Рэчы Паспалітай // Энцыкла-педыі гісторыі Беларусі. Т. 5. Мн., 1999. С. 483; Анішчанка Я. Сойм 1773 – 1775 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Кн. 1. Мн., 2001. С. 382).

3. ДРУГІ І ТРЭЦІ ПАДЗЕЛЫ

Пасля першага падзелу становішча ў Рэчы Паспалітай змянілася нязначна. Саперніцтва магнацкіх груповак за ўладу працягвалася. У 80-ыя гг. ХVIIІ ст. прагрэсіўная частка шляхты і буржуазіі ўтварыла палітычны блок, вядомы ў навуковай літаратуры як “патрыятычная партыя” шляхецка-буржуазнага блока, з мэтай актывізацыі рэфармавання дзяржаўнага ладу. Сярод яго прадстаўнікоў былі С. Сташыц, Г. Калантай, Ф. Язерскі і інш. Шляхецкім рэфарматарам супрацьстаяла старашляхецкая партыя, якая адлюстроўвала інтарэсы магнацка-клерыкальнай рэакцыі. Яе прыхільнікі рабілі максімум магчымага для захавання старых феадальных адносін, шляхецкіх прывілеяў, існуючага палітычнага ладу. Прычым і гэтыя палітычныя сілы імкнуліся атрымаць падтрымку ў замежных дзяржаў.
Пагроза знешняй бяспекі і паглыбленне сацыяльна-палітычнага супрацьстаяння паскорылі рэфарматарскую дзейнасць. Значная частка рашэнняў сойма 1773 – 1775 гг., які вымушана ўзаконіў Пецярбургскую канвенцыю (як і наступных соймаў), была накіравана на паляпшэнне апарату кіравання і прыстасаванне грамадскага ладу да новых патрэб краіны пад чужаземнай апекай. Так, пад уплывам Кацярыны ІІ ў 1775г. была створана Пастаянная Рада (як выканаўча-распарадчы орган) для ажыццяўлення функцый цэнтральнага ўрада паміж соймамі. На справе, аднак, Рада, будучы падкантрольнай невялікай групе магнатаў і рускаму паслу, аказалася няздольнай вырашаць надзённыя дзяржаўныя справы. Фактычна Рэч Паспалітая заставалася дзяржавай без урада. У 1789 г. “рада здрады”, як яе называлі сучаснікі, была распушчана.
Соймам 1773 – 1775 гг. была створана Адукацыйная камісія, якая займалася пытаннямі арганізацыі і развіцця асветы. Варта ўзгадаць і аб прынятым соймам шэрагу заканадаўчых актаў па пытаннях гандлю, прамысловасці, прававога становішча мяшчан і шляхты. Разам з тым, кажучы словамі Я. Анішчанкі, прынятыя соймам захады па дзяржаўнаму ўладкаванню канчаткова аформілі сістэму пратэктарату Расіі над унутраным ладам і знешнімі сувязямі Рэчы Паспалітай (Анішчанка Я. Сойм 1773 – 1775 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Кн. 1. Мн., 2001. С. 383).
Найбольш значнымі і вядомымі спробамі правядзення прагрэсіўных рэформ лічыцца чатырохгадовы сойм, які пачаў дзейнасць у 1788 г. Ён абвясціў сябе канфедэрацыяй, што паралізавала дзеянне прынцыпу “ліберум вета”, дазволіла прымаць рашэнні простай большасцю галасоў (у 1790 г.). Напярэдадні заканчэння паўнамоцтваў дэпутатаў патрыёты дабіліся працягу сваёй работы яшчэ на два гады і правядзення дадатковых выбараў у сойм. Апошняе істотна пашырыла кола прыхільнікаў рэфарматараў (да 181 супраць 69). Гэта спрыяла правядзенню імі некалькі наспелых рэформ, накіраваных на ўмацаванне ўлады, хаця і палавінчатых. У 1790 г. сойм прыняў закон аб непадзельнасці і неадчужальнасці тэрыторыі дзяржавы і ўвёў пакаранне за хабар і дзеянні на карысць замежных дзяржаў (Анішчанка Я. Другі падзел Рэчы Паспалітай // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мн., 1996. Т. 3. С. 287).
У студзені 1791г. сойм прыняў новыя “Кардынальныя правы”. Імі абвяшчалася суверэннасць Рэчы Паспалітай. Любая чужаземная гарантыя захавання існуючага становішча прызнавалася “накіраванай супраць незалежнасці Рэчы Паспалітай”. Пры гэтым яна абвяшчалася недзялімай дзяржавай. Адначасова з наданнем каталіцкай рэлігіі дамінуючага становішча дэкларавалася свабода іншых хрысціянскіх веравызнанняў, свабода слова і друку (пры пэўных абмежаваннях). “Кардынальнымі правамі” Рэч Паспалітая аб’яўлялася прававой дзяржавай, у якой вяршэнства належыць закону, прынятаму соймам.
Буржуазны характар рэформ праявіўся ў Законе аб сойміках ад 24 сакавіка 1791г. і Законе аб гарадах ад 21 сакавіка 1791г. Паводле першага закона беззямельная шляхта пазбаўлялася выбарчых правоў, што сведчыла аб адмове ад саслоўнага прынцыпу на карысць маёмаснага, характэрнага для буржуазнага выбарчага права. Згодна з другім законам “Гарады нашы каралеўскія свабодныя ў дзяржавах Рэчы Паспалітай” ствараліся спрыяльныя ўмовы для скасавання прывілеяванага становішча шляхты і пашырэння яе вольнасцей на мяшчан. Гэта дазволіла ўмацаваць палітычныя пазіцыі шляхецка-буржуазнага блока і працягнуць рэформы дзяржаўнага ладу. Пры гэтым за мяшчанамі ўсіх каралеўскіх гарадоў было прызнана права асабістай недатыкальнасці (на тэрыторыі ВКЛ шляхта ім карысталася паводле Статута 1588 г.); набываць зямельныя маёнткі; займаць ніжэйшыя пасады ў дзяржаўных установах і судах, быць адвакатамі. Мяшчане атрымалі права быць абранымі ў сойм з правам дарадчага голасу, абіраць органы самакіравання, уводзіцца соймам у шляхецкі стан.
Актыўная заканадаўчая дзейнасць сойма значна змяніла канстытуцыйнае права краіны і стварыла спрыяльныя ўмовы для прыняцця прагрэсіўнай Канстытуцыі. 3 мая 1791 г. шляхецкім рэфарматарам удалося зацвердзіць новую Канстытуцыю – “Закон аб урадзе”. Хаця ў ёй адсутнічаў раздзел па дзяржаўнаму ўладкаванню, яна ўносіла пэўныя паляпшэнні ў палітычную сістэму шляхам ліквідацыі такіх паралізуючых законаў, як “ліберум вета” і ўтварэнне канфедэрацыйных соймаў. Несумненная прагрэсіўнасць Канстытуцыі выражалася ў рэгуляванні правоў і абавязкаў грамадзян, пад якімі разумеліся ўсе жыхары краіны. Істотнае значэнне мела ўзмацненне выканаўчай улады караля і стварэнне пры ім савета “Аховы законаў” – вышэйшага выканаўчага органа ўрада, – а таксама тое, што выбарнасць караля замянялася выбарнасцю дынастыі (раздз. VII). Быў абвешчаны прынцып падзелу ўлады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую (разд. V). Вызначаны структура і паўнамоцтвы сойма (раздз. VI). Сойм (двухпалатны) пераўтвараўся ў дзейсны заканадаўчы і кантралюючы орган дзяржавы (гл.: Вішнеўскі А. Ф., Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах. С. 158 – 166; История Беларуси в документах и материалах. Мн., 2000. С. 103 – 108).
З увядзеннем спадчыннай манархіі і цэнтралізаванай выканаўчай улады саюзная дзяржава станавілася унітарнай. Гэта значыць, ліквідаваліся рэшткі дзяржаўнасці ВКЛ. Паводле назіранняў У. Ігнатоўскага, Канстытуцыя абвясціла поўнае зліццё Польшчы і Літоўска-Беларускай дзяржавы ў адзіны непадзельны арганізм. Існуе, аднак, думка, што новая Канстытуцыя “зафіксавала” зліццё Польшчы і Літвы (Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. С. 162; Бардах Ю., Леснодарский Б., Пиетрчак М. История государства и права Польши. М., 1980. С. 293). Абвяшчалася неабходнасць збліжэння сацыяльна-палітычных правоў шляхты з мяшчанствам (як праз сваіх паслоў у сойме, так і набыццё зямлі па-за межамі гарадоў; раздз. ІІІ), асабістая свабода кожнаму, “хто толькі адной нагой ступіць на польскую зямлю” (раздз. ІV), што, як лічылі рэфарматары ў сойме, прыцягне з Расійскай імперыі сялян у запланаванае 100-тысячнае войска. Але ўсё гэта выклікала процідзеянне не толькі з боку суайчыннікаў – прыхільнікаў нязменнасці саслоўнага ладу Рэчы Паспалітай, але і з боку Расіі.
Разам з тым прагрэсіўнасць Канстытуцыі была абмежавана захаваннем практычна недатыкальнымі як усіх правоў і прывілеяў шляхты, так і прыгоннага гнёту, бяспраўя сялянства. Абмежаваная свабода веры пакідала за каталіцтвам пануючае становішча ў грамадстве (раздз. І).
У цэлым Канстытуцыя 3 мая была прагрэсіўным актам, бо ліквідавала анархію, стварала больш спрыяльныя ўмовы для развіцця капіталістычных адносін. Яна стала вяршыняй таго грамадска-палітычнага ўздыму ў Рэчы Паспалітай, якім былі адзначаны апошнія дзесяцігоддзі ХVIII ст. Аднак Канстытуцыя выклікала незадаволенасць у старашляхецкай партыі і каталіцкай царквы. У выніку палажэнні яе не былі рэалізаваны.
Унутрыпалітычныя сутыкненні ў Рэчы Паспалітай развіваліся ў цеснай узаемасувязі з міжнароднымі адносінамі. Старашляхецкая партыя абапіралася на падтрымку Расіі, а шляхецкія рэфарматары і патрыятычная партыя – на падтрымку Прусіі. Дарэчы, прускі кароль Фрыдрых Вільгельм ІІ у дэкларацыі сойма выказаў жаданне бачыць Рэч Паспалітую незалежнай. Гэта, аднак, не пашкодзіла Прусіі весці справу да таго, каб выклікаць у Кацярыны ІІ незадаволенасць унутраным становішчам і знешняй палітыкай Рэчы Паспалітай. Па дасягненні гэтай мэты пруская дыпламатыя пакінула сваіх былых партнёраў і выказала гатоўнасць заключыць з Расіяй пагадненне з мэтай чарговага падзелу Рэчы Паспалітай. Адпаведныя захады Прусія распачала яшчэ ў 1789г. У пачатку 1792г. Расія паспела да рэалізацыі прапаноў прускага караля па новым раздзеле Рэчы Паспалітай. Гэтаму спрыяла як завяршэнне вайны Расіі з Турцыяй (1787 – 1791), так і паводзіны часткі польскай шляхты, якая ў супрацьстаянні прагрэсіўным палажэнням Канстытуцыі і дзеля сваёй перамогі звярнулася за дапамогай да Кацярыны ІІ.
Каб ліквідаваць Канстытуцыю, яны па дамоўленасці з Кацярынай ІІ у маі 1792 г. стварылі Таргавіцкую (м. ва Украіне) канфедэрацыю. Пры гэтым канфедэраты звярнуліся да Расіі за ваеннай дапамогай з мэтай аднаўлення перадсоймавай сістэмы кардынальных правоў, гарантам якіх царыца была паводле соймавых канстытуцый 1768 і 1775 гг. Рускія войскі не прымусілі сябе доўга чакаць. Яны забяспечылі перамогу таргавічан і прадвызначылі новае расчляненне дзяржавы. Прускія войскі са свайго боку (нібыта для спынення польскага бязладдзя) занялі заходнія правінцыі Польшчы.
З мэтай ажыццяўлення новага падзелу Рэчы Паспалітай ўрад Расійскай імперыі ў канцы 1792 – пачатку 1793 г. пачаў перамовы з урадамі Прусіі і Аўстрыі. 23 студзеня 1793 г. Расія і Прусія заключылі тайную Пецярбургскую канвенцыю для скасавання Канстытуцыі 3 мая 1791 г. і аб сумесных дзеяннях на выпадак узброенага супраціўлення анексіі тэрыторый Рэчы Паспалітай. 27 сакавіка 1793 г. яны абвясцілі акты аб акупацыі вызначаных доляў. У выніку Расія атрымала цэнтральную частку Беларусі да лініі Друя – Пінск, а таксама Заходнюю Украіну і Падолію – усяго 280 тыс. кв. км з 3 млн жыхароў. Да Прусіі адышлі спрадвечныя польскія землі: Вялікапольшча, Мазовія, Гданьск, і Торунь (гл.: История Польши. Т. 1. С. 341 – 342; Гісторыя Беларусі. Ч. 1. С. 571 – 572; История Беларуси в документах и материалах. С. 111 – 114).
Гродзенскі сойм 1793 г., які пачаў работу 17 чэрвеня, ратыфікаваў падзельныя трактаты з Расіяй і Прусіяй і 25 верасня 1793 г. саступіў анексіраваную частку ВКЛ “на вечныя часы” Расійскай імперыі. Сойм адмяніў Канстытуцыю 1791г. і прыняў новую. Яна цалкам адпавядала інтарэсам Расійскай імперыі. Аднак і гэта Канстытуцыя засталася на па-перы, Рэч Паспалітая губляла сваю незалежнасць пад нарастаючым уплывам на яе ўнутраныя справы іншаземцаў.
Рэакцыйныя дзеянні таргавічан і захопніцкая палітыка замежных дзяржаў сутыкнуліся з вострай незадаволенасцю прагрэсіўных колаў шляхты і гараджан. Яе апагеям стала паўстанне пад кіраўніцтвам прадстаўніка беларускага шляхецкага роду Т. Касцюшкі ў 1794 г. Супраць рэшткаў Рэчы Паспалітай выступілі Прусія, Аўстрыя і Расія. Падаўленне паўстання дазволіла ім захапіць усю тэрыторыю Рэчы Паспалітай і канчаткова ліквідаваць яе дзяржаўнасць. Распачатыя летам 1794 г. перамовы аб падзеле яе цягнуліся амаль да лістапада 1795г. і завяршыліся дамоўленасцю аб канчатковым падзеле знясіленай дзяржавы. Адпаведныя дагаворы былі падпісаны: Расіяй з Аўстрыяй 23 снежня 1794 г. (3 студзеня 1795 г.), а Расіяй з Прусіяй – 24 кастрычніка 1795 г. Трохбаковую канвенцыю пра падзел Рэчы Паспалітай Расія, Прусія і Аўстрыя падпісалі ў Пецярбургу 13 (24) кастрычніка 1795 г. 24 лістапада 1795 г. гэтыя дзяржавы пагадзіліся ўрэгуляваць спрэчныя пытанні, ў тым ліку адносна даўгоў караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Апошні 25 лістапада падпісаў акт адрачэння ад трона. Канчаткова тэрытарыяльныя долі падзелу былі зацверджаны трохбаковай камісіяй 21 лістапада 1796г. (гл.: История Польши. Т. 1. С. 354; История Беларуси в документах и материалах. С. 115 – 116; Белоруссия в эпоху феодализма. Мн., 1961. Т. 3. С. 72 – 74; Анішчанка Я. Трэці падзел Рэчы Паспалітай // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мн., 2001. Т. 6. Кн. 1. С. 535). Пры гэтым да Расіі адышлі Літва, Курляндыя, заходнія раёны Беларусі і заходняя частка Валыні (120 тыс. кв. км, 11, 2 млн чалавек). Прусія і Аўстрыя захапілі карэнныя польскія землі (95 тыс. кв. км, 22,5 млн чалавек).
Рэч Паспалітая, якая існавала як дзяржава больш за 200 гадоў, пера-стала існаваць. Беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Заня-паду і знікненню гэтай дзяржавы спрыялі шэраг прычын. Частка з іх была закладзена ў складаным і супярэчлівым характары ўзаемаадносін паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім княствам Літоўскім, другая – у слабых сувязях паміж рознымі рэгіёнамі дзяржавы, трэцяя – у неабмежаваных шляхецкіх вольнасцях, якія зрабілі караля выбарнай асобай з амаль дэкаратыўнымі функцыямі, чацвёртая – у рэзкіх сацыяльных канфліктах, пятая – у канфесійнай і этнічнай стракатасці. Нарэшце ўплыў знешняга фактару, зацікаўленасць замежных дзяржаў у падтрымцы супярэчнасцей паміж феадальнымі групоўкамі Рэчы Паспалітай з мэтай знішчэння палітычнага існавання краіны і паслядоўнага захопу яе зямель. Аслабле-ная ўнутранымі супярэчнасцямі Рэч Паспалітая і абедзве дзяржавы ў яе складзе ВКЛ і Польшча у выніку трох падзелаў спынілі сваё дзяржаўнае існаванне.

4. ПРАВАВАЯ АЦЭНКА ПАДЗЕЛАЎ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ

У заняпадзе Рэчы Паспалітай праглядаецца гістарычная заканамернасць спынення функцыянавання практычна замарожаных, нязменных дзяржаўных інстытутаў. Але нельга недаацэньваць праяў агрэсіўнай міжнароднай палітыкі манархій Расіі, Прусіі, Аўстрыі, якія, імкнучыся атрымаць землі Рэчы Паспалітай, рабілі ўсё магчымае для ўмяшання ва ўнутраныя справы краіны, што не адпавядала прынцыпам міжнароднага права.
На сацыяльна-палітычны і эканамічны вектар развіцця Беларусі асноўны ўплыў аказала Расія. У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай тэрыторыя Беларусі была далучана да Расійскай імперыі.
У літаратуры распаўсюджана думка, што нібыта падчас падзелу Рэчы Паспалітай расійскі ўрад зыходзіў з пачуцця племянной еднасці “вялікарусаў” з беларусамі і імкнуўся вызваліць гэты “рускі” народ з-пад уціску Польшчы. Але на справе тут племянное, нацыянальнае або рэлігійнае пачуццё з’яўлялася другарадным. Хаця нельга не ўлічваць, што расійскі ўрад не толькі быў заклапочаны міжканфесійнымі адносінамі ў Рэчы Паспалітай, але і прымаў захады да абароны дысідэнтаў (праваслаўных і пратэстантаў). Аднак праўда і ў тым, што гэта рабілася з палітычных меркаванняў, пераважна з мэтай ліквідацыі неспакойнага суседа – Рэчы Паспалітай.
Пры падзелах знясіленай Рэчы Паспалітай было ігнаравана міжнароднае правіла – не выстаўляць ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі прэтэнзій, якія не маюць пад сабой асноў або даўно страцілі значэнне. Адсюль, уяўляецца, непаслядоўнасць, а то і двурушнасць у абгрунтаванні імі сваіх намераў у адносінах з суседняй дзяржавай. Калі ў дэкларацыях 1763 і 1764 г. Кацярына ІІ запэўнівала ў сваіх імкненнях “захаваць Рэч Паспалітую ў цяперашнім яе стане, у правах, вольнасцях і асновах, роўна як і ў граніцах”, то падчас падзелаў лічылася, што далучаюцца “землі, якія здаўна Расіі належалі, грады рускімі князямі створаныа, і народы агульнага з расіянамі паходжання і ім аднаверныя”. Паслы Прусіі і Аўстрыі ў Варшаве ў сваю чаргу заяўлялі, што іх манархі абураны чуткамі аб падзелах Польшчы і Літвы. Аднак праз пэўны час Аўстрыя стала сцвярджаць, што ў ХIII – XIV стст. Галіцкая і Уладзіміра-Валынскае княствы належалі Венгрыі, а Прусія стала выступаць у якасці спадкаемцы Ордэна крыжаносцаў, прэтэндуючы на каралеўскую Прусію.
Паказальна і тое, што пасля другога падзелу ўнутранныя пытанні Рэчы Паспалітай вырашаў расійскі пасланнік, мінуючы караля і сойм; па ўсёй краіне былі дыслацыраваны войскі. Акупацыя тэрыторыі адбывалася яшчэ да падпісання дакументаў аб падзеле. Пры гэтым ніхто не цікавіўся інтарэсамі народаў, якія жылі на гэтай зямлі і ў выніку ваенных дзеянняў пераходзілі ад адной дзяржавы да другой.
Але нельга не пагадзіцца з той высновай, што адной з галоўных прычын дзяржаўнай катастрофы з’явілася няздольнасць дэмакратычных інстытутаў Рэчы Паспалітай выпрацаваць цэнтралізатарскія пачаткі функцыяніравання структур апарата ўлады. З другога боку, кіруючыя колы краіны не змаглі (не без дапамогі неймавернага знешняга ціску) адарвацца ад старой сістэмы дзяржаўнага ўладкавання з мэтай выхаду на новы віток палітычных і сацыяльна-эканамічных адносін. Для гэтага ім неабходна было змагацца перш за ўсё з сабой, са сваёй легкадумнасцю, расслабленасцю і бяздейнасцю – грахамі тагачаснага польска-літоўскага і ў найбольшай ступені польскага светаразумення, якія выявіліся ва ўсёй непрыгляднасці ў апошнія дзесяцігоддзі існавання краіны. Яны занадта многа турбаваліся аб ахове сваіх групавых інтарэсаў, аб індустрыі забаў, але не клапаціліся аб тым, каб дасягнуць згоды і спакою ў грамадстве, і таму прагледзелі, як на ўнутраныя справы краіны ўплыў іншаземцаў стаў вызначальным, а потым дзесяцігоддзі пажыналі горкія плады, пакрываючы іх вымушанай рызыкай і непазбежнымі чалавечымі стратамі.

ЛІТАРАТУРА

Асноўная
1. Белоруссия в эпоху феодализма // Сб. документов и материалов: В 4-х т. – Мн., 1961. Т. 3.
2. Бардах Ю. Штудыі з гісторыі Вялікага княства Літоўскага / Пер. з польск. – Мн., 2002.
3. Вішнеўскі А. Ф., Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах / Са старажытных часоў да нашых дзён: Вучэб. дапамож. – Мн., 2003.
4. Доўнар-Запольскі М. В. Гісторыя Беларусі. – Мн., 2003.
5. Гісторыя Беларусі. Курс лекцый. Ч. 1. Са старажытных часоў да канца ХVIII ст.: У 2 ч. – Мн., 2000.
6. История Беларуси в документах и материалах. Сост. И. Кузнецов, Е. Мазец. – Мн., 2000.
7. Хрестоматия по истории Беларуси: С древнейших времен до 1917 г. Сост. А. П. Игнатенко, В. Н. Сидорцов. – Мн., 1977.
8. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6-ці т. – Мн., 1993-2003.
9. Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Ч. 1. – Мн., 2000.

Дадатковая
1. Анішчанка Я. К. Інкарпарацыя, Літоўская правінцыя ў падзелах Рэчы Паспалітай. – Мн., 2003.
2. Бардах Ю., Леснородский Б., Пиетрчак М. История государства и права Польши. – М., 1980.
3. 210 год Канстытуцыі Рэчы Паспалітай: Гісторыя. Права. Традыцыі / Матэрыялы міжнар. навук. канф. Мінск, 27 крас. 2001. – Мн., 2002.
4. Дневник Люблинского сейма 1569г. – СПб., 1869.
5. История Польши: В 3-х т. / Под ред. В. Д. Королюка, И. С. Мил-лера, П. Н. Третьякова. Т. 1. – М., 1951.
6. Краткая история Польши: С древнейших времен до наших дней. – М., 1993.
7. Макарова Т. И. Утраченный шанс // Родник. 1991. № 5.
8. Прыбытка Г. Барацьба магнацкіх груповак у ХVIII ст. // Спадчына. 1996. № 1.
9. Шаўцоў Ю. “Літоўскі сэпаратызм” канца ХVІ стагоддзя. // Спадчына. 1995. № 2.

ГЛАСАРЫЙ

Паняцце Сэнс паняцця
Адукацыйная камісія Галоўны орган, які праводзіў у 70-ыя гг. ХVIII ст. агульную рэформу асветы ў Рэчы Паспалітай. Створана соймам у 1773 г.
Дысідэнты Асобы, якія не падзяляюць пануючага ў краіне веравызнання. У Рэчы Паспалітай ХVII – ХVIII стст. – хрысціяне – некатолікі (праваслаўныя і пратэстанты)
Канфедэрацыі Часовыя ваенна-палітычныя саюзы шляхты, гарадоў, духавенства ў Рэчы Паспалітай у другой палове ХVI- ХVIII стст. Згодна з Генрыхаўскімі артыкуламі ў выглядзе канфедэрацыі абвяшчалася адмаўленне ад падпарадкавання каралю і выступленне супраць яго (Слуцкая – 1767 г., Барская – 1768 г., Таргавіцкая – 1792 г. і інш.)
“Ліберум вета” Правіла ў дзяржаўным праве Вялікага княства Літоўскага (і Рэчы Паспалітай), паводле якога кожны дэпутат сойма ці сойміка мог (нават без абгрунтавання) выказаць нязгоду (літаральна – свабода забароны) з любой соймавай пастановай, што азначала спыненне пасяджэння, скасоўвала ўсе прынятыя на гэтым пасяджэнні рашэнні. Гэтае правіла з’яўлялася побач з выбарнасцю каралёў адным з асноваўтваральных у шляхецкай “канстытуцыі”, накіраванай на ўмацаванне палітычных пазіцый магнатаў і шляхты за кошт аслаблення каралеўскай улады
Люблінская унія 1569 г. Пагадненне аб дзяржаўна-палітычным саюзе Вялікага княства Літоўскага з Польшчай, паводле якога ўтварылася федэратыўная дзяржава – Рэч Паспалітая
Рэч Паспалітая (З лац. – рэспубліка). Пасля Люблінскай уніі 1569 г. афіцыйная назва феадальнай федэратыўнай дзяржавы, у якую аб’ядналіся Польшча (Карона) і Вялікае княства Літоўскае (Княства або Літва)
Сойм (сейм – ) Саслоўна – прадстаўнічы орган вышэйшай заканадаўчай і часткова судовай улады ў Рэчы Паспалітай
Соймік Сход шляхты павета (ваяводства) Рэчы Паспалітай (і Вялікага княства Літоўскага), дзейнасць якога рэгламентавалася нормамі права; элемент сістэмы органаў дзяржаўнай улады (заканадаўчай, выканаўчай і судовай), дзякуючы якому шляхецкая супольнасць павета ўдзельнічала ў рабоце органаў мясцовай улады і самакіравання, а таксама ў выбарах дэпутатаў (паслоў) у агульнадзяржаўны сойм
Унітарная дзяржава Краіна, дзе адсутнічае федэратыўны лад

ТЭСТ

1. Назавіце час утварэння Слуцкай і Торуньскай канфедэрацый

1. 1764 г. 3. 1768 г.
2. 1767 г. 4. 1772 г.
5. 1792 г.

2. Выявіце найбольш вядомых прадстаўнікоў шляхецка-буржуазнага блока ў Рэчы Паспалітай, праграмай якога было прыстасаванне феадальнага ладу да патрэб капіталістычнага развіцця

1. Браніцкі. К. 3. Патоцкі М. 5. Сташыц С.
2. Калантай Г. 4. Ржэвускі С. 6. Язерскі Ф.

3. Узгадайце час утварэння Віленскай, Магілёўскай, Мінскай, Полацкай, Пскоўскай і Слонімскай губерняў, у склад якіх увайшлі беларускія землі па іх далучэнні да Расійскай імперыі

1. 1768 г. 3. 1775 г. 5. 1792 г. 7. 1795 г.
2. 1772 г. 4. 1776 г. 6. 1793 г. 8. 1796 г.

4. У выніку якога падзелу Рэчы Паспалітай паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй адбылося далучэнне да апошняй заходняй часткі Беларусі і Жамойціі

1. 1772 г. 2. 1793 г. 3. 1795 г.
ТРЭНІНГ

1. У чым выявіўся федэратыўны характар Рэчы Паспалітай?
2. Выявіце змест “Генрыхавых артыкулаў”.
3. Ахарактарызуйце змест традыцый “Пакта канвента”.
4. Растлумачце працэдуру выбрання новага караля Рэчы Паспалітай.
5. Раскрыйце змест выразу “дысідэнцкае пытанне”.
6. Якая зачэпка была выкарыстана Расіяй для правядзення першага падзелу Рэчы Паспалітай?
7. Апішыце прававыя акты аб першым падзеле Рэчы Паспалітай, працэдуру іх падпісання і зацвярджэння.
8. Вызначце перадумовы другога падзелу Рэчы Паспалітай і ролю Таргавіцкай канфедэрацыі ў гэтым працэсе.
9. Назавіце прычыны трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, прававыя акты па яго правядзенні.
10. Дайце характарыстыку зместу Канвенцыі дзяржаў-агрэсараў і Трактата 1793 г. аб падзеле Рэчы Паспалітай.
11. Разглядзіце ў храналагічнай паслядоўнасці ход далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі, іх адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу і кіравання.
12. Якія прынцыпы міжнароднага права былі парушаны пры ажыццяўленні падзелу Рэчы Паспалітай?
13. Ці можна даць адназначную ацэнку ўключэння беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі?

ЗАХОДНЯЯ БЕЛАРУСЬ У СКЛАДЗЕ ІІ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ: ПРАВАВЫ (1921 – 1939 гг.).
УЗ’ЯДНАННЕ З БЕЛАРУСКАЙ ССР

АНАТАЦЫЯ
Выкладзены юрыдычныя аспекты ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад ІІ Рэчы Паспалітай, асноўныя рысы канстытуцыйнага ладу Польшчы і грамадска-палітычнага жыцця на заходнебеларускіх землях. Адначасова паказана барацьба супраць нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту, асвятляюцца падзеі ўз’яднання Заходняй Беларусі з Беларускай ССР.

ТЭМАТЫЧНЫ ПЛАН
1. Рыжскі мірны дагавор і сутнасць сапраўднага статуса Заходняй Беларусі
2. Органы ўлады і кіравання: вышэйшыя і мясцовыя
3. Нацыянальна-вызваленчы рух
4. Міждзяржаўныя дамоўленасці СССР і Германіі аб размежаванні “сферы інтарэсаў”
5. Часовыя органы кіравання ў Заходняй Беларусі і ўз’яднанне тэрыторыі Беларусі
6. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа і стварэнне мясцовых органаў савецкай улады ў заходніх абласцях

1. РЫЖСКІ МІРНЫ ДАГАВОР І СУТНАСЦЬ САПРАЎДНАГА СТАТУСА ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ

Падзеі першай сусветнай вайны і Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. дазволілі польскаму народу аднавіць сваю дзяржаву. 29 жніўня 1918 г. СНК РСФСР выдаў дэкрэт, якім прызнаваліся страціўшымі сілу ўсе трактаты аб падзелу Польшчы паміж Расіяй, Прусіяй, Аўстрыяй, падпісаныя ў ХVІІІ ст.
Пры падтрымцы заходніх дзяржаў у Польшчы былі створаны вайсковыя легіёны пад камандаваннем Ю. Пілсудскага, якія ў канцы 1918 – пачатку 1919 г. пачалі акупацыю беларускіх зямель. Спекулюючы на пачуццях нацыянальнага дзяржаўнага адраджэння, захопнікі разгарнулі вайну супраць Савецкай краіны з мэтай стварыць Вялікую Польшчу “ад мора да мора”.
У кастрычніку 1920 г. паміж Савецкай Расіяй і Польшчай было падпісана перамір’е, а 18 сакавіка 1921 г. у Рызе – мірны дагавор паміж Савецкай Расіяй і Савецкай Украінай, з аднаго боку, і Польшчай – з другога. Згодна з гэтым дагаворам заходнія вобласці Беларусі разам з заходняй часткай Украіны адышлі да Польскай дзяржавы, а Расія і Украіна адмаўляліся ад “всяких прав и притязаний на земли, расположенные к западу от границы, описанной в статье II настоящего договора” (Мирный договор между Россией и Украиной, с одной стороны, и Польшей – с другой // Спадчына. 1993. № 4. С. 15). Паводле артыкула VІІ гэтага дагавора, Польшча павінна была прадаставіць рускім, украінцам і беларусам, якія апынуліся пад яе юрысдыкцыяй, усе правы па забеспячэнні свабоднага развіцця культуры, адукацыі, мовы і выканання рэлігійных абрадаў. Згодна з польскай Канстытуцыяй 1921г., правы грамадзян беларускай нацыянальнасці прызнаваліся цалкам і без сумненняў. Але, як паказаў час, польскі ўрад не забяспечваў свабоднае развіццё нацыянальных меншасцяў. Улада абмяжоўвала нацыянальна-культурнае будаўніцтва, праводзіла паланізацыю беларускага народа. Да 1939 г. у Заходняй Беларусі не было ні адной беларускай школы (супраць прыкладна 350 да акупацыі), польскія школы не забяспечвалі навучання ўсіх дзяцей. У дзяржаўных установах было забаронена выкарыстанне беларускай мовы, беларусы не дапускаліся на дзяржаўную службу: у мясцовыя органы ўлады і кіравання прызначаліся толькі палякі, і, як правіла, ураджэнцы самой Польшчы, выхадцы з багатых слаёў насельніцтва. Каб не дапусціць простых людзей на працу ў дзяржаўным апараце ў 1933 г. быў прыняты закон, згодна з якім нават на пасады ў гміннае праўленне маглі “выбірацца” толькі асобы, якія мелі сярэднюю адукацыю і павінны былі вытрымаць экзамены ў спецыяльнай павятовай каміссіі. Была распаўсюджана рэлігійная нецярпімасць да праваслаўных.
Згодна з сакавіцкай Канстытуцыяй 1921г., Польшча лічылася буржуазна-дэмакратычнай, парламенцкай рэспублікай. Але абвешчаныя свабоды слова, друку, сходаў, арганізацый пастаянна парушаліся, асабліва на “крэсах”. Тут дэмакратызм быў толькі на словах, а на практыцы паліцыя і органы бяспекі (дэфензівы) здзекаваліся над народам як маглі. Правячыя колы Польшчы разглядалі Заходнюю Беларусь як сваю ўнутраную калонію, сыравінны прыдатак да прамыслова развітых раёнаў этнічнай Польшчы і рынак збыту польскіх прамысловых тавараў. У выніку такой палітыкі прамысловасць у Заходняй Беларусі не развівалася, а знаходзілася ў заняпадзе. Пастаянным спадарожнікам прамысловага развіцця ў Заходняй Беларусі было беспрацоўе. Яно няўхільна павялічвалася.
У цяжкім становішчы знаходзілася і сельская гаспадарка, якая займала ў пачатку 1930-ых гг. каля 80 % насельніцтва. На заходнебеларускай тэрыторыі пашыралася гаспадаранне на былых дзяржаўных землях ваенных і цывільных каланістаў (асаднікаў) з цэнтральных раёнаў краіны, якім урадам даваліся надзелы да 45 га фактычна з мэтай забеспячэння ваеннай і палітычнай апоры рэжыму.
На заходнебеларускай тэрыторыі быў уведзены прыняты ў Польшчы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел: ваяводствы, паветы, гміны (воласці), грамады. Яе землі ўвайшлі ў чатыры ваяводствы: Віленскае, Навагрудскае, Беластоцкае і Палескае. За азначанымі тэрыторыямі замацавалася неафіцыйная назва “Заходняя Беларусь”. У польскіх афіцыйных колах Заходнюю Беларусь называлі Крэсамі ўсходнімі (усходнімі ўскраінамі) або Белапольшчай, а беларусаў лічылі крэсавякамі”, тутэйшымі. У верасні 1939 г. насельніцтва Заходняй Беларусі складала каля 5 млн чалавек, пераважная большасць з іх – беларусы. Устаноўленаму адміністрацыйна-тэрытарыяльнаму падзелу адпавядалі мясцовыя органы кіравання і самакіравання.

2. ОРГАНЫ ЎЛАДЫ І КІРАВАННЯ:
ВЫШЭЙШЫЯ І МЯСЦОВЫЯ

Вышэйшымі органамі ўлады і кіравання ў Польшчы былі: Прэзідэнт рэспублікі, сейм, сенат і савет міністраў.
Прэзідент, як галоўная асоба, кіраваў органамі выканаўчай улады, ён прадстаўляў краіну ў міжнародных зносінах, выдаваў заканадаўчыя акты, часам карыстаўся паўнамоцтвамі суддзі, прызначаў і звальняў міністраў і іншых вышэйшых асоб дзяржапарату, ажыццяўляў абавязкі галоўнакамандуючага, мог пераносіць даты чарговых і надзвычайных сесій сейма і сената. Прэзідэнт прызначаў суддзяў і вырашаў пытанні аб памілаванні. Дзяржаўныя акты прэзідэнта павінны былі быць засведчанымі старшынёй урада і адпаведным міністрам, якія неслі адказнасць за іх змест перад сеймам. Кандыдат у прэзідэнты выбіраўся Нацыянальным сходам на сем гадоў.
Пасля майскага (1926 г.) дзяржаўнага перавароту (раней яго называлі фашысцкім), калі прэзідэнт Ю. Пілсудскі сканцэнтраваў у сваіх руках усю ўладу пад лозунгам “аздараўлення” (“санацыі”) сітуацыі ў краіне, ён мог самастойна распускаць сейм і сенат, выдаваць заканадаўчыя акты. Тым самым роля сейма і сената была зведзена да зацвярджэння бюджэту. Хаця раней сейм і сенат былі асноўнымі заканадаўчымі органамі (Бардах Ю., Леснодарский Б., Пиетрчак М., История государства и права Польши. М., 1980. С. 449 – 453, 458).
Паводле Канстытуцыі Польшчы 1935 г. і Закона аб выбарах у сейм і сенат, выбіраць дэпутатаў у сейм маглі грамадзяне ва ўзросце не раней як 24 гады, а быць выбранымі – 30 гадоў. Сейм складаўся з 208 дэпутатаў, а сенат – з 96 сенатараў. 32 сенатары прызначаліся прэзідэнтам, а 64 выбіраліся толькі грамадзянамі па дасягненні 30 гадоў, мелі заслугі перад дзяржавай, вышэйшую або сярэднюю спецыяльную адукацыю, афіцэрскае званне або займалі кіруючыя пасады ў грамадскім ці дзяржаўным апараце. Выбранымі ў сенат маглі быць толькі грамадзяне, якія карысталіся выбарчым правам сенатараў і дасягнулі 40 гадоў. Такія ўмовы, зразумела, істотна абмяжоўвалі ўдзел у выбарах калектыўных заканадаўчых органаў улады асноўных сацыяльна-класавых груп грамадства і апазіцыйна настроеных партый і рухаў. З другога боку, не спрыялі ўстараненню супярэчнасцей у грамадстве.
Цэнтральным выканаўча-распарадчым органам дзяржаўнага кіравання быў Савет міністраў – урад Польшчы. Ён складаўся са старшыні, яго намеснікаў і міністраў. Міністры выконвалі двайную функцыю: з аднаго боку, яны ўдзельнічалі ў рабоце Савета міністраў, з другога – кіравалі працай апарату свайго міністэрства.
Канстытуцыйныя акты вызначалі кампетэнцыю мясцовых органаў дзяржаўнай улады, якія ўтварыліся ў ваяводствах, паветах, гмінах і грамадах. На ўзроўні ваяводства функцыі органаў дзяржаўнай адміністрацыі выконвалі ваявода і ваяводскае ўпраўленне. Ваявода прызначаўся прэзідэнтам па прапанове міністра ўнутраных спраў, зацверджанай Саветам міністраў. Ваявода, як прадстаўнік урада на тэрыторыі ваяводства, мог ажыццяўляць кантроль і над тымі ўстановамі, якія непасрэдна яму не падпарадкоўваліся. Свае функцыі ваявода выконваў праз ваяводскае ўпраўленне. Яно мела аддзелы: агульны, бяспекі, самакіравання, адміністрацыйны, аховы здароўя, вайсковы, земляробства, прамысловасці, працы і інш. Галоўная ўвага ваявод у заходнебеларускіх землях накіроўвалася, па меркаваннях спецыялістаў, на апалячванне (паланізацыю) краю, на недапушчэнне нацыянальна-вызваленчай барацьбы беларускага народа, устанаўленне жорсткага кантролю за прэсай, грамадскімі і палітычнымі рухамі, партыямі і арганізацыямі.
Павятовую адміністрацыю ўзначальваў стараста, які прызначаўся міністрам ўнутраных спраў і падпарадкоўваўся ваяводзе. Свае функцыі стараста выконваў праз павятовае ўпраўленне – староства. Паўнамоцтвы старасты шмат у чым нагадвалі паўнамоцтвы ваяводы. Павятовыя ўпраўленні параўнаўча з ваяводскімі мелі меншую колькасць аддзелаў і называліся яны рэфератамі.
Да 1933 г. у паветах функцыянавалі павятовыя сеймікі – органы мясцовага самакіравання, дэлегаты на якія выбіраліся гміннымі саветамі (радамі). Пасля 1933 г. у паветах былі ўтвораны павятовыя рады, якія выбіраліся гміннымі радамі. Выканаўчымі органамі павета сталі павятовыя ўправы з шасці чалавек на чале са старастам. На справе, аднак, гэтыя органы самакіравання былі пераважна дэкаратыўнымі, бо самі яны, як адзначаюць В. А. Круталевіч і І. А. Юхо, без старасты нічога не вырашалі (Круталевіч В. А., Юхо І. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (1917 – 1945) Мн., 1998. С. 206).
Вялікія гарады, з колькасцю насельніцтва за 75 тыс. чалавек, выдзяляліся ў самастойныя гарадскія паветы і ўзначальваліся гарадскімі старастамі. Малыя гарады, як і сельскія паветы, утваралі гміны.
Гмінную адміністрацыю складалі войт і гміннае праўленне ў асобе намесніка войта і 2 – 3 засядацелей. Апошнія выбіраліся гміннай радай, у склад якой ўваходзіла 10 – 15 радцаў. Гмінную раду выбіралі дэлегаты гміннага сходу, які складаўся са 100 – 150 прадстаўнікоў мясцовых паселішчаў – грамад (жыхароў некалькіх хутароў або невялікіх вёсак). Часам і адна вёска ўтварала грамаду. Грамаду ўзначальваў солтыс, які па закону павінен быў выбірацца на сходзе грамадзян або рады, але на справе ён, як і гмінны войт, прызначаўся павятовым старастам.
Але не будзем забываць: уся сістэма мясцовых органаў дзяржаўнай улады грунтавалася на прынцыпе бюракратычнага цэнтралізму, на поўным падпарадкаванні месц цэнтру без уліку мясцовых інтарэсаў, на падаўленні ўсяго беларускага. З улікам гэтага цяжка не пагадзіцца з думкай: органы мясцовага самакіравання мала што маглі зрабіць для народа (Круталевіч В. А., Юхо І. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (1917 – 1945). С. 207; Вішнеўскі А. Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Мн., 2000. С. 219).

3. НАЦЫЯНАЛЬНА-ВЫЗВАЛЕНЧЫ РУХ

Нацыянальнае і сацыяльнае прыгнечанне выклікалі шырокі нацыянальна-вызваленчы рух. Ён меў, вядома, два напрамкі: рэвалюцыйна-вызваленчы, на чале з Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі (КПЗБ) і нацыянальна-дэмакратычны, які прадстаўлялі Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД) і група А. Луцкевіча. КПЗБ (звыш 3 тыс. чалавек) дзейнічала нелегальна, абапіраючыся на падтрымку кампартыі (у Мінску, Камінтэрна), праводзіла лінію на далучэнне рэвалюцыйным шляхам Заходняй Беларусі да БССР. Пад яе ўплывам з 1926 г. знаходзілася Беларуская сялянска-рабочая Грамада (БСРГ) – масавая дэмакратычная арганізацыя (каля 120 тыс. чалавек). Яе праграма прадугледжвала самавызначэнне Заходняй Беларусі, стварэнне рабоча-сялянскага ўрада, перадачы сялянам без выкупу памешчыцкай зямлі. У 1927г. Грамада была разгромлена польскімі ўладамі. Удзельнікі нацыянальна-вызваленчай барацьбы польскімі ўладамі арыштоўваліся, саджаліся ў турмы, канцлагеры. Адпаведна з Законам ад 14 лютага 1928 г. паліцыі і іншым збройным сілам дзяржавы было дазволена расстрэльваць дэманстрацыі і інш., а згодна з Дэкрэтам прэзідэнта Польшчы і Савета міністраў ад 17 чэрвеня 1934г. кожны чалавек мог быць “затрыманы і прымусова змешчаны ў месца ізаляцыі…” Паводле Крымінальнага кодэкса Польшчы, уведзенага ў дзеянне ў 1932 г., абвінавачаныя ў вызваленчай барацьбе падлягалі самым суровым карам, у тым ліку пакаранню смерцю.
Напярэдадні Другой сусветнай вайны польскія ўлады забаранілі дзейнасць усіх дэмакратычных партый. У 1938 г. пастановай Выканкома Камінтэрна КПЗБ спыніла свае існаванне. Кіраўнікі яе, абвінавачаныя кіраўніцтвам СССР у сувязях з польскай тайнай паліцыяй, былі рэпрэсіраваны. Аднак ніякія расправы не маглі спыніць барацьбітоў нацыянальна-вызваленчага руху.

4. МІЖДЗЯРЖАЎНЫЯ ДАМОЎЛЕНАСЦІ СССР І ГЕРМАНІІ АБ РАЗМЕЖАВАННІ “СФЕРЫ ІНТАРЭСАЎ”

Ва ўмовах абвостранага міжнароднага становішча і ў прыватнасці, калі Гітлер рыхтаваўся да ваеннага захопу Польшчы, а польскае кіраўніцтва гэтага не разумела, урад СССР, у сваю чаргу, не змог праявіць “выдержки” і заключыў з Германіяй 23 жніўня 1939 г., як лічаць гісторыкі, памылковы дагавор аб ненападзе. Ён вядомы як пакт Рыбентропа – Молатава. Дагавор меў сакрэтны дадатковы пратакол (арыгінал яго пакуль што не выяўлены), згодна з якім тэрыторыя Польшчы і некаторых іншых дзяржаў падзялялася на сферы ўплыву СССР і Германіі (у Польшчы на лініі рэк Нарва, Вісла, Сан). Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна ўваходзілі ў сферу інтарэсаў СССР.
Падпісаны дагавор дазволіў Германіі 1 верасня пачаць вайну з Польшчай і праз некалькі тыдняў разграміць яе. Гэта ў сваю чаргу дало магчымасць беларусам і ўкраінцам аб’яднаць свае спрадвечныя землі, скасаваць захопніцкі Рыжскі мірны дагавор 1921 г. 17 верасня Чырвоная Армія па загаду савецкага ўрада на падставе нібыта спынення існавання Польскай дзяржавы ўступіла на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Да 25 верасня заходнебеларускія землі былі ўзяты пад кантроль савецкімі войскамі. Гэтыя дзеянні былі замацаваны дагаворам СССР з Германіяй аб дружбе і межах 28 верасня 1939 г. У той жа час яны ўскладнілі адносіны СССР з Польшчай на перспектыву.

5. ЧАСОВЫЯ ОРГАНЫ КІРАВАННЯ Ў ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ І ЎЗ’ЯДНАННЕ ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ

Першапачаткова на тэрыторыі Заходняй Беларусі па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам прадстаўнікоў Чырвонай Арміі ствараліся часовыя органы народнай улады -– камітэты сёл, сялянскія валасныя камітэты, з’езды і нарады сялянскіх камітэтаў валасцей (гмінаў) і паветаў, упраўленні (управы) гарадоў і паветаў, упраўленні абласцей. Усе органы часовай улады дзейнічалі пад наглядам і кіраўніцтвам ЦК КП (б) Беларусі адпаведна з прынцыпамі “дыктатуры пралетарыяту”, што праводзіўся органамі Народнага камісарыяту ўнутраных спраў СССР. Гэта значыць, пры выкарыстанні жорсткіх рэпрэсій супраць мясцовага насельніцтва.
У кастрычніку 1939 г. на аснове савецкай выбарчай сістэмы ў Заходняй Беларусі адбыліся выбары ў Народны (Нацыянальны) сход. Удзельнічаць у ім мелі права ўсе жыхары, якія дасягнулі 18 гадоў. Было створана 929 выбарчых акруг і выбрана 927 дэпутатаў.
28 – 30 кастрычніка ў Беластоку адбыўся Народны (Нацыянальны) сход. На ім былі абмеркаваны і ўхвалены чатыры дэкларацыі: 1) Аб дзяржаўнай уладзе; 2) Аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад Беларускай ССР; 3) Аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель; 4) Аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці (гл.: Вішнеўскі А. Ф., Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах / Са старажытных часоў да нашых дзён. Вучэбны дапаможнік. Мн., 1998. С. 245 – 249). Адпаведна ім на тэрыторыі Заходняй Беларусі ўсталёўваўся новы палітычны лад, у якім улада належыць працоўным горада і вёскі ў асобе Саветаў дэпутатаў працоўных, беларускі народ аб’ядноўваўся ў адну дзяржаву; памешчыцкія землі канфіскоўваліся, а ўся зямля, банкі і буйная прамысловасць нацыяналізіраваліся . Тым самым закладваўся падмурак перабудовы народнай гаспадаркі заходніх абласцей Беларусі на сацыялістычнай аснове.
Дэкларацыі Народнага (Нацыянальнага) сходу сталі юрыдычнай асновай для прыняцця 2 лістапада Вярхоўным Саветам СССР Закона “Аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад Саюза ССР і ўз’яднанні яе з Беларускай ССР” і Закона Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 14 лістапада 1939 г. “Аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”. У выніку ўз’яднання тэрыторыя БССР павялічылася са 125, 5 тыс. кв. км да 225, 7 тыс. кв. км, насельніцтва павялічылася ў два разы і склала больш за 10 млн чалавек.

6. АДМІНІСТРАЦЫЙНА-ТЭРЫТАРЫЯЛЬНАЯ РЭФОРМА І СТВАРЭННЕ МЯСЦОВЫХ ОРГАНАЎ САВЕЦКАЙ УЛАДЫ Ў
ЗАХОДНІХ АБЛАСЦЯХ

Пасля ўз’яднання з БССР на тэрыторыі Заходняй Беларусі да вясны 1940 г. былі сфарміраваны органы Савецкай улады і кіраўніцтва, дзейнічала ўсё заканадаўства Саюза ССР і Беларускай ССР, у адпаведнасці з імі ўведзена новае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне.
Адначасова з праводзімай перабудовай эканомікі краю на савецкі лад тут ствараліся мясцовыя органы савецкай улады, якія прадугледжваліся Канстытуцыяй Беларускай ССР 1937 г. 4 снежня 1939 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР выдаў указ аб стварэнні ў Заходняй Беларусі пяці абласцей: Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай. У студзені 1940г. указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР 32 паветы былі рэарганізаваны ў 101 раён у разліку на 35 – 50 тыс. жыхароў. З мэтай стварэння савецкіх органаў улады і кіравання ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР 7 снежня 1939 г. на тэрыторыі Заходняй Беларусі былі зацверджаны абласныя выканаўчыя камітэты, хаця па Канстытуцыі Беларускай ССР іх павінен быў выбіраць адпаведны абласны Савет. Аблвыканкомы ў сваю чаргу ўтварылі рай- і сельвыканкомы. У склад абл- і райвыканкомаў уваходзілі старшыня, яго намеснікі, сакратар і члены выканкома.
24 сакавіка 1940 г. у заходніх абласцях БССР адбыліся выбары ў Вярхоўныя Саветы СССР і БССР. З 22 дэпутатаў Вярхоўнага Савета СССР 16 былі абраны ў Савет Саюза і 6 у Савет Нацыянальнасцей. У Вярхоўны Савет БССР было выбрана 202 дэпутаты.
Заключным акордам у фарміраванні савецкіх органаў улады ў заходніх абласцях Беларусі сталі выбары ў мясцовыя Саветы 15 снежня 1940 г. У Саветы дэпутатаў працоўных было выбрана больш за 40 тыс. чалавек. Правядзенне выбараў у абласныя, раённыя, гарадскія, сельскія і пасялковыя Саветы пасля ўтварэння іх выканкомаў сведчыла аб уключэнні мясцовых органаў улады ў рэчышча камандна-адміністрацыйнай сістэмы, іх дэкаратыўна-прапагандысцкай ролі ў палітычнай сістэме грамадства.
Тым не менш да канца 1940 г. на вызваленай ад акупантаў тэрыторыі быў завершаны новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел (вобласць, раён, горад, пасёлак, сяло) і фарміраванне адпаведнай яму сістэмы мясцовых органаў улады і кіравання (абласныя, раённыя, гарадскія, сельскія і пасялковыя Саветы дэпутатаў працоўных). Адбыўся працэс тэрытарыяльнай кансалідацыі беларускай нацыі ў яе этнаграфічных межах. Хаця пры гэтым адпаведна з дагаворам СССР з Літоўскай Рэспублікай ад 10 кастрычніка 1939 г. Вільня і значная частка былога Віленскага ваяводства ў сувязі з дзеяннем пакта Рыбентропа-Молатава была перададзена Літве. У жніўні 1940 г. законам СССР Літве, у сувязі з уваходам яе у склад Савецкага Саюза, былі перададзены Свенцянскі раён, часткі Відзоўскага, Гадуцішкаўскага, Астравецкага, Воранаўскага і Радунскага раёнаў Беларускай ССР.
Нельга не заўважыць, што ўсталяванне савецкай улады адбывалася на фоне парушэнняў законнасці, правядзення рэпрэсій супраць так званых ворагаў народа, эканамічна развітых сялянскіх гаспадарак. Пры гэтым высылкай у аддаленыя раёны СССР было ахоплена да 10 % насельніцтва. Неапраўданай была і практыка недаверу мясцовым кадрам на карысць работнікаў усходніх абласцей або з Расіі.
Аднак у цэлым уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР прыхільна было сустрэта пераважнай большасцю людзей заходнебеларускіх зямель. Яно аднавіла тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі, ліквідавала антынародную польскую паліцэйска-бюракратычную сістэму нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту, накіраванага на апалячванне беларусаў, уз’яднала беларускі народ у адзіную сям’ю.

ЛІТАРАТУРА
Асноўная
1. Васілевіч Р. А., Доўнар Т. І., Юхо І. А. Гісторыя кансты-туцыйнага права Беларусі. – Мн., 2001.
2. Вішнеўскі А. Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Вучэб. дапаможнік. – Мн., 2003.
3. Вішнеўскі А. Ф., Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах / Са старажытных часоў да нашых дзён. Вучэб. дапаможнік. – Мн., 2003.
4. История Беларуси в документах и материалах/Сост. И. Н. Кузне-цов, В. Г. Мазец. – Мн., 2000.
5. Круталевіч В. А., Юхо І. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (1917 – 1945). Вучэб. дапаможнік. – Мн., 1998; 2000.

Дадатковая
1. Бардах Ю., Леснодарский Б., Пиетрчак М. История государства и права Польши. – М., 1980.
2. Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР. и материалы: В 2-х т. – Мн., 1962. Т. 1;1972. Т. 2.
3. Дакументы да змовы Гітлера і Сталіна да пачатку другой сусвет-най вайны // Спадчына. 1994. № 1. С. 79 – 84.
4. История государства и права Белоруской ССР: В 2-х т. – Мн., 1976. Т. 2 (1937 – 1975).
5. Гісторыя Беларусі: У 2 ч. – Мн., 2000-2002. Ч. 2. ХІХ – ХХ стагоддзі: Курс лекцый. – Мн., 2002.
6. Сарокін А. М. На ростанях айчыннай гісторыі. Беларуская вёска: Ад Дэкрэта да Кодэкса аб зямлі (1917 – 1990-ыя гады). – Мн., 1999.
7. Сборник законов Белоруской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР. 1938 – 1955. Мн., 1956.
ГЛАСАРЫЙ

Паняцце Сэнс паняцця
Асадніцтва Інстытут ваенных і цывільных каланістаў (асаднікаў), якіх польскі ўрад перасяляў з цэнтральных раёнаў краіны ў Заходнюю Беларусь. Пачалося згодна з законам (снежань 1920 г.) аб надзяленні зямлёй салдат, якія “асабліва вызначыліся”ў вайне супраць Савецкай Расіі
Ваявода Прадстаўнік урада на тэрыторыі ваяводства, каардынаваў і кантраляваў дзейнасць усіх дзяржаўных устаноў на падуладнай яму тэрыторыі з мэтай правядзення агульнай дзяржаўнай палітыкі
Дэфензіва Палітычная паліцыя (аддзяленне аховы) у Польшчы (1918 – 1939) для вядзення барацьбы з апазіцыйным ураду рухам
Павятовыя рады Дзейнічалі пасля 1933 г. як органы мясцовага самакіравання. Выбіраліся гміннымі радамі
Павятовыя сеймікі Органы мясцовага самакіравання ў паветах да 1933 г. Выбіраліся гміннымі саветамі
Паланізацыя Агульная назва палітычных установак і практычных мерапрыемстваў польскага ўрада ў адносінах да беларускага насельніцтва Заходняй Беларусі
Рэфераты Аддзелы павятовых упраўленняў
Санацыя Назва дыктатарскага рэжыму ў Польшчы (1926 – 1939) Паходзіць ад лозунга “аздараўлення” (“санацыі”), абвешчанага падчас ваеннага перавароту 1926 г. Ю. Пілсудскага
Солтыс Кіраўнік вясковай грамады, які ці то выбіраўся на грамадскім сходзе або грамадскай радай (па закону), ці прызначаўся павятовым старастам
Стараста Кіраўнік павятовай адміністрацыі – староства (павятовае ўпраўленне), які падначальваўся ваяводзе

ТЭСТ

1. Паводле якога дакумента адбылося ўключэнне Заходняй Беларусі ў склад ІІ Рэчы Паспалітай:

1. Рашэнняў Версальскай Канферэнцыі
2. Брэсцкага мірнага дагавора
3. Прадпісання перамір’я паміж Расіяй і Польшчай у кастрычніку 1920 г.
4. Дагавора паміж РСФСР і Літвой (ліпень 1920 г.)
5. Рыжскага мірнага дагавора

2. Як называлі насельнікаў Беларусі польскія ўлады:

1. Літоўцамі 3. Маскалямі
2. Крэсавякамі 4. Тутэйшымі

3. Якую частку Польшчы складала тэрыторыя Заходняй Беларусі?

1. Другую 3. Сёмую
2. Пятую 4. Трэцюю

4. У якія ваеводствы ўваходзілі заходнебеларускія землі:

1. Беластоцкае 5. Навагрудскае
2. Брэсцкае 6. Палескае
3. Вілейскае 7. Пінскае
4. Віленскае

5. Якімі канстытуцыямі вызначаліся дзяржаўна-прававыя інстытуты ІІ Рэчы Паспалітай:

1. Канстытуцыяй 3 мая 1791 г.
2. Канстытуцыяй 1921 г.
3. Канстытуцыяй 1935 г.

6. Якія дамоўленасці паміж дзяржавамі абумовілі гітлераўскую агрэсію і паход Чырвонай Арміі ў Польшчу:

1. Рыжскі мірны дагавор
2. Дагавор аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй ад 28 верасня 1939 г.
3. Перагаворы СССР, Англіі і Францыі вясной- летам 1939 г.
4. Савецка-германскі дагавор аб ненападзенні ад 23 жніўня 1939 г.

ТРЭНІНГ

1. Назавіце канкрэтныя вынікі паланізацыі беларусаў.
2. Выявіце напрамкі нацыянальна-вызваленчага руху.
3. Раскажыце аб прававым становішчы насельніцтва Заходняй Беларусі ў складзе ІІ Рэчы Паспалітай і Беларускай ССР.
4. Аднавіце парадак работы Народнага (Нацыянальнага) сходу Заходняй Беларусі і значэнне прынятых ім дакументаў для палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця заходніх абласцей, беларускага народа.
5. Вызначце сістэму вышэйшых і мясцовых органаў дзяржаўнай улады і кіравання ў Польшчы.
6. Ахарактарызуйце працэс стварэння сістэмы мясцовых органаў савецкай улады, іх структуру.
7. Узгадайце адносіны насельніцтва Заходняй Беларусі да першых мерапрыемстваў савецкай улады.

ДЗЯРЖАВА І ПРАВА БЕЛАРУСКАЙ ССР ВА ЎМОВАХ АЖЫЦЦЯЎЛЕННЯ СПРОБ ДЭМАКРАТЫЗАЦЫІ САВЕЦКАГА ГРАМАДСТВА І АДЫХОДУ АД ІХ
(1953 – СЯРЭДЗІНА 1980-ых гг.)
ПРАВААХОЎНЫЯ ОРГАНЫ І ПРАВАВАЯ СІСТЭМА БЕЛАРУСІ: 1953 – 1958 ГАДЫ

АНАТАЦЫЯ
Выкладзена практыка перабудовы праваахоўных органаў, перагляду заканадаўства па судова-прававых пытаннях, пашырэння грамадзянскіх правоў насельніцтва і звужэння крайняга цэнтралізму ў сферы заканатворчасці з боку саюзнай дзяржавы на карысць нацыянальных рэспублік.

ТЭМАТЫЧНЫ ПЛАН
1. Прычыны, перадумовы, падыходы…
2. Рэарганізацыя праваахоўных органаў
3. Абнаўленне заканадаўства: галоўныя напрамкі
4. Узмацненне прававога забеспячэння рэабілітацыі пацярпелых

1. ПРЫЧЫНЫ, ПЕРАДУМОВЫ, ПАДЫХОДЫ…

Не ставячы ў рамках гэтага матэрыялу задачу аналізу гістарычнай і гісторыка-юрыдычнай літаратуры па пытаннях шматпланавай тэмы, нагадаем, што іх ацэнка даволі часта нясе яўны адбітак часу. Пры гэтым супярэчлівае і неадназначнае іх вырашэнне афіцыйная гістарыяграфія або замоўчвала, або разглядала хутчэй апалагетычна, чым крытычна асэнсоўвала зробленае. Ва ўмовах галоснасці і вызвалення ад стэрэатыпаў былога рашаючае значэнне для аналізу мае строгі гістарычны падыход да ацэнкі падзей, вызначаемы прынцыпамі аб’ектыўнасці і навуковасці, маральнасці і гуманізму. Гістарыяграфія апошняга часу змяшчае ў цэлым больш праўдзівыя ацэнкі ходу і вынікаў перагляду заканадаўства, дэмакратызацыі ўсёй прававой сістэмы. У ёй справядліва адзначаецца, што ХХ з’езд КПСС (люты 1956 г.) цалкам падтрымаў праведзеныя меры па лібералізацыі грамадскага жыцця і нацэліў органы ўлады і кіравання на актыўнае развіццё гэтай тэндэнцыі. Аднак прывязка яе да зробленага раней, уяўляецца, пададзена ў самай агульнай форме. І таму ненатуральнай выглядае значнасць праведзенай работы паводле пашырэння дэмакратычных рысаў права, захадаў па больш поўнаму набыццю рэспублікай атрыбутаў дзяржаўнасці. Адсюль спроба паслядоўнага аналізу прававога забеспячэння дзяржаўнай палітыкі на аснове раскрыцця агульнага і асаблівага ў ажыццяўленні гэтага працэсу.
У цэнтры аўтарскай увагі асэнсаванне практыкі перабудовы праваахоўных органаў, перагляду заканадаўства па судова-прававых пытаннях, палітыкі самавольства і бяспраўя ў законе (прававога бязмежжа), пашырэння грамадзянскіх правоў шырокіх мас насельніцтва, звужэння крайняга цэнтралізму ў сферы заканатворчасці з боку саюзнай дзяржавы на карысць нацыянальных рэспублік на працягу вясны 1953–1958 гг. Іначай кажучы, усё тое, што было накіравана на дэсталінізацыю грамадства і ажывіла прававую думку, садзейнічала падрыхтоўцы і прыняццю Асноў заканадаўства СССР і саюзных рэспублік па тых ці іншых галінах права. Яны, з аднаго боку, замацавалі аслабленне цэнтралізацыі ў заканатворчасці, з другога – заклалі трывалы падмурак для распрацоўкі новых, істотнага перагляду дзеючых кодэксаў і законаў у саюзных рэспубліках адпаведна з адзінымі для СССР прынцыпамі і нормамі прававога рэгулявання пэўных грамадскіх адносін з улікам спецыфічных умоў кожнай рэспублікі. У выніку распачатыя ў сярэдзіне другога пяцігоддзя 50-ых гадоў кадыфікацыйныя работы мэтазгодна разглядаць як актывізацыю працэсу абнаўлення і сістэматызацыі заканадаўства.
Пры распрацоўцы тэмы ўлічваўся і фрагментарны характар раскрыцця яе ў вучэбнай літаратуры. Прапануемы тэкст – кароткі, але храналагічна паслядоўны агляд ходу змены вектару праваадносін, кампетэнцыі і арганізацыі праваахоўных органаў. Асвятляюцца і асноўныя моманты пашырэння правоў нацыянальных рэспублік у саюзнай дзяржаве. Мэта работы – паспрыяць студэнтам сфарміраваць творчы падыход да аб’ектыўнага асэнсавання пытанняў тэмы.

* * *
Смерць І. В. Сталіна 5 сакавіка (па афіцыйнай інфармацыі) 1953 г. не толькі прадвызначыла сур’ёзныя змены ў адносінах паміж народамі і ўладай, але і адкрыла шлях рэформам, на якія спадзяваліся грамадства і частка правячай вярхушкі з часоў заканчэння Вялікай Айчыннай вайны.
У разглядаемы перыяд кіраўніцтвам СССР прадпрымаліся захады па лібералізацыі заканадаўства, па прыпыненні бязмежжа мер пакарання, якое развівалася з канца 1920-ых гадоў. Выкарыстанне дзеючага прававога механізму на практыцы спрыяла юрыдычнаму самавольству, злачыннай дзейнасці органаў улады і кіравання таталітарна-адміністрацыйнага рэжыму, генацыду супраць суайчыннікаў (пры знішчэнні найбольш актыўнай часткі сялянства – парадку 15 млн, каля 45 тыс. камандзіраў Чырвонай Арміі), адыходу ад сусветна прызнанага прыярытэту правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Менавіта ў 50-ыя гады стала відавочна, што без лібералізацыі законаў, усёй прававой сістэмы грамадству будзе цяжка вытрымаць выпрабаванне часам, саперніцтва з краінамі Захаду. У канчатковым выніку гаворка ішла аб магчымасцях дэмакратызацыі ўсяго палітычнага рэжыму, хаця пытанне аб межах гэтых магчымасцей заставалася адкрытым.
Пачатак перагляду заканадаўства, які выявіў новыя рэаліі ў палітычным жыцці краіны, адносіцца да першых месяцаў дзейнасці новага кіраўніцтва СССР у 1953 г., асабліва паглыблены ў 1956–1958 гг. Ён быў накіраваны ў значнай ступені на ўстараненне негатыўных з’яў у практыцы органаў расследавання, пракуратуры і суда, супраць злоўжыванняў уладай, супраць злачынстваў органаў дзяржаўнай бяспекі і ўнутраных спраў, якія мелі месца ў апошнія гады дзейнасці І. В. Сталіна, а пасля ХХ з’езда КПСС – з сярэдзіны 30-ых гадоў.
Сярод галоўных прычын парушэнняў сацыялістычнай дэмакратыі, у тым ліку законнасці, называліся “слабае кіраўніцтва” і страта дзейснага кантролю партыі за работай органаў Міністэрства дзяржаўнай бяспекі – Міністэрства ўнутраных спраў (МДБ – МУС), што нібыта ператварыла іх у асобую сістэму татальнага кантролю практычна ўсіх сфер жыцця і дзейнасці – ад нізоў да вышэйшага эшалона кіраўніцтва, спрыяла адыходу ад прынцыпу калектыўнага кіраўніцтва. Так, з аднаго боку, былі ўзняты важныя пытанні аднаўлення законнасці і правапарадку, вызначаны контуры трансфармацыі прававой сістэмы, з другога – тлумачэнне злачынстваў сталінскай эпохі было дадзена ў духу былога часу – пошуку канкрэтных вінаватых пераважна сярод “стрэлачнікаў”. Гэта значыць, па-за сувязі з законамі функцыянавання дзяржаўнай улады, прычынамі, якія парадзілі вінаватых.
Разам з тым поступ юрыдычнай рэвізіі былога, рэпрэсіўнай палітыкі ў прыватнасці, залежаў ад падыходу палітычнай эліты да ацэнкі пытання культу асобы і ліквідацыі яго наступстваў у дзейнасці партыйнага і дзяржаўнага апарату. Прычым роля вышэйшых органаў партыйна-дзяржаўнай улады саюзных рэспублік у вырашэнні гэтага пытання на фоне адпаведнай дзейнасці цэнтральных органаў улады і кіравання была вытворнай, другараднай: іх заканадаўчыя акты звычайна дубліравалі прынцыповыя падыходы агульнасаюзных дакументаў па рэгуляванні праваадносін і развіцця заканатворчасці як агульнаабавязковых. Тым больш што да пачатку 1957 г. на аснове залішняй цэнтралізацыі заканадаўчай практыкі і ажыццяўлення правасуддзя саюзныя рэспублікі, па сутнасці, згодна з Канстытуцыяй СССР 1936 г. (арт. 14) былі пазбаўлены права прымаць сваё заканадаўства аб судовым ладзе і судаводстве, грамадзянскі і крымінальны кодэксы. Да таго ж рэспублікі не маглі самастойна вырашаць пытанні аб абласным адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні, кіраўніцтва дарожным будаўніцтвам, транспартам і прадпрыемствамі сувязі рэспубліканскага значэння (гл.: История Советской Конституции (в документах). 1917–1956. М., 1957. С. 711). Гэта ўскладняла (і ўскладняе) палітыкам і вучоным пошук аргументаў па вызначэнні статусу нацыянальных рэспублік у саюзнай дзяржаве, неад’емнай часткай якой з’яўлялася і Беларусь.
Прынятыя пасля 1953 г. нарматыўныя прававыя акты па абмежаванні апекі саюзных рэспублік з боку цэнтральных органаў улады і кіравання выявілі тэндэнцыю пашырэння правоў суб’ектаў федэрацыі ў галіне гаспадарча-культурнага будаўніцтва і фінансавай дзейнасці, па пытаннях ажыццяўлення правасуддзя, у прыняцці імі ўласных найбольш важных заканадаўчых актаў. У сувязі з прыняццем Вярхоўным Саветам СССР 11 лютага 1957 г. закона “Аб аднясенні да кампетэнцыі саюзных рэспублік вырашэння пытанняў абласнога, краявога адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення” (Ведомости Верховного Совета СССР. 1957. № 4. Ст. 80) органы ўлады БССР практычна набылі права самастойна вырашаць усё, што адносілася да адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення рэспублікі (Круталевич В. А. Административно-территориальное устройство БССР. Мн., 1966. С. 22). Выключна важнае значэнне ў замацаванні новых правоў мелі ўнесеныя (сакавік 1957 г.) змяненні ў арт. 19 Канстытуцыі БССР 1937 г. У выніку пашырэння правоў саюзных рэспублік у пытаннях дзяржаўнага планавання, фінансавання, у справе рэгулявання рэспубліканскіх бюджэтных сродкаў, змянення практыкі планавання сельскагаспадарчай вытворчасці актывізавалася дзейнасць вышэйшых органаў улады БССР (Вярхоўнага Савета – заканадаўчага органа, яго Прэзідыума – вышэйшага выканаўчага органа і Савета Міністраў – урада рэспублікі), устараняліся крайнія праявы тых негатыўных з’яў, якія назіраліся раней.
Усё гэта абумовіла развіццё кантрольна-назіральнай і гаспадарчай дзейнасці Вярхоўнага Савета БССР, утварэнне ў ім новых пастаянных камісій па падрыхтоўцы законапраектаў і кантролю за выкананнем законаў, іх эфектыўнасцю (пры выкарыстанні ініцыятывы спецыялістаў і перадавікоў народна-гаспадарчага комплексу). Пры гэтым Вярхоўны Савет БССР, акрамя прыняцця законаў аб дзяржаўным бюджэце, зацвярджэння ўказаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета рэспублікі, пачынаючы з 1957 г., стаў рэгулярна разглядаць і зацвярджаць гадавыя народна-гаспадарчыя планы, вырашаць пытанні развіцця народнай асветы, аховы здароўя, пенсійнага забеспячэння, гандлю, парадку адклікання дэпутатаў рознага ўзроўню, судовага ладу і інш.
У рэспубліцы сталі рыхтавацца і выдавацца зборы законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў БССР. Тым самым прызнавалася мэтазгоднасць ператварэння вышэйшых органаў дзяржаўнай улады саюзных рэспублік у працуючы парламент, надзялення іх сапраўднымі (а не фіктыўнымі або дэкаратыўнымі) ўладнымі паўнамоцтвамі.
У пачатку 1957 г. у сувязі з агульнасаюзным законам ад 11 лютага таго ж года “Аб аднясенні да кампетэнтцыі саюзных рэспублік заканадаўства аб судовым ладзе саюзных рэспублік, прыняцця грамадзянскага, крымінальнага і працэсуальных кодэксаў” у рэспубліцы была створана Урадавая камісія па падрыхтоўцы новых кодэксаў (крымінальнага, крымінальна-працэсуальнага, грамадзянскага, грамадзянска-працэсуальнага, працоўнага і сямейнага) (Ведомости Верховного Совета СССР. 1957. № 4. Ст. 63; Очерки истории государства и права БССР. Вып. 2. Мн., 1969. С. 184, 196; История государства и права Белорусской ССР: В 2 т. Мн., 1976. Т. 2. 1937–1975 гг. С. 270). Гэта дазволіла распачаць падрыхтоўку новых рэспубліканскіх кодэксаў. Пры гэтым адпаведна з Законам СССР ад 10 мая 1957 г. “Аб далейшым удасканаленні арганізацыі кіравання прамысловасцю і будаўніцтвам” старшыні Саветаў міністраў саюзных рэспублік былі ўключаны ў склад Савета Міністраў СССР па пасадзе (арт. 20). У выніку Старшыня Савета Міністраў рэспублікі стаў з’яўляцца членам урада СССР з правам рашаючага голасу і ўдзельнічаць у вырашэнні пытанняў агульнасаюзнага значэння (Решения партии и правительства по хозяйственным вопросам: В 5 т. М., 1968. Т. 4. 1953 – 1961 годы. С. 343 – 347; Очерки истории государства и права БССР. Вып. 2. С. 194).
Як паказаў аналіз, савецкія рэспублікі сталі пашыраць рысы прыкмет сапраўднага дзяржаўнага ўтварэння. Канкрэтнай праявай развіцця гэтай тэндэнцыі з’явіліся, у прыватнасці, указы Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 24 верасня 1955 г. “Аб дзяржаўным гімне Беларускай ССР” і ад 8 мая 1956 г. “Аб зацвярджэнні Палажэння аб Дзяржаўным сцягу Беларускай ССР”. Праўда і ў тым, што сам сцяг быў зацвержданы указам Прэзідыўма Вярхоўнага Савета Рэспублікі ад 25 снежня 1951 г. Паўсюднае выкананне гімна (словы М. Клімовіча, музыка Н. Сакалоўскага) было ўведзена з 1 кастрычніка 1955 г. (Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР. 1938 – 1967 гг. В 2 т. Мн., 1968. Т. І. С. 56–57). Хаця пры гэтым не падлягала сумненню, што рэальнай паўнатой улады ў краіне і саюзных рэспубліках павінны валодаць верхнія эшалоны апарату ЦК КПСС і кампартый рэспубліканскіх партарганізацый, якія дубліравалі органы гаспадарчага кіраўніцтва. Менавіта пад іх апекай рыхтаваліся праекты найбольш важных дзяржаўных актаў, ажыццяўлялася дзейнасць дзяржаўных органаў, праводзіліся падбор і расстаноўка кадраў для работы ў іх. Апошнія, у сваю чаргу, мусілі (абавязаны былі) “правільна” разумець “генеральную лінію”.

2. РЭАРГАНІЗАЦЫЯ ПРАВААХОЎНЫХ ОРГАНАЎ
Прадпрынятыя вышэйшым кіраўніцтвам СССР на працягу сакавіка – чэрвеня 1953 г. акцыі па пераходу да калектыўнага кіраўніцтва, ліквідацыі некаторых злоўжыванняў уладай, у тым ліку па перагляду некалькіх сфальсіфікаваных спраў, выявілі новыя рэаліі ў палітычным жыцці краіны. Гэтаму адпавядала і ўвага новага кіраўніцтва да інструментаў ажыццяўлення карнай палітыкі: органаў аховы ўнутранага парадку, дзяржаўнай бяспекі, суда, пракуратуры, юстыцыі і інш. Ужо 17 красавіка 1953 г. указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР у адпаведнасці з агульнасаюзным законам ад 15 сакавіка таго ж году “Аб пераўтварэнні Міністэрстваў СССР” Міністэрства дзяржаўнай бяспекі і Міністэрства ўнутраных спраў рэспублікі аб’ядноўваюцца ў адзінае Міністэрства ўнутраных спраў БССР (Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР. 1938–1955 гг. Мн., 1956. С. 59).
З улікам рашэнняў ліпеньскага (1953) пленума ЦК КПСС сталі праводзіцца меры па ўмацаванню правапарадку і законнасці: аздараўляўся кадравы склад, змяняліся структура і кампетэнцыя МУС – МДБ, змест дзейнасці органаў расследавання, пракуратуры і суда. Пачаўся дэмантаж ГУЛАГа (Галоўнага ўпраўлення прапаноўча-працоўных лагераў, працоўных пасяленняў і месцаў зняволенняў). Яго структуры з падпарадкавання МУС былі перададзены Міністэрству юстыцыі і іншым міністэрствам. Новае кіраўніцтва імкнулася адмежавацца ад негатыўнага вопыту папярэднікаў, змякчыць правілы распарадку ў лагерах і калоніях.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 1 верасня быў адменены выключны (несудовы) парадак разгляду спраў, скасавана Асобая нарада пры міністры унутраных спраў СССР і іншыя неканстытуцыйныя органы МУС, якія акрамя суда разглядалі крымінальныя справы аб дзяржаўных злачынствах “без фармальнасцей”,гэта значыць – пры спрошчаным працэсе следства (насуперак арт. 102 Канстытуцыі СССР і арт. 80 Канстытуцыі БССР). У выніку разгорнутая сетка ваенных трыбуналаў і ваенных пракуратур была скарочана, а кампетэнцыя іх – звужана. Устанаўлівалася, што справы аб контррэвалюцыйных і іншых злачынствах разглядаюцца ў звычайным працэсуальным парадку звычайнай юрыдычнай сістэмы (адпаведна з кампетэнцыяй яе састаўляючых). Вярхоўны суд атрымаў права пераглядаць рашэнні па справах спецпадсуднасці (былых “троек” НКУС, Асобай нарады НКУС – МДБ – МУС і калегій АДПУ), дзе адпаведна прынцыпу – “признание вины – царица доказательств” галоўным доказам было “выбітае” прызнанне “віны” падсудным. Тым самым у савецкім працэсуальна-крымінальным праве вызначылася тэндэнцыя ажыццяўлення прынцыпу правасуддзя толькі на падставе прыгавораў судоў, быў прадвызначаны пераход ад празмернай цэнтралізацыі судовага нагляду да пашырэння правоў пракурорскага нагляду. Пры гэтым справы аб найбольш цяжкіх дзяржаўных злачынствах (здрада Радзіме, тэрарыстычныя акты, дыверсіі), здзейсненыя неваеннаслужачымі, якія раней былі падсудны ваенным трыбуналам, перададзены ў сферу кампетэнцыі Вярхоўных судоў саюзных рэспублік (Органы государственного управления Белорусской ССР (1919–1967 ). Мн., 1968. С. 304; Очерки истории государства и права БССР. Вып. 2. С. 251; История государства и права Белорусской ССР. Т. 2. С. 366). Абмежаванне падсуднасці ваенных трыбуналаў пашырала паўнамоцтвы абласных і Вярхоўных судоў у разглядзе спраў аб дзяржаўных злачынствах.
На пазбаўленне якой-небудзь аўтаноміі механізма “дзяржаўнай бяспекі” было накіравана выдзяленне яго ў сакавіку 1954 г. з сістэмы МУС СССР і ўтварэнне КДБ пры Савеце міністраў СССР (у рэспубліцы – на падставе Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 19 мая) (История Советской Конституции (в документах). 1917–1956. С. 888; Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Со-вета Белорусской ССР. 1938–1955 гг. С. 66). На службу дзяржбяспекі ўскладалася забеспячэнне дзяржаўнай бяспекі, выяўленне і прыцягненне да крымінальнай адказнасці шпіёнаў, дыверсантаў, тэрарыстаў, здраднікаў Радзімы і іншых агентаў замежных разведак, засылаемых у СССР. Праўда, пры звужэнні сферы дзеянняў, яна працягвала палітычны вышук у інтарэсах выяўлення ступені спеласці будаўнікоў новага грамадства. Пры гэтым было праведзена значнае абнаўленне кадраў, уведзены пракурорскі нагляд за ўсёй службай дзяржбяспекі. У цэнтры, у рэспубліках і абласцях яна была пастаўлена пад пільны кантроль адпаведных партыйных камітэтаў (ЦК – яго Прэзідыума або бюро ЦК кампартый саюзных рэспублік, абкомаў, крайкомаў, гэта значыць, пад кантроль партакратыі). Тым самым без санкцыі статутных партыйных органаў член партыі не мог быць кінуты ў турму.
З улікам новых задач адбывалася перабудова ўсёй сістэмы судовых органаў. З мэтай узмацнення ролі мясцовых судоў у ажыццяўленні судовага нагляду Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 14 жніўня 1954 г. у складзе вярхоўных судоў саюзных рэспублік, краявых і абласных судоў былі ўтвораны прэзідыумы. Яны маглі пераглядаць у парадку нагляду крымінальныя і грамадзянскія справы па пратэстах пракурораў (або іх намеснікаў) і старшыняў судоў (намеснікаў) на прыгаворы, рашэнні і вызначэнні судовых калегій Вярхоўнага суда рэспублікі, абласнога ці народнага судоў. Парадак дзейнасці прэзідыумаў абласных судоў і Вярхоўнага суда БССР, як і іншых савецкіх рэспублік, вызначаўся Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 25 красавіка 1955 г. Пастановы прэзідыума абласнога суда маглі быць апратэставаны пракурорам саюзнай рэспублікі, старшынёй Вярхоўнага суда рэспублікі і іх намеснікамі у адпаведную судовую калегію Вярхоўнага суда саюзнай рэспублікі. Пастановы прэзідыума Вярхоўнага суда рэспублікі маглі быць апратэставаны Генеральным Пракурорам СССР, Старшынёй Вярхоўнага суда СССР (іх намеснікамі) у адпаведную калегію Вярхоўнага суда СССР (арт. 11) (Ведомости Верховного Совета СССР. 1954. № 17. Ст. 360; Тамжа. 1955. № 7. Ст. 166; Мартинович И. И. История суда в Белорусской ССР (1917–1960 .). Мн., 1961. С. 145; История государства и права Белорусской ССР. Т. 2. С. 366, 376).
Чарговыя крокі ў звужэнні функцыі судовага нагляду Вярхоўнага суда СССР і пашырэнні наглядных паўнамоцтваў Вярхоўных судоў саюзных рэспублік былі замацаваны ў прынятым 12 лютага 1957 г. Вярхоўным Саветам СССР Палажэнні аб Вярхоўным судзе СССР (Ведомости Верховного Совета СССР. 1957. № 4. Ст. 85). У адрозненне ад ранейшай практыкі Вярхоўны суд СССР стаў разглядаць у парадку нагляду справы, падсудныя судам саюзнай рэспублікі, толькі па разглядзе іх вышэйшай нагляднай інстанцыяй рэспублікі (пленумам Вярхоўнага суда), а вынесеныя ёй прыгаворы, рашэнні і пастановы супярэчылі агульнасаюзнаму заканадаўству або парушалі інтарэсы іншых саюзных рэспублік. Пастановы Вярхоўных судоў саюзных рэспублік маглі быць перагледжаны ў парадку нагляду па пратэсту Старшыні Вярхоўнага суда СССР або Генеральнага Пракурора СССР толькі пленумам Вярхоўнага суда Саюза ССР. У выніку далейшага пашырэння правоў органаў правасуддзя саюзных рэспублік Вярхоўнаму суду БССР, як і іншых нацыянальных рэспублік, стала належаць, як правіла, апошняе і канчатковае слова па справах, падсудных судовым органам рэспублікі. Паказальна і тое, што Старшыня Вярхоўнага суда саюзнай рэспублікі стаў уваходзіць у склад Вярхоўнага суда СССР па пасадзе (арт. 3). Тым самым, як сведчаць даследчыкі, дасягалася не толькі забеспячэнне правядзення адзінай судовай палітыкі, але і ўмацаванне штодзённай сувязі Вярхоўнага суда СССР з судовымі органамі саюзных рэспублік (Мартинович И. И. История суда в Белорусской ССР (1917–1960 ). С. 148; История государства и права Белорусской ССР. Т. 2. С. 367).
Праведзеная дэцэнтралізацыя жорсткага судовага нагляду, набліжэнне апошняга да народнага суда (ў адмену норм закона СССР “Аб судовым ладзе СССР, саюзных і аўтаномных рэспублік” ад 16 жніўня 1938 г.) у спалучэнні з пашырэннем кола асоб, якія мелі права прыносіць пратэсты ў парадку нагляду, спрыяла аператыўнай праверцы законнасці і абгрунтаванасці дзеючых судовых рашэнняў. Створаныя прэзідыумы судоў правялі значную работу па перагляду прыгавораў на асоб, асуджаных за дзяржаўныя злачынствы ў 1937 – 1938 гг. (Очерки истории государства и права БССР. Вып. 2. С. 214).
У сувязі з абмежаваннем падсуднасці ваенных трыбуналаў да кампетэнцыі абласных і Вярхоўных судоў саюзных рэспублік былі адне-сены справы аб дзяржаўных злачынствах, акрамя спраў аб шпіянажы. Па прычыне скасавання (люты 1957) транспартных судоў на народныя, аб-ласныя і Вярхоўныя суды нацыянальных рэспублік адпаведна іх кампетэнцыі быў ускладзены разгляд спраў аб злачынствах, здзейсненых на транспарце (Ведомости Верховного Совета СССР. 1957. № 4. Ст. 86).
Абмяжоўвалася і падсуднасць народнага суда ў вырашэнні некаторых катэгорый крымінальных і грамадзянскіх спраў. Так, па прычыне замены крымінальнай адказнасці за самавольнае пакіданне прадпрыемстваў і ўстаноў, неаднаразовы або працяглы прагул без уважлівай прычыны мерамі дысцыплінарнага або грамадскага ўздзеяння (красавік 1956) народныя суды былі вызвалены ад разгляду гэтых спраў (Ведомости Верховного Совета СССР. 1956. № 10. Ст. 203). Трэба адзначыць, што гэта мера не толькі звузіла кампетэнцыю народных судоў на карысць грамадскай самадзейнасці, але і сведчыла аб развіцці тэндэнцыі паслаблення рэпрэсіўнай палітыкі.
Праведзенае звужэнне залішне шырокай кампетэнцыі вышэйшага су-довага органа краіны, зразумела, спрыяла ўзмацненню ролі мясцовых судовых органаў у ажыццяўленні судовага нагляду, пашырэнню іх паўнамоцтваў і ўмацаванню ўсёй сістэмы органаў правасуддзя рэспублікі.
Дададзім сюды той факт, што далейшаму вырашэнню задачы паляп-шэння арганізацыі судовай сістэмы рэспублікі з улікам яе нацыянальных, адміністрацыйна-тэрытарыяльных і іншых асаблівасцей адпавядаў закон СССР ад 11 лютага 1957 г. “Аб аднясенні да кампетэнцыі саюзных рэспублік заканадаўства аб судовым ладзе, прыняцця грамадзянскага, крымінальнага і працэсуальнага кодэксаў” (абмежаванні былі замацава-ны арт. 14 Канстытуцыі СССР 1936 г.) (Ведомости Верховного Совета СССР. 1957. № 4. Ст. 63). У сакавіку гэтага года Вярхоўны Савет рэспублікі з мэтай замацавання гэтага права змяніў арт. 19 Канстытуцыі БССР 1937 г. (Четвертая сессия Верховного Совета Белорусской ССР. 2–15 марта 1957. Стенограф. отчет. Мн., 1957. С. 305–306). Да кампетэнцыі вышэйшых органаў улады і дзяржаўнага ўпраўлення рэспублікі стала адносіцца практычна ўсё, што тычылася адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення, вырашэння пытанняў кіраўніцтва дарожным будаўніцтвам, транспартам і прадпрыемствамі сувязі рэспубліканскага значэння, а таксама прыняцце заканадаўства аб судовым ладзе і судаводстве, грамадзянскага і крымінальнага заканадаўства.
У выніку ствараліся нармальныя ўмовы функцыянавання народна-гаспадарчага комплексу, для ўстаранення крайніх праяў тых негатыўных з’яў, якія мелі месца ў папярэднія гады. Да таго ж стымулявалася не толькі заканадаўчая дзейнасць Вярхоўнага Савета БССР, яго Прэзідыума, але і наладжванне актыўнай кадыфікацыйнай работы па галінах права, падрыхтоўкі закона аб судовым ладзе рэспублікі. Апошняя стала асабліва інтэнсіўнай па зацвярджэнні Вярхоўным Саветам СССР 25 снежня 1958 г. “Асноў заканадаўства аб судовым ладзе Саюза ССР, саюзных і аўтаномных рэспублік”. Асновы замацавалі адзіную трохзвёнавую судовую сістэму ў краіне, у тым ліку і рэспубліцы: народны, абласны і Вярхоўны суды. Пры гэтым быў уведзены адзіны раённы (гарадскі) народны суд (замест незалежных адзін ад другога ўчасткаў у адным адміністрацыйным раёне) як асноўнае звяно судовай сістэмы. Па-ранейшаму прадугледжвалася справаздачнасць народных суддзяў перад выбаршчыкамі, а судоў – перад адпаведнымі Саветамі. Быў замацаваны прынцып незалежнасці судовага корпусу і падпарадкаванне яго толькі закону (арт. 9). Асновы канчаткова заканадаўча замацавалі прынцыпы ажыцяўлення правасуддзя ў дакладнай адпаведнасці з законам (арт. 6), удзел у судзе грамадскасці (арт. 15, 19, і інш.)
Прынцыповыя палажэнні агульнасаюзных Асноў былі закладзены ў рэспубліканскія законы аб судовым ладзе (у БССР такі закон быў прыня-ты Вярхоўным Саветам у лістападзе 1959 г.) (Сборник законов Белорус-ской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР. 1938 – 1967: В. 2 т. Мн., 1969. Т. П. С. 115 – 129). Яны не толькі замацавалі змены ў судовай сістэме пасля 1953 г., але і вызначылі пер-спектывы развіцця судовых органаў саюзных рэспублік на аснове агуль-насаюзных прынцыпаў. Імі кіраваліся з невялікімі зменамі да прыняцця новага Закона “Аб судовым ладзе і статусе суддзяў у Рэспубліцы Бела-русь” (студзень 1995)
Законам СССР ад 25 снежня 1958г. было зацверджана Палажэнне аб ваенных трыбуналах (Ведомости Верховного Совета СССР. 1959. № 1. Ст. 14). Уваходзячы ў адзіную сістэму судовых органаў краіны, кіруючыся адзінымі для ўсіх судоў прынцыпамі правасуддзя, трыбуналы будаваліся ў адпаведнасці з арганізацыйнай структурай арміі.
Устараненню адмоўных з’яў у працэсуальным парадку вытворчасці спраў у судах адпавядала рэарганізацыя сістэмы пракурорскіх органаў, прыняцце захадаў па ўзмацненні пракурорскага нагляду ў забеспячэнні законнасці і правапарадку. Згодна з Палажэннем аб пракурорскім наглядзе ў СССР, зацверджаным Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 мая 1955г., і загадам Генеральнага Пракурора СССР у рэспубліцы на працягу кастрычніка – лістапада 1955 г. былі ўтвораны міжраённыя пракуратуры на тэрыторыі двух – трох адміністрацыйных раёнаў. Сярод найбольш важных задач пракуратуры Палажэнне вызначала (арт. 3) нагляд за захаваннем усімі органамі дазнання і папярэдняга следства ўстаноўленага законам парадку расследавання злачынстваў, а таксама абгрунтаваных прыгавораў, рашэнняў, вызначэнняў і пастаноў, законнасцю іх выканання і ўтрымання вязняў у месцах пазбаўлення волі. Палажэнне абавязвала пракурораў асабліва ўважліва адносіцца да санкцыяніравання арышту. Вышэйшы нагляд за дакладным выкананнем законаў усімі дзяржаўнымі органамі і ўстановамі, асобнымі службовымі асобамі, а таксама грамадзянамі ўскладваўся на Генеральнага Пракурора СССР (Ведомости Верховного Совета СССР. 1955. № 9. Ст. 222; История Советской Конституции (в документах). 1917–1956. С. 897–908). Тым самым цалкам аднаўляўся нагляд пракуратуры за дзейнасцю органаў унутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі, а паўнамоцтвы яе ў ажыццяўленні правасуддзя і ўмацаванні правапарадку пашыраны. Адначасова было пакончана з практыкай выключнага, спрошчанага парадку расследавання і судовага разгляду спраў аб некаторых дзяржаўных злачынствах, якая ўжывалася ў савецкім крымінальным працэсе да 1956 г. (Очерки истории государства и права БССР. Вып. 2. С. 255). Пракуратуру СССР узначальваў Генеральны Пракурор, які прызначаўся Вярхоўным Саветам ССР тэрмінам на 7 гадоў. Генеральны Пракурор по-ранейшаму прызначаў пракурораў саюзных рэспублік і абласцей на 5 гадоў. Падначаленыя ім міжраённыя і раённыя (гарадскія) пракуроры зацвярджаліся на 5 гадоў. Пракуратура была падкантрольнай адпаведным партыйным камітэтам КПСС. Ні адзін пракурор не мог быць прызначаны на пасаду або зволены з яе без рашэння адпаведных партыйных органаў (Юхо Я.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі: Дапаможнік. У 2 ч. Мн., 2003. Ч. 2. С. 202)
Пасля прыняцця Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР 24 мая 1955 г. Палажэння аб пракурорскім наглядзе ў СССР і Вярхоўным Саветам СССР 25 снежня 1958 г. Палажэння аб ваенных трыбуналах (Ведомости Верховного Совета СССР. 1955. № 9. Ст. 222; Там жа. 1959. № 1. Ст. 14) гаварыць аб канструяванні трыбуналаў як самастойнай і адасобленай карнай сістэмы мог толькі той, хто нічога не зразумеў у поступе новых рэалій ці адносіўся да катэгорыі яўных і тайных агентаў НКУС.
На дэмакратызацыю карнай сістэмы, было накіравана праведзенае ў снежні 1956 г. Прэзідыумам Вярхоўнага савета БССР аб’яднанне аблас-ных упраўленняў Міністэрства ўнутранных спраў і ўпраўленняў міліцыі ў адзіным ўпраўленні ўнутранных спраў выканаўчых камітэтаў абласных Саветаў дэпутатаў працоўных. Да таго ж было ўведзена двайное падпарадкаванне органоў МУС абласцях, гарадах і раёнах.
Такім чынам, праведзеныя меры па ўмацаванні правапарадку і законнасці, гуманізацыі судовай сістэмы значна абмежавалі магчымасці для незаконных дзеянняў з боку органаў аховы грамадскага парадку, дзяржаўнай бяспекі і суддзяў, узмацнілі гарантыі асобы пры ажыццяўленні правасуддзя. На фоне агульнай дэмакратызацыі сацыяль-на-эканамічнага і палітычнага жыцця папярэднія прынцыпы (шмат у чым спрошчаныя) функцыянавання прававой сістэмы былі надламаны. Да-лейшае сваё развіццё і канкрэтызацыю яны знайшлі ў кадыфікацыі заканадаўства рэспублікі 60 – першай паловы 80-ых гадоў.

3. АБНАЎЛЕННЕ ЗАКАНАДАЎСТВА: ГАЛОЎНЫЯ НАПРАМКІ

Адзначаныя змены ў кампетэнцыі і арганізацыі праваахоўных органаў (паводле тэрміналогіі папярэдняга часу – карных) спалучаліся з пераглядам заканадаўства, рэвізіяй (напачатку з дапамогай следчых груп і камісій МУС СССР) пераважна найбольш позніх па часу прыгавораў па справах буйных дзеячаў партыі і дзяржавы.
Першым крокам на шляху перагляду жорсткай рэпрэсіўнай сістэмы і ліквідацыі злоўжыванняў былых гадоў стаў указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 27 сакавіка 1953 г. аб амністыі для ўсіх вязняў, асуджаных на тэрмін да 5 гадоў уключна за службовыя, гаспадарчыя і некаторыя вайсковыя злачынствы (пераважна гаспадарнікі і партработнікі – ахвяры кампаній 1951–1952 гг.), а таксама непаўналетнія, састарэлыя, хворыя, жанчыны, якія мелі малалетніх дзяцей і цяжарныя. Да таго ж агалошвалася скарачэнне тэрмінаў па прыгаворах да больш працяглага зняволення. Усяго з месцаў заключэння належала вызваліць 1 203 421 чалавек, а таксама спыніць следчыя справы на 401 120 чалавек (па даных на 18 красавіка 1953 г.). На 10 жніўня 1953 г. з месцаў зняволення было вызвалена па амністыі 1 032 000 чалавек.
Аднак амністыі не падлягалі асуджаныя на тэрмін больш як на пяць гадоў і прыцягнутыя да адказнасці як “контррэвалюцыянеры”, буйныя раскрадальнікі сацыялістычнай уласнасці, бандыты і злосныя забойцы. Разам з тым актам быў зроблены акцэнт на неабходнасці перагляду крымінальнага заканадаўства з мэтай замены крымінальнай адказнасці за некаторыя службовыя, гаспадарчыя, бытавыя і іншыя менш бяспечныя злачынствы мерамі адміністрацыйнага і дысцыплінарнага парадку, а таксама змякчэння крымінальнай адказнасці за асобныя злачынствы (Ведомости Верховного Совета СССР. 1953. № 4; Лаврентий Берия. 1953. Стеногр. июльского пленума ЦК КПСС и др. документы /Под ред. А. Н. Яковлева. М., 1999. С. 398). З цягам часу менавіта абмежаванне сферы крымінальна караемых дзеянняў стане адным з галоўных напрамкаў на шляху перагляду жорсткай рэпрэсіўнай практыкі.
Амаль праз месяц пасля смерці І. В. Сталіна, 3 красавіка, Прэзідыум ЦК КПСС цалкам рэабілітаваў усіх прыцягнутых да адказнасці і арыштаваных органамі дзяржаўнай бяспекі “няправільна, без якіх-небудзь законных падстаў” па так званай справе аб урачах-шкодніках. У апублікаваным на наступны дзень у газеце “Правда” паведамленні Міністэрства ўнутраных спраў СССР гаварылася: прыцягнутыя па гэтай справе асобы сталі ахвярамі правакацыі супрацоўнікаў органаў дзяржбяспекі і што інкрымініраваныя арыштаваным абвінавачванні былі на самай справе атрыманы шляхам прымянення “недазволеных і строга забароненых савецкімі законамі прыёмаў следства”. Таму “асобы, вінаватыя ў няправільным вядзенні следства”, “самых грубых скажэннях савецкіх законаў” (дакладней, фальсіфікацыі фактаў) арыштаваны і прыцягнуты да крымінальнай адказнасці (Лаврентий Берия. 1953. С. 23–25, 398). Гэта значыць, у адпаведнасці з нормамі сталінскага перыяду, якія апраўдвалі жорсткія рэпрэсіі.
Тым не менш эфект праведзенай аперацыі пераўзышоў усе чаканні: яна падтрымлівала надзею ў грамадстве на ажыццяўленне пераходу ад бяспраўя да законнасці, сістэмнага пераасэнсавання прынцыпаў і практыкі функцыянавання апарату карных органаў, змякчэння таталітарнага рэжыму. Гэта пацвярджаецца патокам просьбаў аб рэабілітацыі, якія захліснулі органы пракуратуры і суда, шматлікімі хваляваннямі і паўстаннямі асуджаных за “контррэвалюцыйныя злачынствы”. У выніку расследавання былой дзейнасці служб бяспекі ў 1953 г. было выпушчана на волю каля 4 тыс. чалавек. Хаця гэта быў яўна недастатковы адказ на запыты, ён стаў першай непасрэднай спробай новага кіраўніцтва зрабіць брэш у сталінскай рэпрэсіўнай сістэме (Боффа Дж. История Советского Союза: В 2 т. М., 1990. Т. 2. От Отечественной войны до положения второй мировой державы. Сталин и Хрущев. 1941–1964 гг./ Пер. с итал. М., 1990. С. 413).
Працягвалася работа па ўрэгуляванні пытанняў амністыі пацярпелых. 8 верасня 1953 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР была адменена забарона прымяняць амністыю для асоб, асуджаных за раскраданне сацыялістычнай уласнасці і за спекуляцыю. Гэта значыць, за злачынствы, вызначаныя пастановамі ЦВК і СНК СССР ад 7 і 22 жніўня 1932 г., а таксама Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 4 чэрвеня 1947 г. Аднак, як сведчаць даследаванні, захаванне ўстаноўленых раней высокіх санкцый на ўсе віды раскраданняў, скупку–перапродаж тавараў незалежна ад ступені іх рэальнай грамадскай бяспекі стварала нямала цяжкасцей у практыцы пракурорска-следчых органаў пры вызначэнні пакарання па справах аб нязначных правапарушэннях. Адсюль не спыняўся рост колькасці асуджаных за злачынствы, якія не ўяўлялі сур’ёзнай пагрозы для дзяржавы.
Адначасова была адменена ўведзеная перад вайной або падчас яе крымінальная адказнасць за самавольны уход рабочых і служачых з работы, прагулы, дэзерцірства з прадпрыемстваў ваеннай прамысловасці, невыпрацоўку абавязковага мінімуму працадзён у калгасах (уведзены ў маі 1939 г.) (Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20–50-ых гадоў на Беларусі. Мн., 1994. С. 139–140). Тым самым былі перакрыты істотныя крыніцы напаўнення месцаў зняволення. Дарэчы, па няпоўных звестках, толькі ў 1949 г. па СССР за невыпрацоўку мінімуму працадзён да судовай адказнасці было прыцягнута 14–19 % усёй колькасці калгаснікаў, якія не выпрацавалі ўстаноўленай нормы працадзён (Вербицкая О. М. Российское крестьянство: От Сталина к Хрущеву. Середина 40 – начало 60-х годов. М., 1992. С. 55).
У красавіку 1954 г. былі рэабілітаваны ахвяры так званай ленінградскай справы – партыйныя і гаспадарчыя кіраўнікі (Лаврентий Берия. 1953. С. 403). 4 мая ЦК КПСС была прынята пастанова “Аб пераглядзе спраў на асоб, асуджаных за контррэвалюцыйныя злачынствы, якія ўтрымліваюцца ў лагерах, калоніях і турмах МУС і знаходзяцца ў ссылцы і на пасяленні” (Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20–50-ых гадоў на Беларусі. С. 140), што значна пашырыла прававую базу па забеспячэнні законнасці і правапарадку, а таксама актывізавала рэабілітацыю па судовых каналах.
У адпаведнасці з указамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 красавіка і 14 ліпеня 1954 г. па асобных катэгорыях правапарушэнняў аднаўляўся судовы парадак датэрміновага і ўмоўна-датэрміновага вызвалення, адменены Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 чэрвеня 1939 г. Пытанне аднаўлення прымянення інстытута ўмоўна-датэрміновага вызвалення было разгледжана 18 студзеня 1955 г. на пасяджэнні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. Прыняты на ім указ аднавіў дзеянне адмененых у 1939 г. арт. 61 і 62 Крымінальнага кодэкса БССР, якія рэгулявалі ўмовы і парадак прымянення сістэмы “ўмоўна-датэрміновага вызвалення лагернага кантынгенту”. Больш дасканалая працэдура забеспячэння ажыццяўлення карнай палітыкі дзяржавы судовымі органамі ў адносінах асоб, якія падлягаюць датэрміноваму і ўмоўна-датэрміноваму вызваленню з месцаў зняволення, вызначалася Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 21 красавіка 1955 г. (Сборник нормативных актов по советскому исправительно-трудовому праву. М., 1959. С. 318; Сборник законов Белорусской ССР и указов Пре-зидиума Верховного Совета Белорусской ССР. 1938–1955 гг. С. 292–293; Сборник законов СССР и указов Президиума Верховного Совета СССР. 1938–1956гг. М., 1956. С. 417; Очерки истории государства и права БССР. Вып. 2. С. 253–254; История государства и права Белорусской ССР. Т. 2. С. 396, 399). Гэтыя акты не толькі сведчылі аб замацаванні тэндэнцыі паслаблення рэпрэсіўнай практыкі, але і спрыялі працэсу рэабілітацыі “палітычных вязняў”, неабгрунтавана пакараных за “контррэвалюцыйныя злачынствы”.
Да таго ж прымаліся меры па забеспячэнні сацыяльных правоў рэабілітаваных, пэўнай кампенсацыі ім матэрыяльных і маральных страт. Цалкам рэабілітаваныя аднаўляліся ў партыі, члены сем’яў пасмяротна рэабілітаваных атрымлівалі аднаразовыя дапамогі, забяспечваліся пенсіямі (Лаврентий Берия. 1953. С. 40, 398–399, 400). Пастановай Савета Міністраў СССР ад 8 верасня 1955 г. “Аб працоўным стажы, працаўладкаванні і пенсійным забеспячэнні грамадзян, неабгрунтавана прыцягнутых да крымінальнай адказнасці і ў далейшым рэабілітаваных”, такога роду пацярпелым час зняволення або ссылкі залічваўся ў агульны працоўны стаж і ў стаж работы па спецыяльнасці. Да таго ж выплачваўся двухмесячны заробак, пенсіі па старасці прызначаліся незалежна ад наяўнасці ў іх стажу па вызваленні з месцаў зняволення ці ссылкі (Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20 – 50-ых гадоў на Беларусі. С. 140).
22 лістапада 1955 г. ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР завяршыла рэвізію працэсу Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта і спыніла справу “за адсутнасцю саставу злачынства”. Аднак рашэнне аб рэабілітацыі ўсіх падсудных да канца 1988 г. заставалася не аб’яўленым публічна (В Комиссии Политбюро ЦК КПСС по дополнительному изучению материалов, связанных с репрессиями, имевшими место в период 30 – 40-х годов и начала 50-х годов:О так называемом “деле Еврейского антифашистского комитета” // Известия ЦК КПСС. 1989. № 12. С. 34 – 35, 40).
Між тым значная частка спраў аб рэабілітацыі праводзілася ў індывідуальным парадку, пры наяўнасці заяў і скаргаў грамадзян у партыйна-ўрадавыя ўстановы і органы юстыцыі. У цэлым колькасць вызваленых з лагераў, дэпартаваных і сасланых заставалася нязначнай да верасня 1955 г., калі былі амнісціраваны, незалежна ад тэрміну пакарання, асобы, асуджаныя за супрацоўніцтва з немцамі (служба іх у арміі, паліцыі і спецыяльных фарміраваннях), былыя ваеннапалонныя, інтэрніраваныя па вяртанні ў СССР. Праўда, поўная рэабілітацыя ваеннапалонных адбылася толькі ў канцы 80-ых гадоў. Большасць асуджаных за “контррэвалюцыйную дзейнасць” чакала свайго вызвалення. Да таго ж сама працэдура рэабілітацыі, звязаная з праходжаннем спраў праз Вярхоўны суд СССР або яго “ваенную калегію”, займала шмат часу. Пры ўсім тым назапашаны вопыт, будучы да пачатку другой паловы 50-ых гадоў у значнай ступені прыхаваным, спрыяў выпрацоўцы аптымальных (па мерках часу) падыходаў да арганізацыі перагляду спраў пацярпелых, прыняццю дакументаў, якія садзейнічалі рэабілітацыі. Нарэшце, паслабленню рэпрэсіўнага рэжыму, зняццю хвалі масавых рэпрэсій, нарошчванню тэмпаў рэабілітацыі, аднаўленню сацыяльнай справядлівасці і ліквідацыі практыкі бяспраўя ў законе.
Разам з тым працэс патрабаваў больш дбайнага падыходу. 31 снежня 1955 г. Прэзідыумам ЦК КПСС была створана спецыяльная камісія па вывучэнні матэрыялаў аб масавых рэпрэсіях членаў і кандыдатаў у члены ЦК ВКП (б) у 1935 – 1940 гг. Вынікі яе працы актывізавалі перагляд жорсткага рэпрэсіўнага ўхілу ў заканадаўстве, прадвызначылі працэс масавай рэабілітацыі асоб, неабгрунтавана пацярпелых, абумовілі карэнны перагляд адносін да лёсу ахвяр рэпрэсіўных органаў.
Распачатая лібералізацыя заканадаўства праявілася і ў развіцці тэндэнцыі звужэння сферы крымінальнай адказнасці, дэкрымінілізацыі некаторых правапарушэнняў. Так, 5 жніўня 1954 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР была адменена крымінальная адказнасць цяжарных жанчын за ўчыненне аборту, уведзеная ў 1936 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 23 лістапада 1955 г. “Аб адмене забароны абортаў” крымінальная адказнасць за аборт абмежавана выпадкамі яго ўчынення па-за бальніцамі або лячэбнымі ўстановамі, у антысанітарных умовах ці асобамі, якія не мелі спецыяльнай медыцынскай адукацыі (Ведомости Верховного Совета СССР. 1955. № 22. Ст. 425; Очерки истории государства и права БССР. Вып. 2. С. 248).
Карэкціроўка сферы крымінальна караемых паводзін суправаджалася агульнай гуманізацыяй карнай палітыкі. Напрыклад, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 10 студзеня 1955 г. “Аб крымінальнай адказнасці за дробнае раскраданне дзяржаўнай грамадскай маёмасці” за падобныя дзеянні, здзейсненыя ўпершыню, прадугледжвалася пазбаўленне волі тэрмінам на тры месяцы або папраўчыя работы ад шасці месяцаў да аднаго года, а пры паўторнасці – пазбаўленне волі на тэрмін ад аднаго да двух год (Уголовный кодекс РСФСР. М., 1957. С. 109). Ажыццёўленае выдзяленне з родавага саставу раскрадання грамадскай і дзяржаўнай маёмасці (за якія да гэтага прадугледжвалася пазбаўленне волі на тэрмін адпаведна не менш 5 і 7 гадоў паводле Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 4 чэрвеня 1947 г.) дробнага раскрадання сацыялістычнай маёмасці спрыяла, на думку спецыялістаў, агульнаму змякчэнню судовых санкцый за раскраданне такой маёмасці (Ведомости Верховного Совета СССР. 1947. № 19; Очерки истории государства и права БССР. Вып. 2. С. 248).
У сакавіку і маі 1955 г. указамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР было адменена выкарыстанне практыкі крымінальных рэпрэсій і ўстаноўлена адміністрацыйная адказнасць за самавольны праезд у таварных цягніках; за продаж, абмен і водпуск на бок кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый невыкарыстоўваемага абсталявання і матэрыялу (Ведомости Верховного Совета СССР. 1955. № 5. Ст. 114; Там жа. 1955. № 8. Ст. 193; Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР. 1938–1955 гг. С. 293, 294).
Адпаведна з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 25 красавіка 1956 г. “Аб адмене судовай адказнасці рабочых і служачых за самавольнае пакіданне прадпрыемстваў і ўстаноў і за прагул без уважлівай прычыны”, крымінальнае пакаранне рабочых і служачых за такія ўчынкі замянялася мерамі дысцыплінарнага, матэрыяльнага або грамадскага ўздзеяння, а народныя суды вызваляліся ад разгляду гэтых спраў (Ведомости Верховного Совета СССР. 1956. № 10. Ст. 203). У выніку такіх дзеянняў былі спынены судовыя праследаванні рабочых і служачых (у тым ліку раней асуджаных і адбыўшых пакаранне). Пры гэтым рабочыя і служачыя маглі мяняць месца працы паводле папярэджання аб гэтым адміністрацыі за два тыдні (хаця калгаснікі па-ранейшаму не маглі па свайму жаданню легальна пакінуць свой калгас).
Пастановай Савета Міністраў СССР ад 4 кастрычніка 1956 г. “Аб працоўным стажы грамадзян, якім пры пераглядзе крымінальнай справы зніжана мера пакарання”, час іх знаходжання ў месцах зняволення звыш тэрміну, вызначанага пры пераглядзе справы, залічваўся ў агульны працоўны стаж і ў стаж работы па спецыяльнасці, па якой грамадзянін працаваў да прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Паказальна і тое, што даная пастанова распаўсюджвалася на грамадзян, якім мера пакарання была зніжана пры пераглядзе крымінальнай справы да выдання гэтай пастановы (Собрание постановлений правительства Союза Советских Социалистических Республик (СП СССР). 1957. № 2. Ст. 10).
У мэтах узмацнення аховы правоў і інтарэсаў рабочых і служачых на падставе Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 31 студзеня 1957 г. быў зменены арт. 6 Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 25 красавіка 1956 г. Устанаўлівалася, што рабочым і служачым, звольненым з работы па асабістаму жаданню, дапамога па часовай непрацаздольнасці, якая наступіла ў выніку працоўнага калецтва ад прафесійнага захворвання, выдаецца незалежна ад працягласці работы на новым месцы (Ведомости Верховного Совета СССР. 1957. № 3. Ст. 55).
Прымаліся захады і па ўздыму вельмі нізкага матэрыяльнага ўзроўню сялян, больш поўнаму забеспячэнню іх сацыяльных правоў. У сакавіку 1956 г. ЦК КПСС і Савет Міністраў СССР прадаставілі калгаснікам права дапаўняць і змяняць, з улікам мясцовых, канкрэтных умоў, асобныя палажэнні Прыкладнага статута сельгасарцелі 1935 г. (КПСС в резолюциях и решениях съездов, конференций и пленумов ЦК (1898–1986). Изд. 9-е, доп. и исправл. М., 1986. Т. 9. 1956–1960. С. 91–97 (КПСС в решениях и резолюциях…)). З 1956 г. калгаснікам пачалі выдаваць штомесячныя грашовыя авансы на працадні (замест штоквартальных). У 1958 г. грашовыя авансы не выдавалі толькі 11,7% калгасаў рэспублікі (Решения партии и правительства по хозяйственным вопросам: В 5 т. М., 1968. Т. 4. 1953 – 1961 годы. С. 289 – 290; Сорокин А.Н. Органи-зационно-хозяйственное укрепление колхозов Белорусской ССР в 1953 – 1958 гг. // Из истории социалистического строительства / На материалах Белорусской ССР. Мн., 1979 . С. 124). А яшчэ ў сакавіку 1955 г. былі пашыраны правы калгасаў і саўгасаў у галіне планавання (КПСС в резолюциях и решениях… М., 1985. Т. 8. 1946–1955. С. 492–498).
Пастановай ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР ад 4 ліпеня 1957 г. “Аб адмене абавязковых паставак сельскагаспадарчых прадуктаў дзяржаве гаспадаркамі калгаснікаў, рабочых і служачых” (СП СССР. 1957. № 7. Ст. 77) з 1 студзеня 1958 г. былі адменены абавязковыя пастаўкі дзяржаве ўсіх сельгаспрадуктаў названымі катэгорыямі гаспадарак (замест праведзенага ў 1954 г. памяншэння норм абавязковых паставак і адмены іх толькі адносна збожжавых). У выніку знікла судовая адказнасць калгаснікаў і іншых груп працоўных па гэтаму віду дзеянняў. Істотныя карэктывы ў прававое рэгуляванне дзейнасці калгасаў былі ўнесены ў сакавіку 1958 г. у сувязі з прыняццем Вярхоўным Саветам СССР Закона аб рэарганізацыі МТС (Закон аб далейшым развіцці калгаснага ладу і рэарганізацыі машынна-трактарных станцый, прыняты Вярхоўным Саветам СССР 31 сакавіка 1958 г. // Решения партии и правительства по хозяйственным вопросам. Т. 4. С. 397–401).
У адпаведнасці з агульнасаюзнымі актамі з Крымінальнага кодэкса БССР выключаліся артыкулы па таму ці іншаму саставу правапарушэнняў, а пры неабходнасці – уводзіліся новыя. Так, у сувязі з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 25 красавіка 1956 г., Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета рэспублікі ад 29 жніўня таго ж года ў КЗаП БССР была заменена рэдакцыя арт. 46. Ім прадугледжвалася магчымасць спынення рабочым і служачым дагавора, які заключаны на няпэўны тэрмін, у любы час, але пры абавязковым папярэджанні аб гэтым адміністрацыі прадпрыемства (установы) за два тыдні. Разам з тым кодэкс быў дапоўнены арт. 47-а. Ён устанаўліваў меры дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасці або адказнасць перад таварыскім судом для рабочых і служачых за прагул без уважлівай прычыны (Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской. Т. І. С. 443 – 444). Як паказалі падзеі, тым самым было пакончана з рэшткамі антырабочага заканадаўства аб працы перадваеннага ці ваеннага часу.
Такі вектар заканатворчасці быў настолькі неардынарным, што ЦК КПСС, Савет Міністраў СССР і ВЦСПС 16 мая 1956 г. звярнуліся да падведамасных арганізацый, кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў, да ўсіх рабочых і служачых не перабольшваць у барацьбе з парушальнікамі працоўнай дысцыпліны (прагульшчыкамі, летунамі, гультаямі і рвачамі) “значэння мерапрыемстваў адміністрацыйнага характару”. Прызнавалася мэтазгодным узняць узровень выхаваўчай работы, пашырыць прымяненне мер “грамадскага ўздзеяння”, выкарыстанне таварыскіх судоў, павысіць якасць “усёй гаспадарчай дзейнасці прадпрыемстваў і будоўляў”, сістэматычнага “стварэння нармальных вытворчых і культурна-бытавых умоў”. У пісьме адзначалася, што “ўмацаванне свядомай працоўнай дысцыпліны і барацьба з яе парушальнікамі ёсць кроўная справа саміх працоўных” (КПСС в резолюциях и решениях… Т. 9. С. 102–104).
Састарэлыя правілы разгляду вытворчых канфліктаў 1928 г. былі заменены Палажэннем аб парадку разгляду працоўных спрэчак, зацверджанага Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 31 студзеня 1957 г. У адпаведнасці з ім працоўныя спрэчкі падлягалі разгляду ў народным судзе, як правіла, пасля разгляду іх у камісіях па працоўных спрэчках і фабрычна-завадскімі камітэтамі прафсаюзаў (Ведомости Верховного Совета СССР. 1957. № 4. Ст. 58; Хвостов А. М. Роль профсоюзов и советского суда в охране трудовых прав рабочих и служащих // Сборник научных трудов. Вып. II. Вопросы государства и права БССР. Мн., 1959. С. 75 – 76). Гэтыя змяненні 15 мая 1959 г. Прэзідыумам Вярхоўнага Савета БССР былі ўключаны ў Кодэкс законаў аб працы Беларускай ССР (Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской. 1938 – 1967 гг. Т. І. С. 447 – 453).
Імкненне да дэмакратызацыі дзяржаўнага жыцця знайшло вырашэнне ў мерах, накіраваных на павышэнне ролі Саветаў. У студзені 1957 г. ЦК КПСС прыняў пастанову “Аб паляпшэнні дзейнасці Саветаў дэпутатаў працоўных і ўзмацненні іх сувязяў з масамі” (КПСС в резолюциях и решениях… Т. 9. С. 156–166). Яна спрыяла развіццю прававой дзейнасці Саветаў, у тым ліку у саюзных рэспубліках. У кастрычніку 1957 і чэрвені 1958 гг. Вярхоўны Савет БССР зацвердзіў палажэнні аб сельскім, пасялковым, раённым і гарадскім Саветах дэпутатаў працоўных (Збор законаў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (ЗЗ БССР). 1957. № 10. Арт. 243; Там жа. 1958. № 6. Арт. 92). Яны былі накіраваны на паляпшэнне дзейнасці мясцовых органаў улады ў вырашэнні пытанняў гаспадарчага і сацыяльна-культурнага будаўніцтва. У тым ліку на ўдзел іх у каардынацыі распрацоўкі і кантролі выканання гадавых і перспектыўных вытворчых планаў прадпрыемствамі сельскагаспадарчага профілю, у распрацоўцы планаў жыллёвага, сацыяльна-культурнага будаўніцтва і добраўпарадкавання, ажыццяўляемых непадведамаснымі прадпрыемствамі, установамі і арганізацыямі, размешчанымі на тэрыторыі Савета.
У адпаведнасці з Законам СССР ад 25 снежня 1958 г. “Аб адмене пазбаўлення выбарчых правоў па суду” 27 снежня Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР адмяніў прымяненне пазбаўлення выбарчых правоў па суду ў якасці меры крымінальнага пакарання. Да таго ж усе асобы, асуджаныя судамі рэспублікі да пазбаўлення выбарчых правоў, былі вызвалены ад гэтага пакарання. 29 снежня Прэзідыум Вярхоўнага Савета рэспублікі ўнёс адпаведныя змены ў артыкулы 2, 14 і 21 Палажэння аб выбарах у мясцовыя Саветы (Ведомости Верховного Совета СССР. 1959. № 1. Ст. 7; Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР. 1938 – 1967 гг. Т. ІІ. С. 110; Очерки истории государства и права БССР. Вып. 2. С. 212).
У снежні 1958 г. Вярхоўным Саветам СССР былі прыняты таксама Асновы крымінальнага заканадаўства Саюза ССР і саюзных рэспублік, законы аб крымінальнай адказнасці за дзяржаўныя, воінскія злачынствы і іншыя заканадаўчыя акты (Ведомости Верховного Совета ССР. 1959. № 1. Ст. 6, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15). У іх побач з замацаваннем тэндэнцыі на паслабленне цэнтралізацыі ў заканатворчасці атрымаў далейшае развіццё прынцып гуманнасці. У тым ліку шляхам значнага звужэння кола асоба бяспечных дзяржаўных злачынстваў у параўнанні з раней дзеючым Палажэннем аб дзяржаўных злачынствах (1927). З пераліку пакаранняў выключаліся найбольш антыгуманныя нормы: выдаленне за межы СССР, паражэнне ў палітычных правах па суду, “контррэвалюцыйныя злачынствы”, “абвяшчэнне ворагам народа”. Калі раней судзімасці маглі гасіцца толькі па нязначных злачынствах, то цяпер дапускалася рэабілітацыя па ўсіх іх відах. Агалошана адмова ад прынцыпу аналогіі. Забаронена звяртацца да пагроз і насілля для атрымання прызнання. Пакаранне магло прымяняцца толькі па прыгавору суда на аснове закона.
Важнае значэнне ва ўмацаванні аховы правоў мела абмежаванне прымянення смяротнай кары. Асновы крымінальнага заканадаўства 1958 г. (потым і Крымінальны кодэкс БССР) дапускалі яе прымяненне як выключнай меры пакарання за асабліва цяжкія злачынствы (здрада Радзіме, шпіянаж, дыверсію, тэрарыстычны акт, бандытызм, наўмыснае забойства пры абцяжарваючых абставінах, спецыяльна прадугледжаных заканадаўствам). Прычым не маглі быць прыгавораны і падвергнуты смяротнай кары асобы, якія не дасягнулі да здзяйснення злачынства 18 гадоў, і жанчыны, якія знаходзіліся ў цяжарным стане падчас здзяйснення злачынства, да моманту вынясення ці выканання прыгавору (арт. 22) (Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской. 1938–1967 гг. Т. П. С. 22–23, 109).
Але побач з гуманізацыяй, змякчэннем адказнасці за менш бяспечныя парушэнні законнасці ў праве гэтага часу праяўлялася і адваротная ёй тэндэнцыя: узмацненне кары за цяжкія злачынствы. У прыватнасці, пашыралася прымяненне такой меры пакарання, як смяротная кара. У красавіку 1954 г. яна была распаўсюджана і на асоб, якія здзейснілі наўмыснае забойства пры абцяжарваючых абставінах (Ведомости Вер-ховного Совета СССР. 1954. № 11. Ст. 221; Шкурко В. А. Вопросы нака-зания в новом уголовном законодательстве // Сборник научных трудов. Вып. ІІ. Вопросы государства и права БССР. С. 9).
11 студзеня 1955 г. Прэзідыумам Вярхоўнага Савета БССР была ўстаноўлена крымінальная адказнасць за наўмысныя патравы пасеваў і пашкоджанні насаджэнняў у калгасах і саўгасах (арт. 6) (Ведомости Верховного Совета СССР. 1955. № 1. Ст. 4). Хаця існуе думка, што пры захаванні законаў са значнымі мінімальнымі санкцыямі судовыя органы ўсё больш актыўна выкарыстоўвалі пакаранне ніжэй за ніжэйшую мяжу, або ўмоўнае асуджэнне (Очерки истории государства и права БССР. Вып. 2. С. 248).
Адпаведна пастанове ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР ад 6 сакавіка 1956 г. “Аб Статуце сельскагаспадарчай арцелі і далейшым развіцці ініцыятывы калгаснікаў у арганізацыі калгаснай вытворчасці і кіраванні справамі арцелі”, у цэлым накіраванай на пашырэнне слабай калгаснай дэмакратыі, працадзень замацоўваўся не толькі як норма кантролю працоўнай павіннасці, але і памеру зямельнага прысядзібнага надзелу (участка) калгаснага двара. У выпадку калі працаздольныя члены калгаснай сям’і або пастаянных рабочых МТС, якія жылі ў калгасе, не выпрацоўвалі ў калгасе ўстаноўленага мінімуму працадзён, то такія калгасныя двары павінны былі мець паменшаныя памеры прысядзібных участкаў. Пры гэтым пастанова забараняла павялічваць памеры прысядзібных участкаў за кошт грамадскіх зямель і нават рэкамендавала скарачаць іх. Пастанова замацоўвала прынцып на абмежаванне колькасці хатняй жывёлы для асабістага карыстання, “з улікам мясцовых умоў” (КПСС в резолюциях и решениях… Т. 9. С. 95–96). 27 жніўня пастановай Савета Міністраў СССР трымальнікам асабістай жывёлы забаранялася выкарыстоўваць у якасці кармоў хлеб, крупы і іншыя прадукты з дзяржаўных і кааператыўных магазінаў. Ва ўмовах адсутнасці іншых легальных крыніц забеспячэння асабістай гаспадаркі кармамі (акрамя сенакосу і агароду) гэта пастанова, у цэлым слушная, калі не лічыцца з канкрэтнай сітуацыяй, ставіла селяніна ў тупік. Яму даводзілася або парушаць толькі што прынятую пастанову, або скарачаць колькасць жывёлы ў сваёй гаспадарцы (История России. ХХ век. М., 1998. С. 525).
Захаванне ў заканадаўчых актах норм крымінальнага пакарання за антысавецкую агітацыю і прапаганду не спрыяла развіццю дэмакратычных настрояў у грамадстве, пашырэнню ўзаемаразумення паміж народамі свету.
Пры ўсім тым ажыццёўленыя крокі па абнаўленні заканадаўства і правапарадку не толькі ўстаранялі істотныя недахопы кіраўніцтва і факты безадказнасці, але і вызначалі напрамкі работы па сістэматызацыі і кадыфікацыі права.

4. УЗМАЦНЕННЕ ПРАВАВОГА ЗАБЕСПЯЧЭННЯ РЭАБІЛІТАЦЫІ ПАЦЯРПЕЛЫХ

Пацвярджэнне ХХ з’ездам КПСС раней вызначанай лініі на вяртанне да “сацыялістычнай законнасці” шляхам падняцця заслоны над сталінскай рэпрэсіўнай машынай паскорыла перагляд старых абвінавачанняў, што павялічыла маштабы рэабілітацыі. Тут вялікую ролю адыгралі створаныя спецыяльныя камісіі, якія пераглядалі такія справы ў месцах зняволення і ссылак. Нельга не ўлічваць і актывізацыі работы па змяненні заканадаўства ў напрамку абмежавання практыкі выкарыстання метадаў крымінальных рэпрэсій.
У мэтах скарачэння часу па вывучэнні спраў несудовых органаў пастанова ЦК КПСС ад 19 сакавіка 1956 г. “Аб разглядзе спраў на асоб, адбываючых пакаранне за палітычныя, службовыя і гаспадарчыя злачынствы” прадугледжвала перагляд спраў на асуджаных за контррэвалюцыйныя злачынствы ў несудовым парадку. Гаворка ідзе аб паўнамоцтвах спецыяльных камісій з ліку партыйна-савецкіх работнікаў пры ўдзеле спецыялістаў з суда, пракуратуры, МУС і КДБ, якія накіроўваліся ў месцы зняволення і ссылак, у кампетэнцыю якіх уваходзіў перагляд рашэнняў, прынятых несудовымі органамі.
Заканадаўчае замацаванне галоўныя палажэнні гэтай пастановы атрымалі ў аднайменным Указе Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка таго ж года. Пры гэтым камісіі былі надзелены правам прымаць канчатковыя рашэнні аб вызваленні неабгрунтавана пацярпелых і грамадзян, асуджаных па палітычных матывах, далейшае ўтрыманне якіх пад вартай не было неабходным. Паўнамоцтвы рашэнняў камісій па рэабілітацыі былі пацверджаны Пастановай Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР “Аб парадку перагляду судовымі органамі крымінальных спраў на асуджаных, у адносінах да якіх былі прыняты рашэнні каміссіі Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР”. У адпаведнасці з ёй, як паказаў аналіз, судовыя органы надзяляліся правам пераглядаць у парадку нагляду крымінальныя справы асуджаных, у якіх адкрыліся новыя абставіны, у адносінах да якіх адбыліся рашэнні камісій аб вызваленні ці зніжэнні тэрмінаў пакарання. Паказальна і тое, што пастанова не дапускала перагляду ў судовым парадку крымінальных спраў па абвінавачванні грамадзян, прызнаных камісіямі Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР неабгрунтавана асуджанымі. Прадугледжаны гэтымі актамі рэгламент рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій 30–50-ых гадоў быў вызначальным у прававой базе да сярэдзіны 80-ых гадоў (Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20–50-ых гадоў на Беларусі. С. 141–142).
Змякчэнне рэпрэсіўнага ўхілу ў заканадаўстве ў спалучэнні з правядзеннем адзінай судовай практыкі і судовай палітыкі спрыялі палягчэнню пражывання спецперасяленцаў у аддаленых раёнах (Сярэдняй Азіі, Казахстане, Сібіры, Якуціі, на Сахаліне, у Запаляр’і). Восенню 1956 г. папраўча-працоўныя лагеры былі рэарганізаваны ў калоніі.
З мэтай замацавання прынцыпу ажыццяўлення правасуддзя на аснове аб’ектыўнага высвятлення следствам і судом усіх абставін справы 19 красавіка 1956 г. Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР былі адменены надзвычайныя пастановы ад 1 снежня 1934 г. і 14 верасня 1937 г. аб выключным (спрошчаным, часта ў несудовым парадку, без удзелу ў разглядзе спраў пракурора і адваката) парадку вядзення спраў аб тэрарызме, шкодніцтве і дыверсіях. З улікам гэтага Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР у чэрвені 1956 г. выключыў з Крымінальна-працэсуальнага кодэкса БССР артыкулы 96-б, 240-а, 281-а, 448-а і змяніў дыспазіцыі арт. 442 і 454. Так было пакончана са спрошчаным парадкам вытворчасці па справах аб тэрарыстычных актах і тэрарыстычных арганізацыях, шкодніцтве і дыверсіях. Да таго ж устанаўліваўся адзіны парадак судаводства па крымінальных справах, незалежна ад кваліфікацыі злачынства і падсуднасці справы таму ці іншаму суду, што рэзка абмежавала папаўненне турмаў і лагерных зон (Ведомости Верховного Совета СССР. 1956. № 9. Ст. 193; Очерки истории государ-ства и права БССР. Вып. 2. С. 255; История государства и права Бело-русской ССР. Т. 2. С. 400).
Разам з тым працэсу рэабілітацыі ахвяр сталінскага рэжыму на аснове перагляду крымінальных і палітычных спраў было нададзена, як кажуць, другое дыханне. Хаця аб канкрэтных яго маштабах судзіць цяжка – крыніцы даюць розныя лічбы. Калі за 1953–1955 гг. па СССР было рэабілітавана ад 8 да 16 тыс. чалавек, то за 1956–1959 гг. 90 спецкамісій рэабілітавалі 250 тыс. грамадзян, у асноўным пасмяротна (у цэлым колькасць палітычных вязняў скарацілася ў 40,7 раза) (Семененко В. І., Радченко Л. О. Історія Украіни з прадавніх часів до сьогодення. Харків, 2000. С. 456). Калі за першую палову 1954 г. Вярхоўны суд БССР перагледзеў толькі некалькі дзесяткаў спраў грамадзян, якія адбывалі пакаранне пераважна за “контррэвалюцыйныя злачынствы”, то за другую палову 1956 – першую палову 1961 г. – разгледзеў звыш 30 тыс. спраў і рэабілітаваў каля 40 тыс. жыхароў Беларусі. З улікам работы пленумаў Вярхоўнага суда СССР і ваенна-судовых органаў (ваеннай пракуратуры, ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР, ваеннага трыбуналу Беларускай ваеннай акругі) за 1954–1961 гг. у рэспубліцы было рэабілітавана не менш 62 тыс., асуджаных несудовымі і судовымі органамі. Сярод рэабілітаваных пераважалі кіруючыя партыйныя, савецкія і ваенныя кадры, пакараныя несудовымі органамі (рашэннямі “асобых нарад”, “троек”) у 1937–1938 гг. Прычым найбольш значнымі тэмпамі рэабілітацыя адбывалася на працягу 1956–1958 гг. (56, 5 % ад усёй колькасці рэабілітаваных жыхароў Мінска і Мінскай вобласці на працягу 1955–1963 гг.) (Гл.: Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20–50-ых гадоў на Беларусі. С. 15, 142).
Адначасова працягвалася амністыя ўсіх былых ваеннапалонных, якія былі інтэрніраваны па вяртанні на Радзіму. Да таго ж у 1956–1957 гг. на аснове сфарміраванай заканадаўчай базы па пытаннях рэабілітацыі многія народы, дэпартаваныя ў 1944–1945 гг., былі пазбаўлены агульных абвінавачанняў, частка з іх па вяртанні на гістарычную радзіму аднавіла дзяржаўнасць (Ведомости Верховного Совета СССР. 1957. № 4. Ст. 78). У выніку скарачалася сетка лагераў ГУЛАГа. Практычна сістэма палітычных рэпрэсій сталінскага праўлення, лагераў і прымусовых пасяленняў была ліквідавана. Пры гэтым да пачатку 60-х гадоў органы КДБ і пракуратуры перагледзелі справы на 5,5 млн грамадзян, якія знаходзіліся на ўліку рэпрэсіўных структур. Зняўшы з уліку 58 %, улада фактычна рэабілітавала гэтых людзей (Семененко В. І., Радченко Л. О. Історія Украіни з прадавніх часів до сьогодення. С. 456).
Аднак працэс рэабілітацыі нявінна асуджаных быў далёкі да завяршэння. За 1956 – 1962 гг. з агульнай колькасці палітычна рэпрэсіраваных жыхароў Мінска, Мінскай і Віцебскай абласцей у 1920-ыя – пачатку 50-ых гадоў было рэабілітавана 27, 3 % да ўсіх рэабілітаваных на працягу 1955 – 1994 гг. Выходзіць, гэта была параўнаўча невялікая група пацярпелых. Больш таго, не ўсе ахвяры рэабілітаваліся поўнасцю. Не да канца справядліва ацэнены былі А. Баліцкі, Л. Геніюш, Д. Жылуновіч, В. Ластоўскі, І. Лёсік, С. Некрашэвіч, Д. Прышчэпаў, А. Смоліч і інш. У гэтым, думаецца, адна з прычын сутнаснай характарыстыкі дадзенай хвалі рэабілітацыі як сарамлівай. Былыя паплечнікі І. Сталіна, якія заставаліся на вяршыні піраміды ўлады, далей не маглі пайсці. Іначай самім трэба было несці адказнасць за злачынствы. Да таго ж працягвалі дзейнічаць службы палітычнага вышуку ў інтарэсах вызначэння палітычнай спеласці будаўнікоў камуністычнага грамадства.
Юрыдычная рэабілітацыя, як ужо адзначалася, суправаджалася аднаўленнем грамадзянскіх правоў, у тым ліку партыйнага стажу (за выключэннем пераважна былых трацкістаў). Навідавоку сталі прозвішчы тых, каго доўга баяліся ўзгадваць публічна, і працы забытых аўтараў (як праціўнікаў нарошчвання абаротаў “чырвонага кола” рэпрэсіўнай машыны, так і самых заўзятых арганізатараў масавых рэпрэсій).
Нягледзячы на абмежаванасць ужытых мер па разбурэнні негатыўнай спадчыны сталінскай эпохі, яны спынілі масавыя рэпрэсіі і надалі працэсу рэабілітацыі масавы характар, вывелі краіну на шлях пераходу ад таталітарызму да лібералізму. Ужо на пачатак другой паловы 50-ых гадоў савецкія юрысты ў імя “ўмацавання сацыялістычнай законнасці” шмат у чым адмовіліся ад традыцый сталінскага часу. Прадпрынятыя дзеянні не толькі ўстаранялі недахопы былога кіраўніцтва і факты яго безадказнасці, асвечаныя адпаведным заканадаўствам, але вызначылі напрамкі паглыблення дэмакратычных рысаў права, выявілі патрэбнасць развіцця тэндэнцыі пашырэння сферы прымянення права, сістэматызацыі і кадыфікацыі яго. Іншая справа, як удалося замацаваць распачаты працэс.
Праведзеная пасля 1953 г. лібералізацыя прававой сістэмы абнадзейвала. Хаця па свайму характару яна была неадназначнай, абмежаванай. Пры гэтым яна прывяла, з аднаго боку, да надлому акасцянелых канструкцый, з другога – да ўскладнення супярэчнасцей у грамадска-палітычным жыцці, страты часткай людзей займаемых пасад, пастаяннага месца жыхарства і… загасання рэабілітацыі. Але гэта тэма асобнай размовы.
У цэлым можна адзначыць, што для развіцця права разглядаемага перыяду характэрна:
1) дэмакратызацыя, у тым ліку ў напрамку прыцягнення грамадскасці да барацьбы з правапарушэннямі і звужэння сферы крымінальнай адказнасці за дзеянні; змякчэння клімату страху;
2) пашырэнне сферы прымянення права;
3) высокая ступень дынамізму;
4) накіраванасць да сістэматызацыі і кадыфікацыі дзеючага заканадаўства;
5) грунтаванне заканадаўства Беларускай ССР, як і іншых саюзных рэспублік, на агульнасаюзных актах.
Гэтыя тэндэнцыі праявіліся пад уплывам тых задач, якія вызначаліся правячай камуністычнай партыяй у сацыяльна-эканамічнай, палітычнай і іншых сферах грамадскага жыцця адносна федэратыўнага Саюза ССР.
Грунтоўнае асэнсаванне выкладзеных праблем дазваляе зразумець сутнасць крызісу, які ахапіў грамадства і павысіў сацыяльную напружанасць не толькі на пачатку 50-ых гадоў, але і на мяжы 50 – першай паловы 60-ых гадоў.
У той жа час ёсць падставы меркаваць: назапашаны вопыт заканатворчасці па лібералізацыі прававых адносін, пашырэнні правоў суб’ектаў федэрацыі высвеціў тыя арыенціры, якія напаўняюцца больш поўным рэальным зместам у Рэспубліцы Беларусь.

* * *
31 метад псіхалагічнага і фізічнага ўздзеяння на падследных з мэтаю прымусіць іх прызнаць сваю “віну” перад савецкай дзяржавай падрабязна разгледзеў А. І. Салжаніцын у кнізе (Архіпелаг ГУЛАГ, 1918–1956: Вопыт мастацкага даследавання: У 3 т. М. ; Мн., 1990–1991). Аб прымяненні вытанчаных, садысцкіх катаванняў і маральных здзекаў пры вядзенні допытаў расказаў у кнізе ўспамінаў (Звон мой – праўда. Мн., 1989) і былы дзяржаўны дзеяч БССР А. Ф. Кавалёў, які ў 1939 г. быў арыштаваны органамі НКУС. Яшчэ ў 1930-ыя гады беларускі літаратар Ф. К. Аляхновіч напісаў кнігу (У капцюрах ГПУ. Мн., 1994), у якой адлюстраваны тэорыя і практыка сталінскага рэжыму. Лёс спецперасяленцаў, у тым ліку з Беларусі, прасочаны Э. А. Каспяровічам (Спецперасяленцы. Мн., 1991). Сутнасць механізму рэпрэсій і яго эвалюцыя ў эпоху сацыялізму асэнсаваны ў кнізе А. М. Сарокіна (На ростанях айчыннай гісторыі. Беларуская вёска: Ад Дэкрэта да Кодэкса аб зямлі (1917–1990-ыя гады. Мн., 1999). Эпічнай панарамай выяўлення рэальных падзей на Беларусі ў дваццатым стагоддзі з’яўляецца раман В. Ц. Якавенкі “Надлом” (Мн., 2003).
Зразумела, гэтыя і падобныя ім работы – не зборнікі нарматыўных прававых актаў, якія з’яўляюцца лепшым матэрыялам для вывучэння пытанняў тэмы. Аднак знаёмства з імі мэтазгодна для больш поўнага ўяўлення таго, ад якой спадчыны прыходзілася адмаўляцца.

ЛІТАРАТУРА

Асноўная
1. Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20 – 50-ых гадоў на Беларусі. – Мн., 1994.
2. Васілевіч Р. А., Доўнар Т. І., Юхо І. А. Гісторыя канстытуцыйнага права Беларусі. – Мн., 2001.
3. История государства и права Белорусской ССР: В 2 т. – Мн., 1976. Т. 2. 1937 – 1975.
4. Очерки истории государства и права БССР. – Мн., 1969. Вып. 2.
5. Органы государственного управления Белорусской ССР (1919 – 1967). – Мн., 1968.
6. Круталевич В. А. Административно-территориальное устройство БССР. – Мн., 1966.
7. Мартинович И. И. История суда в Белорусской ССР (1917 – 1960). – Мн., 1961.
8. Сарокін А. М. На ростанях айчыннай гісторыі. Беларуская вёска: Ад Дэкрэта да Кодэкса аб зямлі (1917 – 1990-ыя гады). – Мн., 1999.
9. Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР. 1938 – 1967 г.: В 2 т. – Мн., 1968 – 1969.

Дадатковая
1. История Советской Конституции (в документах). 1917 – 1956. – М., 1957.
2. Верховный Совет Республики Беларусь: история и современ-ность (1923 – 1998). – Мн., 1998.
3. Мартинович И. И., Пастухов М. И. Судебно-правовая в Республике Беларусь. – Мн., 1995.
4. Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Вер-ховного Совета Белорусской ССР. 1938 – 1955гг. – Мн., 1956.

ГЛАСАРЫЙ

Паняцце Сэнс паняцця
Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўладкаванне Падзел тэрыторыі дзяржавы на пэўныя часткі (вобласці, краі, правінцыі, раёны, гарады, раёны горада, пасёлкі, сельскія населеныя пункты), у адпаведнасці з якімі будуецца і функцыянуе сістэма органаў дзяржаўнай улады і мясцовага самакіравання.
Анімстыя Сукупнасць мер, накіраваных на поўнае або частковае вызваленне ад пакарання асоб, якія здзейснілі злачынствы, або на замену гэтым асобам назначанага судом пакарання больш мяккім. Ажыццяўляецца актам вярхоўнай улады ў адносінах пэўнага кола асоб.
Дыспазіцыя Вызначальная частка прававой нормы, якая ўтрымлівае найменне злачынства, яго прыкметы і г. д.
Законнасць Неабходная ўмова ўзнікнення і функцыянавання прававога парадку, адзін з прынцыпаў апошняга
Інтэрніраванне Асобы рэжым абмежавання свабоды (пасяленне ў пэўнай мясцовасці і г. д.); ізаляцыя, арышт каго-небудзь
Несудовыя (пазасудовыя) органы Дзяржаўныя органы ў СССР і саюзных рэспубліках, надзеленыя ў неканстытуцыйным парадку правам ажыццяўлення рэпрэсіўных мер без прытрымлівання крымінальна-працэсуальных норм
Праваахоўныя
органы Сукупнасць дзяржаўных органаў, асноўнымі функцыямі якіх з’яўляецца ахова законнасці, барацьба са злачыннасцю і іншымі правапарушэннямі (звычайна суд, пракуратура, органы юстыцыі, унутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі, арбітражу)
Прававая сістэма (сістэма права) Дзяленне права на ўнутрана ўзгодненыя нормы, якія рэгулююць пэўныя галіны і інстытуты права
Прававы парадак Замацаваны нормамі права парадак рэгулявання грамадскіх адносін
Правасуддзе Разнавіднасць дзяржаўнай дзейнасці, якая ажыццяўляецца судамі ва ўстаноўленым законам парадку
Рэабілітацыя Аднаўленне грамадзяніна (па суду або ў адміністрацыйным парадку) у правах

ТЭСТ

1. Адкажыце, калі было пакончана са спрошчаным парадкам вытворчасці па справах аб палітычным тэрарызме?

1. 1953 г.; 2. 1954 г.; 3. 1955 г.; 4. 1956 г.; 5. 1957 г.; 6. 1958 г.;

2. Да якіх вынікаў прывяло пашырэнне правоў саюзных рэспублік у галіне адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення:
2.1. Надзялення аблвыканкомаў Саветаў правам вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення ў межах вобласці.
2.2. Перадачы ў кампетэнцыю БССР практычна ўсіх пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення.
2.3. Скасавання гарадоў.
2.4. Ускладнення парадку змянення ў межах вобласці граніц раёнаў.

3. Назавіце галоўныя прычыны лібералізацыі заканадаўства ў 1953 – 1958 гг.
3.1. Адсутнасць дзейснага партыйна-дзяржаўнага кіраўніцтва работай праваахоўных органаў.
3.2. Негатыўныя з’явы ў дзейнасці органаў дзяржаўнага кіравання.
3.3. Недахоп норм права, якія забеспечвалі ахову правапарадку.
3.4. Усведамленне палітычнай элітай краіны бесперспектыўнасці ады-ходу ад сусветна прызнанага прыярытэту правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.
3.5. Уступка руху праваабаронцаў.

4. Назавіце час утварэння ў БССР Урадавай камісіі па падрыхтоўцы новых кодэксаў.
1. 1953 г.; 2. 1954 г.; 3. 1955 г.; 4. 1956 г.; 5. 1957 г.; 6. 1958 г.;

5. Пазначце, калі была адменена крымінальная адказнасць рабочых і служачых за самавольнае пакіданне працы, прагулы, дэзэрцірства; невыпрацоўку абавязковага мінімуму працадзён у калгасах:

1. 1953 г.; 2. 1954 г.; 3. 1955 г.; 4. 1956 г.; 5. 1957 г.; 6. 1958 г.

6. У чым выявілася выкарыстанне прававога механізму, які развіваўся з канца 1920-ых гадоў?
6.1. Бяспраўі ў законе.
6.2. Крайнім цэнтралізме ў сферы заканатворчасці з боку саюзнай дзяржавы на шкоду атрыбутаў дзяржаўнасці саюзных рэспублік.
6. 3. Неабмежаванай дымакратыі.
6.4. Прыярытэце класавых інтарэсаў над агульначалавечымі каштоўнасцямі.
6.5. Эпізадычных памылках і злачынствах апарату органаў дзяржаўнага кіравання.

7. Удакладніце, калі страцілі сілу нормы закона СССР “Аб судовым ладзе СССР, саюзных і аўтаномных рэспублік” ад 16 жніўня 1938 г.:

1. 1953 г.; 2. 1954 г.; 3. 1955 г.; 4. 1956 г.; 5. 1957 г.; 6. 1958 г.;

8. Які заканадаўчы акт замацаваў палажэнне аб адмене судовай адказнасці калгаснікаў і іншых груп працоўных за невыкананне абавязковых паставак сельгаспрадуктаў дзяржаве?
8.1. Закон СССР “Аб далейшым развіцці калгаснага ладу і рэарганізацыі машынна-трактарных станцый” (1958).
8.2. Пастанова ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР “Аб адмене абавязковых паставак сельскагаспадарчых прадуктаў дзяржаве гаспадаркамі калгаснікаў, рабочых і служачых” (1957).
8.3. Пастанова ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР “Аб мерах па ўздыму сельскай гаспадаркі Беларускай ССР” (1957).
8.4. Пастанова ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР “Аб Статуце сельскагаспадарчай арцелі і далейшым развіцці ініцыятывы калгаснікаў у арганізацыі калгаснай вытворчасці і кіраванні справамі арцелі” (1956).

ТРЭНІНГ

1. Адкажыце, што знаходзілася ў цэнтры ўвагі пры перабудове судовай сістэмы рэспублікі?
2. Ахарактарызуйце вынікі пашырэння заканадаўчых правоў саюзных рэспублік.
3. Дайце характарыстыку асноўных тэндэнцый развіцця права БССР у 1953 – 1958 гг.
4. Назавіце органы, якія выносілі абвінавачванні пацярпелым пры спрошчаным працэсе следства падчас масавых рэпрэсій канца 20 – пачатку 50-ых гадоў.
5. Раскажыце аб асноўных напрамках развіцця права рэспублікі ў 1953 – 1958 гг.
5. У чым сутнасць размежавання кампетэнцыі Саюза ССР і саюзных рэспублік у сферы рэгулявання праваадносін і ажыццяўлення правасуддзя ў разглядаемы перыяд?

ЗМЕСТ

УВОДЗІНЫ 3

ДЗЯРЖАЎНАСЦЬ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ Ў РАННІМ СЯРЭДНЯВЕЧЧЫ (IX – ПЕРШАЯ ПАЛОВЕ XIII ст.)
5
АНАТАЦЫЯ 5
ТЭМАТЫЧНЫ ПЛАН 5
1. Канцэптуальныя падыходы да паходжання беларускай дзяржаўнасці
5
2. Першыя раннефеадальныя дзяржаўныя ўтварэнні на беларускіх землях 9
3. Грамадска-палітычнае развіццё земляў-княстваў 11
а) Асноўныя рысы грамадскага ладу 11
б) Палітычны лад. Сістэма органаў улады, іх кампетэнцыя 12
ЛІТАРАТУРА 15
ГЛАСАРЫЙ 15
ТЭСТ 16
ТРЭНІНГ 17

РАННЕФЕАДАЛЬНАЕ ПРАВА НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ 18
АНАТАЦЫЯ 18
ТЭМАТЫЧНЫ ПЛАН 18
1. Крыніцы права ранняга сярэднявечча 18
2. Асноўныя рысы раннефеадальнага права 21
3. Характарыстыка помнікаў пісанага права 24
4. Міжнародныя дагаворы як крыніца права 26
5. Судаводства 27
ЛІТАРАТУРА 29
ГЛАСАРЫЙ 29
ТЭСТ 30
ТРЭНІНГ 30

ПАДЗЕЛЫ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ 31
АНАТАЦЫЯ 31
ТЭМАТЫЧНЫ ПЛАН 31
1. Крызісы Рэчы Паспалітай напярэдадні перамен 31
2. “Дысідэнцкае пытанне” і першы падзел Рэчы Паспалітай 35
3. Другі і трэці падзелы 38
4. Прававая ацэнка падзелаў Рэчы Паспалітай 43
ЛІТАРАТУРА 45
ГЛАСАРЫЙ 46
ТЭСТ 47
ТРЭНІНГ 48

ЗАХОДНЯЯ БЕЛАРУСЬ У СКЛАДЗЕ ІІ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ: ПРАВАВЫ СТАТУС (1921 – 1939 гг.). УЗ’ЯДНАННЕ З БЕЛАРУСКАЙ ССР
49
АНАТАЦЫЯ 49
ТЭМАТЫЧНЫ ПЛАН 49
1. Рыжскі мірны дагавор і сутнасць сапраўднага статуса Заходняй Беларусі 49
2. Органы ўлады і кіравання: вышэйшыя і мясцовыя 51
3. Нацыянальна-вызваленчы рух 53
4. Міждзяржаўныя дамоўленасці СССР і Германіі аб размежаванні “сферы інтарэсаў”
54
5. Часовыя органы кіравання ў Заходняй Беларусі і ўз’яднанне тэрыторыі Беларусі
54
6. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа і стварэнне мясцовых органаў савецкай улады ў заходніх абласцях
55
ЛІТАРАТУРА 57
ГЛАСАРЫЙ 58
ТЭСТ 59
ТРЭНІНГ 60

ДЗЯРЖАВА І ПРАВА БЕЛАРУСКАЙ ССР ВА ЎМОВАХ АЖЫЦЦЯЎЛЕННЯ СПРОБ ДЭМАКРАТЫЗАЦЫІ САВЕЦКАГА ГРАМАДСТВА І АДЫХОДУ АД ІХ (1953 – СЯРЭДЗІНА
1980-ых гг.). ПРАВААХОЎНЫЯ ОРГАНЫ І ПРАВАВАЯ СІСТЭМА БЕЛАРУСІ: 1953 – 1958 гады

61
АНАТАЦЫЯ 61
ТЭМАТЫЧНЫ ПЛАН 61
1. Прычыны, перадумовы, падыходы… 61
2. Рэарганізацыя праваахоўных органаў 66
3. Абнаўленне заканадаўства: галоўныя напрамкі 72
4. Узмацненне прававога забеспячэння рэабілітацыі пацярпелых 82
ЛІТАРАТУРА 87
ГЛАСАРЫЙ 87
ТЭСТ 89
ТРЭНІНГ 90

Вучэбнае выданне

Сарокін Анатоль Мікалаевіч

Старонкі з гісторыі
дзяржавы і права Беларусі

Вучэба-метадычны дапаможнік

Рэдактар Э.Н. Гнеўка
Кампутарная вёрстка В.М. Якубовіч
Карэктар Ю.Ц. Петрыкеева

Падпісана да друку 15.03.2004 г.
Папера афсетная. Гарнітура “Таймс”.
Ум. друк. арк. 5,1. Ул.-выд. арк. 5,87. Тыраж 300. Заказ 392.

Выдавецтва на ТАА «БІП-С» 2001.
220004 Мінск, вул. Караля, 3. Ліцэнзія № 251 ад 18.03.2003 г.

Надрукавана з дыяпазітываў заказчыка
ў друкарні «Ходр» ГА «БелТІЗ».
220004, г. Мінск, вул. Вызвалення, 9.
ЛП № 91 ад 12.12.2002 г.

  •  
Метки текущей записи:
, , , , , , , , , , , , , , , , , , ,
Автор статьи:
написал 5903 статьи.
Комментарии:

Оставьте комментарий!

Вы должны быть авторизированы чтобы оставлять комментарии.