РАННЕФЕАДАЛЬНАЕ ГРАМАДСТВА НА БЕЛАРУСІ. ПЕРШЫЯ ДЗЯРЖАЎНЫЯ ЎТВАРЭННІ НА БЕЛАРУСКАЙ ЗЯМЛІ Ў X – XIII СТ.СТ.
Преподаватель: Сорокин
Курс: 1
Факультет: Юридический
Тип: Лекции по Истории государства и права Беларуси
Раннефеадальнае грамадства на Беларусі. Першыя дзяржаўныя ўтварэнні на беларускай зямлі ў Х – ХІІІ ст.ст.
Сацыяльна-эканамічнае развіцце беларускіх земляў у X – XIII стст.
Протадзяржавы крывічоў і дрыгавічоў утварыліся дзякуючы поспехам у гаспадарчым развіцці гэтых протанародаў, развіццю раннекласавага грамадства.
У галіне апрацоўкі зямлі панавала ворнае земляробства,
але адначасова ў лясных і паўднёвых раёнах шырока распаўсюджана была і падсека. Развівалася папарная сістэма земляробства – двухполле і простае трохполле. Земляробы выкарыстоўвалі больш дасканалыя прылады працы – двухрогую ці шматрогую саху з жалезным наканечнікам і іншымі жалезнымі дэталямі. Наогул, стала відавочна больш жалезных прылад працы, што выкарыстоўваліся ў гаспадарцы. Ураджаі дазвалялі без рызыкі існаваць асобнай малой сям’і. Неабходнасць у захаванні патрыярхальнай родавай абшчыны адпала. Зацвярджалася новая форма грамадскай арганізацыі – сельская суседская абшчына, у аснове існавання якой ляжалі не кроўна-родасныя, а тэрытарыяльныя і эканамічныя сувязі паміж яе членамі. Некалькі побач жывучых сем’яў складалі сяло ці весь. Недалека размешчаныя сёлы складалі абшчыну (мір, верв). Цэнтр такой абшчыны – самае вялікае з сёл, яно звалася пагост.
Адначасова са станаўленнем суседскай абшчыны развівалася паняцце аб прыватнай маёмасці, спачатку на прылады працы, а потым на іншыя сродкі вытворчасці і на атрыманую прадукцыю. Самае галоўнае права ўласнасці – гэта ўласнасць на зямлю. Вылучаецца два шляхі станаўлення прыватнай маёмасці на гэты сродак вытворчасці. Першы – гэта прамы захоп абшчынных зямель князем (вярхоўным кіраўніком дзяржавы), які пачаў лічыцца ўласнікам усей зямлі ў дзяржаве. Другі шлях – гэта захоп абшчыннай зямлі больш заможнымі абшчыннікамі, якія карысталіся цяжкім гаспадарчым становішчам сваіх суабшчыннікаў. Разам з зямлёй у залежнасць да новага класа, што пачаў складвацца, – феадалаў пападалі і сяляне. Але не ўся зямля адразу перайшла ў маёмасць да знаці. Яшчэ некалькі стагоддзяў існавалі дзедзічы – землі, якія знаходзіліся ў спадчынным карыстанні ўсёй абшчыны.
Аднародная маса сялян-абшчыннікаў перастала існаваць. Разам са свабоднымі сялянамі (зваліся людзі) ужо існавалі смерды – залежныя ад феадалаў, закупы – часовазалежныя, да моманту звароту займаных грошай ці прадуктаў (“купы”), радовічы – часовазалежныя, звязаныя з феадалам нейкімі дагаварнымі абавязацельствамі (“рядам”). Была і катэгорыя хатніх рабоў – халопы, чэлядзь. Залежныя сяляне выконвалі павіннасці на карысць феадалаў – натуральны аброк – даніну (прадукцыяй раслінаводства – дзякло, прадукцыяй жывелагадоўлі – мезлева) і адпрацоўвалі паншчыну на зямлі феадала.
Крыніц з’яўлення феадалаў было некалькі. Самы галоўны феадал – гэта кіраўнік дзяржавы – князь. Ён лічыўся ўладаром усёй зямлі дзяржавы. Спачатку князь сам збіраў з насельніцтва княства даніну (палюддзе). Але потым права збору даніны было перададзена самым давераным асобам з дружыны князя – мужам, і гэта атрымала назву “кармленне” (права збору даходаў з воласці). Такім чынам, галоўная крыніца станаўлення класа феадалаў – гэта княжацкая дружына. Другая крыніца – гэта вылучэнне і ўзбагачэнне абшчыннай вярхушкі. Феадалы пасяляліся асобна ад сялян, іх умацаваныя рэзідэнцыі зваліся двор, дом, град.
У гэты перыяд пачалі складвацца асноўныя формы феадальнага землеўладання – вотчынная і памесная. Валоданне зямлёй на правах вотчыны давала права ўладальніку прадаваць, дзяліць, падараваць, перадаваць па спадчыне зямлю разам з сялянамі, што жывуць на ёй. Памесная форма землеўладання прадугледжвала толькі права карыстання маёнткам за службу князю. Продаж, падзел, перадача па спадчыне не дазваляліся. Адначасова развіваліся пераходныя формы землеўладання. Найбольш буйнымі землеўладальнікамі на Беларусі ў той час быў князь, яго дружыннікі – феадалы-баяры і хрысціянская царква (з канца X ст.).
Значныя ўдасканаленні на той час адбыліся ў галіне хатніх промыслаў. Удасканальваецца домніца і сырадутны метад атрымання жалеза, на Беларусі з’яўляецца ганчарнае кола і будуюцца спецыяльныя печы па абпальванню керамікі. Гэта ўсё садзейнічала таму, што чалавек павінен быў больш часу выдзяляць менавіта рамесніцкім заняткам, а ўдасканаліўшы сваю тэхніку, перайсці выключна на вытворчасць рамесніцкай прадукцыі для продажу ці абмену. Першыя рамесніцкія спецыяльнасці, што аддзяліліся ад земляробства (другі вялікі падзел працы пасля аддзялення ад земляробства жывёлагадоўлі), былі кавальская справа, ганчарства, апрацоўка скур і некаторыя іншыя. Наогул, на гэты час іх налічваецца каля 40. Але рамеснікі яшчэ больш прадукцыі выконвалі на заказ, таму што ўнутраны рынак быў вельмі неразвіты, няшмат было пакупнікоў іх прадукцыі.
Адасабленне рамяства ад сельскай гаспадаркі ў сваю чаргу вызвала развіццё пастаяннага ўнутранага гандлю – з’явіліся спецыяльныя месцы, дзе вёўся гандаль – рынкі, таргі. Развіццё гандлёвых адносін з іншымі тэрыторыямі прывяло да з’яўлення на нашай тэрыторыі вялікай колькасці манет. Перыяд IX – X стст. – гэта час распаўсюджвання на Беларусі куфіцкага дырхема (сярэбраная манета Арабскага халіфата). Выкарыстоўваліся ў гандлі як цэлыя манеты, так і часткі (галоўным чынам на мясцовым рынку). Сярэбраныя грошы былі вельмі шырока распаўсюджаны на нашай тэрыторыі. Праз беларускія землі праходзіў “шлях з вараг у грэкі”, што звязваў Заходнюю і Паўночную Еўропу з Візантыяй і арабскім Усходам. У непасрэднай блізкасці ад яго ў 1973 г. быў адкрыты Казьянкаўскі манетны скарб (схаваны каля 940-х гг.), што ўключаў 7588 сярэбраных манет вагай каля 20 кг.
У выніку збяднення радовішчаў срэбра на Ўсходзе галоўнае месца ў грашовай сістэме на беларускіх землях заняў заходнееўрапейскі дынарый (канец X – першая палова XI стст.), але і ён хутка знік з прычыны феадальнага драблення дзяржаў Заходняй Еўропы. У так званы безманетны перыяд (другая палова XI – XIII стст.) у гандлёвых аперацыях выкарыстоўвалі плацёжныя зліткі з серабра (грыўны) ці іх вагавыя часткі.
Менавіта на працягу X – XIII стст. на Беларусі ўтварылася асноўная колькасць нашых старажытнейшых гарадоў. Горад выконваў функцыі: адміністратыўную (ён быў цэнтрам княства ці воласці, там месцілася адміністрацыя); рамесную (у горадзе канцэнтраваліся вытворцы, больш таго, з’явіліся першыя аб’яднанні рамеснікаў – брацтвы); гандлёвую (менавіта ў гарадах знаходзіліся гандлёвыя рынкі – таргі); рэлігійна-культурную (саборы і цэрквы будаваліся ў гарадах, тут засноўвалі манастыры, а пры іх – скрыпторыі па перапісцы кніг і школы); абарончую (дзякуючы моцным абарончым збудаванням, у гарадах хавалася насельніцтва навакольных сёл у час небяспекі). Гарады ўзнікалі на месцы родавых цэнтраў, маглі вырасці з феадальнага замка ці сяла (пры ўмове спрыяльнага геаграфічнага іх знаходжання), ці быць заснаванымі на новым месцы па волі князя. Самым старажытным горадам Беларусі з’яўляецца Полацак – старажытная сталіца крывічоў. Ён упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 862 год. Іншыя нашы гарады ўпершыню ўзгадваюцца: Віцебск – 974 г., Тураў – 980 г., Заслаўль – 988 г., Брэст – 1019 г., Браслаў – 1065 г., Мінск – 1067 г., Друцк – 1078 г., Барысаў – 1102 г., Гародня і Слуцк – 1116 г., Навагрудак – 1117 г.
Старажытныя беларускія гарады мелі ўсталяваўшуюся структуру. Галоўнай часткай горада з’яўляўся дзяцінец – умацаваны цэнтр горада, дзе знаходзілася рэзідэнцыя князя ці яго намесніка. Пад сценамі дзяцінца знаходзілася пасяленне рамеснікаў, гандляроў і іншых гараджан – пасад. Яго маглі таксама абнесці сценамі. Акрамя адміністратыўнага цэнтра – дзяцінца – існаваў і грамадскі цэнтр горада – торг ці рынак. Менавіта тут збіралася веча – агульны сход дарослых мужчын горада і акругі, што вырашаў важныя пытанні.
Такім чынам, на працягу X – XIII стст. у межах шматукладнага грамадства (спалучаліся рысы першабытнаабшчыннага, рабаўладальніцкага і феадальнага грамадстваў) адбылася перамога феадальных адносін. Узнікла феадальная зямельная маёмасць і клас залежных сялян. Адбылося адасабленне рамяства ад сельскай гаспадаркі, у выніку чаго значны штуршок у развіцці атрымаў гандаль, хутка сталі ўзнікаць гарады. Поспехі ў развіцці гаспадаркі спрыялі ўтварэнню першых дзяржаў на нашай тэрыторыі.
Комментариев нет.